Апрануць жалезныя даспехі, развітацца з дамаю сэрца і пайсці на поле бою. Апынуцца ў рамантычным Сярэднявеччы маглі жыхары і госці Мсціслаўлю. Тут напярэдадні адбыўся «Рыцарскі фэст». Вось што кажуць госці фэсту:
«Усё ў цэлым цікава, вылучыць нешта цяжка, калі танчыш – гэта ўвогуле цудоўна!»
«Пабачыць рыцарскія бугурты, бо гэта вельмі цікава і гэта сапраўдны дух».
«Самае любімае, вясёлае і цікавае – гэта калі куча мужыкоў б’е адзін аднаго вялікімі жалезнымі прадметамі».
Удзельнікі менскага конна-гістарычнага клубу «Залатая шпора» выступаюць на фестывалі больш за дзесяць гадоў. Іхная праграма – рыцарскія забавы – вядзе гісторыю з пятнаццатага стагоддзя, калі спраўдзіць свае ваяўнічы магчымасці збіраліся рыцары ўсяго павету.
«У нас ёсць сапраўдная шляхетная ваяўнічая гісторыя, гісторыя, якой можна ганарыцца, распавядаць ім пра тое, што наша гісторыя – гэта не плугі ды лапці, гэта ваенныя коні баявыя, гэта мячы, перамогі, гэта гонар», – кажа кіраўнік клубу «Залатая шпора» Павал Заслаўскі.
Відовішчная частка фэсту – спаборніцтвы ў гістарычным сярэднявечным баі. Шмат у якіх краінах свету яны прызнаюцца спортам, але ў Беларусі гэта немагчыма з прычыны складанасці сертыфікацыі ўзбраення.
Пра баі распавядае прадстаўнік клубу «Кантон-Цюрых» Яўген Аніскевіч:
«Мне падабаецца, што можна выкарыстоўваць барцоўскія нейкія тэхнікі, бо сам калісьці ў мінулым барэц. Каманднае ўзаемадзеянне мне вельмі падабаецца і ўсё ж такі гэта бой у даспехах, вонкава ён вельмі жорсткі можа быць, але ў цэлым мне вельмі падабаецца».
Асноўная праграма – бітвы і выступы – прайшлі на Замкавай гары – у месцы, дзе ўтварыўся Мсціслаў. У 2016 годзе тут рэканструявалі замак і тры абарончыя вежы.
«Усе асноўныя бітвы – іх было шмат у гісторыі, яны праходзілі праз наш горад, таму гісторыя рыцарства цесна звязаная з гісторыяй нашага гораду», – тлумачыць супрацоўніка гістарычна-археалагічнага музею Мсціслава Ларыса Уласенка.
Сёння мала хто ведае, што распачынаўся фестываль у 2007 годзе як ініцыятыва касцёлу і грамадства. Пра зараджэнне фестывалю распавядае мясцовая жыхарка Алена:
«Рыцарскі фэст» у Мсціславе пачаўся з ідэі айца Караля Тамэцкага, былога пробашча парафіі, ідэя была такая, каб зладзіць «Рыцарскі фэст», які мусіў суправаджаць свята мясцовай парафіі, мясцовага касцёлу».
Цяпер актыўнасць мясцовай парафіі амаль згасла, парафіянаў – каля дзясятка, свайго ксяндза – няма. Улады, якія перахапілі ініцыятыву правядзення Рыцарскага фэсту, з рэканструкцыяй сярэднявечных баёў справіліся. Добра было б, каб яшчэ справіліся і з рэстаўрацыяй абодвух касцёлаў, якія ў вельмі занядбаным стане.
Вольга Васільева