Пасля гвалту і тэрору, якія адбываліся 9-12 жніўня па ўсёй Беларусі, у многіх гарадах краіны пачалі масава выходзіць людзі на вуліцы. Жыхары Крычава таксама не засталіся ў баку ад падзеяў і пасля 12 жніўня пачалі пакрысе выходзіць на вуліцы з кветкамі і шарыкамі. Першыя масавыя выхады на вуліцу адбываліся ў раёне т.зв. Мікра, дзе жыве найбольшая колькасць жыхароў горада. Людзі расцягваліся ў доўгі ланцуг каля парка Перамогі, а машыны, якія праязджалі па дарозе часта сігналілі, падтрымліваючы людзей, якія спантанна і нечакана выйшлі на вуліцы горада. Колькасць людзей, якія выходзілі на вуліцы Крычава можна ацаніць у некалькі сотняў чалавек. Крыху пазней, 15 – 16 жніўня, адбыліся адны з самых шматлікіх Маршаў Свабоды – https://www.youtube.com/watch?v=Hq1N4v92NwU, у якіх удзельнічала, па розных ацэнках, да тысячы чалавек, што для ўсходнебеларускага горада нямалая колькасць. Выхад людзей на вуліцы паказаў, што ў Крычаве нямалая частка людзей выступаюць за перамены ў сваёй краіне, а таксама гатова ўзяць на сябе адказнасць за развіццё свайго роднага горада.
Хведар Прылёпаўскі