Актывісты гэтай арганізацыі плануюць правесці трэнінг у Клімавічах 30 красавіка. Цікава, ці збяруцца клімаўчане, каб паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве?
Асамблея недзяржаўных арганізацый паведаміла, што РГМА “Грамадзянскі форум” правядзе ў Клімавічах 30 красавіка з 18:30 да 21:00 трэнінг па мэдыяпісьменнасьці Youth for You. Да ўдзелу запрашаюцца актыўныя мясцовыя жыхары, якія імкнуцца да самаразвіцця.
На трэнінгу пагавораць пра тое, як чытаць паміж радкоў у газетах. Паспрачаюцца пра тое, ці ёсць абсалютна праўдзівыя крыніцы інфармацыі. Пашукаюць фэйкі ў апошніх навінавых публікацыях. І нават патрэніруюцца быць сапраўднымі журналістамі.
Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца.
Будзе вельмі цікава, ці знойдуцца сярод клімаўчан шмат жадаючых, каб паўдзеньчаць у гэтым мерапрыемстве. Здаецца, што сітуацыя, якая зараз складваецца ў краіне і ў тых жа Клімавічах, не вельмі спрыяе падвышэнню культурнага ўзроўня і ўдзелу ў грамадскіх мерапрыемствах.
Нагадаем, што ў мінулым месяцы ў адзінага клімавіцкага незалежнага журналіста Сяргея Аржанцава прайшоў вобшук. Доблесныя праваахоўнікі ў выніку ператрусу ў Аржанцава так нічога і не знайшлі, і нічога не забралі. Пры гэтым бардак у кватэры пакінулі проста жахлівы.
Чамусьці здаецца, што гэтыя падзеі ніякім чынам не паспрыяюць жаданню клімаўчан далучыцца да медыяпісьменнасці…
Хаця, магчыма, што мы памыляемся.
Рэспубліканская грамадская моладзевая арганізацыя “Грамадзянскі форум” – беларуская зарэгістраваная незалежная моладзевая арганізацыя, якая служыць пляцоўкай для самарэалізацыі і зносін беларускай моладзі. «Грамадзянскі форум» уяўляе сабой самастойную арганізацыю, заснаваную на добраахвотным аб’яднанні грамадзян для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў.
Членам арганізацыі можа стаць грамадзянін ва ўзросце ад 16 да 31 года, пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, які падзяляе яе мэты, прызнае праграму і выконвае патрабаванні яе Статута. Таксама членам арганізацыі з пісьмовага дазволу бацькоў або законных прадстаўнікоў можа стаць грамадзянін, які не дасягнуў паўналецця.
Ірына Беганкіна