Галоўная » Роўна дваццаць год таму Хоцімск атрымаў уласны герб

Роўна дваццаць год таму Хоцімск атрымаў уласны герб

22 снежня 2001 года герб Хоцімска быў зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь. Гарадскі сімвал выглядае наступным чынам: у чырвоным поле варажскага шчыта знаходзіцца срэбраны меч дзяржаннем уверх, злева і справа ад яго срэбраныя клямры. Пры распрацоўцы афіцыйнага геральдычнага сімвала мястэчка Хоцімск прыменены шырока распаўсюджаны прыём пераноса прыватнаўласніцкай геральдыкі (ці яе часткі) на сучасныя тэрытарыяльныя гербы. Дарэчы, у ранейшы час мястэчка ўласным гербам ніколі не валодала. 

У XIX ст. мястэчка Хоцімск (сёння афіцыйна пасёлак гарадскога тыпу) належыла Галынскім. Прадстаўнікі гэтага шляхецкага роду валодалі гербам «Клямры»: у чырвоным полі дзве срэбраныя скобы, пакладзеныя ў выглядзе Андрэеўскага крыжа і падабенства абцугоў, якія сыходзяцца ў ніжняй палове родавага сімвала. Аднак галоўнай фігурай герба Галынскіх, безумоўна, з’яўляюцца клямры, якія і трапілі на новаствораны сімвал Хоцімска, аднак у іншым размяшчэнні. 

А вось меч з’явіўся на гербе ў знак вядомай гістарычнай падзеі XVIII ст. – Крычаўскага паўстання пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Яно адбылося ў 1740-1744 гг. і мела антыфеадальныя рысы. Адным з цэнтраў гэтага самага буйнога паўстання ў беларускай гісторыі і быў Хоцімск. Яно пачалося менавіта з падзеяй мая-чэрвеня 1740 г., калі ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата кіраўніка народнага бунта, разбурыў паташныя прадпрыемствы. Ва ўзброеным сутыкненні ў раёне Хоцімска с атрадам адміністрацыі Крычаўскага староства, якое на той час належыла Радзівілам, атрад Кастуся Вашчылы быў разбіты. 

Важна адзначыць, што аўтарам геральдычнага сімвала Хоцімска з’яўляецца гісторык і археолаг Сяргей Рассадзін. 

Алесь Крыжэвіч