Інтэрактыўны арт-праект “THRO. Зліццё твораў мастакоў і прасторы” у галерэі Андрэя Вараб’ёва на думку некаторых экспертаў стаў культурнай падзеяй года для маладога мастацтва ў Магілеве. Руйнуючы звыклыя для мэтраў шаблоны маладыя творцы з рэвалюцыйным запалам спрабуюць заявіць пра сябе і адкрыцца публіцы. Гледачы на гэтым праекце – не гледачы, а саўдзельнікі дзеі.
У прыцемках пятніцы ў галерэі Андрэя Вараб’ёва адкрылася выстава “THRO. Зліццё твораў мастакоў і прасторы”. Мноства маладых людзей больш гадзіны чакалі ў чарзе магчымасці наведаць разрэкламаваны ў сацыяльных сетках арт-праект. Рэклама рэкламай, але чэргі за культурай – нязвыклая для магілеўцаў сітуацыя. Ужо адно гэта вылучае прект з шэрагу іншых культурных падзей.
Атмасфера ўнутры галярэі адпавядала прыцемкам на вуліцы: мігценне падсветкі, прыглушаны свет, яркія зоны над творамі, якія стваральнікі палічылі неабходным вылучыць… Яшчэ і медытатыўная музыка стварала летуценны настрой, адчуванне спакою і зачараванасці.
Адразу, каб не таміць, адзначу, што арт-праект апраўдаў надзеі і кожнаму рэкамендую яго наведаць. Ён будзе адкрыты яшчэ толькі два дні – у суботу і нядзелю. З 15-00 да 18-00 можна паглядзець і паразмаўляць са стваральнікамі гэтай культурнай падзеі, якія распавядуць пра свае задумы і іх выяўленне.
Стваральнікі арт-праекта “THRO. Зліццё тварэнняў мастака і прасторы” – змаглі не толькі прыцягнуць увагу да сябе, але і паспрабавалі пагуляць прасторай галярэі. Яны разбілі агульны квадрат прасторы, у якой на папярэдніх выставах творы мастакоў нярэдка танулі і драбнелі, на мікразоны, кожная з якіх была аддадзена аднаму з маладых аўтараў, дзе ён прадстаўляў сябе.
Арганізатар праекта – культарганізатар Мілена Дабрынская. Яна заявіла пра свае намеры гаспадарам галярэі, атрымала згоду і смела запусціла пост у інтэрнэце, на які адгукнулася 40 творчых асобаў. Паступова іх кола зменшылася да 15, якія і рэалізавалі праект. Для іх натхнення, як яна адзначыла, трэба было даць поўную свабоду самавыказвання маладым творцам, што іх натхніла. “А мне, сціпла адзначае Мілена, – засталося толькі звесці ўсё ў адзінае цэлае.” Галоўная яе выснова – не трэба баяцца, трэба заяўляць пра свае намеры, найперш праз сённяшнія сродкі камунікацыі, і тады аднадумцы і рэсурсы знойдуцца.
Смеласць, свабода, упэўненасць адчуваецца ў агульным настроі і пасыле выставы. Пры гэтым асобныя творцы выглядаюць і сціплымі, і няўпэўненымі а часам папросту разгубленымі ад нечаканых пытанняў, але ўсе разам яны – рухавік новага для Магілева жывога смелага кірунку ў мастацтве.
Нельга сказаць, што ў галярэі сёння прэзентуюцца шэдэўры мастацтва. Прафесійнае вока мастака раскрытыкуе многія працы, дзесьці пабачыць перапеў, а дзесьці шаблон, а дзесьці кальку з вядомага твора ці творчасці мастака. Дакладна яны адзначаць эклектычнасць выставы: тут табе і фатаграфія, і масла, і акварэль, калажы, перформанс, жывыя статуі, фракталы, вершы і г.д. Крытыкаваць, як вядома – не мяхі варочыць. Самі стваральнікі шчыра пра гэта разважаюць, тлумачаць: што, адкуль, з чаго і навошта ім гэта бачыцца менавіта тут, паказваюць зліццё розных мастацкіх кірункаў у адно цэлае…
Не толькі моладзь, але і мэтры магілёўскага мастацтва, звыклыя на выставах аматары высокай культуры наведалі падзею. Леанід Маўчанаў, на правах гаспадара, дапамагаў гасцям з’арыентавацца, а Мілена Дабрынская гасцінна ўсіх сустракала.
Прыемна было назіраць, што тыя, хто прыйшлі, не проста праходзілі па зонах творчасці, а вярталіся назад, хадзілі па колу па некалькі разоў, а потым прыпыняліся і пачыналі абмяркоўваць усе тыя пытанні, якія назапасіліся пасля наталення смагі першых уражанняў, выказвалі свае меркаванні, працягвалі дыскусіі. У магчымасці ўласнага актыўнага ўключэння наведвальніка ў свет выстаўленых прац і гутаркі са стваральнікамі – і ёсць галоўная перавага і асаблівасць такіх праектаў. Гледачы на праекце – не гледачы, а саўдзельнікі дзеі. Было бачна, што народ засумаваў па нечаму такому ў Магілёве.
Алесь Верасень