Колькасць самазанятых дасягнула амаль пяці тысяч чалавек у Магілёўскай вобласці. Магчыма ў самазанятыя пададуцца і шматлікія медыкі, дзеячы культуры, мастацтва, педагогі, навукоўцы, выкладчыкі, якія былі пазбаўлены працы за сваю грамадзянскую пазіцыю. Колькасць самазанятых дасягнула амаль пяці тысяч чалавек у Магілёўскай вобласці.
Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі на прыканцы тыдня намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка.
“Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам па падатках і зборах прапрацоўваюцца пэўныя змены ў нарматыўную базу. У выніку іх прыняцця самазанятыя атрымаюць больш магчымасцяў для прадпрымальніцкай дзейнасці без выкарыстання наёмнай працы, – звярнуў увагу Павел Марыненка. Паводле яго слоў, змены ў дзейнасць самазанятых будуць уводзіцца паэтапна на працягу 2022-2023 гадоў. У тым ліку прымянення імі заяўнага прынцыпу. Што гэта значыць? Калі сёння самазаняты можа займацца дакладна вызначанымі відамі дзейнасці, то з 2023 года – любымі, якія не забаронены. Таксама згодна з праектам змяненняў у Падатковы кодэкс для самазанятых увядуць 10%-ны падатак замест фіксаванай зараз сумы (цяпер яна залежыць ад віду дзейнасці і горада пражывання) і распрацуюць спецыяльны мабільны дадатак для рэгістрацыі, прыняцця плацяжоў па безнаяўным разліку і выплаты ўсіх падаткаў. Змяненні закрануць і індывідуальных прадпрымальнікаў. З 2023 года працаваць у якасці ІП можна будзе толькі па пэўных відах дзейнасці з прыцягненнем наёмных асоб не больш як тры чалавекі.
Тыя ІП, якія працуюць без наёмнай працы, пры жаданні змогуць перайсці ў самазанятыя. А для тых, хто выкарыстоўвае наёмную працу і застанецца ў катэгорыі ІП, будуць скарэкціраваны ўмовы падаткаабкладання. У індывідуальных прадпрымальнікаў з наёмнымі работнікамі таксама будзе права перайсці ў статус мікраарганізацыі, для якой захаваецца магчымасць прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. – На працягу 2022 года індывідуальным прадпрымальнікам трэба будзе прыняць рашэнне, у якім выглядзе яны змогуць або захочуць ажыццяўляць сваю дзейнасць: перайсці ў самазанятыя (там прадугледжана значнае спрашчэнне адміністрацыйных і іншых працэдур), або прадоўжыць сваю дзейнасць у якасці ІП (калі яны будуць адпавядаць пэўным відах дзейнасці), альбо перайсці ў мікраарганізацыю”, – рэзюмаваў Павел Марыненка.
Самазаняты чалавек – той, хто працуе сам на сябе. Ён можа аказваць пэўныя паслугі і выконваць некаторыя віды работ. Кліентамі яго могуць стаць не толькі іншыя фізічныя асобы, але і арганізацыі.
У адрозненне ад індывідуальнага прадпрымальніка, у сучасны момант самазанятаму не трэба адкрываць разліковы рахунак у банку, складаць акты выкананых работ і іншую ўліковую дакументацыю, весці кнігу ўліку даходаў і выкарыстоўваць касавы апарат, плацежны тэрмінал і выдаваць квітанцыі аб аплаце.
Пры гэтым самазанятыя не могуць наймаць супрацоўнікаў, весці дзейнасць, якая прадугледжвае рэгістрацыю ІП або юрыдычнай асобы і парушаць санітарныя нормы, якія прадугледжаны для гэтага віду работ.
ДАВЕДКА. Узровень занятасці ў вобласці на канец 202 г., паводле статыстычнага зборніка “Рэгіёны Беларусі”, склаў 83,4%, беспрацоўя – 5,2%, самы высокі па краіне, 1177 афіцыйных беспрацоўных). У мінулым годзе, па краіне зволена 956,6 тыс.чалавек, а працаўладкавана 884,1 тыс., на 72,5 тыс. менш (на 7,6%).
МЕРКАВАННЕ. Вось гэта розніца па колькасці непрацаўладкаваных – перспектыўны атрад для устаплення у шэрагі самазанятых. Магчыма ў самазанятыя пададуцца і шматлікія медыкі, дзеячы культуры, мастацтва, педагогі, навукоўцы, выкладчыкі, якія былі пазбаўлены працы за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Яўгіння Грамашчанка