Кіруючая ў Беларусі ўлада пайшла на першыя практычныя крокі па рэалізацыі таго, што яна сама называе “абмеркаваннем зменаў у Канстытуцыю”. Пра чарговую прапагандысцкую кампанію было гучна абвешчана ў палаце прадстаўнікоў, а ў рэгіёнах пачалі стварацца “пляцоўкі для абмеркавання” на базе універсітэтаў і псеўда-грамадскіх арганізацый, фінансаваных з дзяржбюджэту. Жвава ўключыліся ў палеміку і прадстаўнікі некаторых палітычных партый.
Пазіцыя Партыі БНФ датычна гэтай ініцыятывы вельмі простая – яна грунтуецца на тым, якое значэнне ў цяперашняй сістэме ўлады мае гэтая канстытуцыя. Зрэшты, кожны жыхар Беларусі можа даць уласную ацэнку гэтаму значэнню, пабачыўшы цяпер на вуліцах сваіх гарадоў рэальны стан свабоды мірных сходаў, свабоды слова, свабоды ад адвольных арыштаў.
Ці ёсьць у той Канстытуцыі, па якой жыве цяперашні рэжым, нешта пра дазвол на катаванні і здзекі з людзей?
Ці сказана ў гэтай Канстытуцыі, што міліцыянты могуць затрымаць кожнага чалавека і кінуць яго за краты толькі на падставе хлуслівых міліцэйскіх пратаколаў?
Ці можа быць у Канстытуцыі дадзены дазвол на ўзурпацыю ўлады насуперак волі народа, выяўленай на выбарах? І увогуле – дазваляецца фальсіфікаваць выбары?
Не, нічога такога ў Канстытуцыі, нават у тым кастрыраваным выглядзе, які яна набыла пасля мінулай “канстытуцыйнай рэформы” 1996 года, вы не знойдзеце.
У той Канстытуцыі, якая цяпер дзейнічае, грамадзяне могуць прачытаць пра свабоду слова, пра свабоду сходаў, пра недапушчальнасць навязвання нейкай адной ідэалогіі, пра тое, што адзінай крыніцай улады ў краіне з’яўляецца толькі народ, які рэалізуе гэтае права непасрэдна, праз прадстаўнічыя ды іншыя органы. Нажаль, хіба, што толькі прачытаць.
І, менавіта, гэты народ, і, менавіта, гэтыя грамадзяне зараз высакародна чыняць самаахвярны супраціў нелегітымнай ўладзе, якая растаптала і ўласную Канстытуцыю, і ўласны закон, і нормы міжнароднага права. Тысячы беларусаў на адміністрацыйных судзілішчах спасылаюцца на канстытуцыйнае права на свабоду мірных сходаў і, у выніку, атрымліваюць ад лукашэнкаўскіх суддзяў 15 сутак ці, калі пашанцуе, штрафы.
Пра тое, што гэтыя суддзі з’яўляюцца незалежнымі і падпарадкоўваюцца толькі закону, у Канстытуцыі таксама ёсць і цяпер. Таксама як і прыгожыя словы пра падзел галінаў улады.
Такім чынам, праграмай-мінімум для тых, хто хоча аднавіць законнасць цяпер, калі тысячы людзей зазналі збіццё, катаванні, здзекі і арышты – будзе старое патрабаванне, адрасаванае савецкімі дысідэнтамі камуністычным уладам:“Выконвайце сваю ўласную канстытуцыю!”.
Пачніце хаця б з малага – з надання прамога дзеяння нормам канстытуцыі пра свабоду сходаў. І не стаўце канстытуцыйныя нормы ў падпарадкаваны стан, калі слова амапаўскага карніка будзе вышэй за тое, што напісана ў Канстытуцыі.
Без гэтага кроку якія-кольвек дыскусіі пра тое, што варта было б дадаць у Канстытуцыі датычна правоў грамадзян, не маюць значэння.
Але цяперашні рэжым не пойдзе на гэта. Дакладней, калі ён прызнае, што свавольства чыноўнікаў і валюнтарызм вышэйшага кіраўніка павінны быць абмежаваны канстытуцыяй і законамі – то гэта будзе ўжо іншы рэжым, гэта ўжо будзе не дыктатура.
У Партыі БНФ маецца выразнае бачанне таго, як павінна быць уладкаваная грамадска-палітычная сістэма ў дэмакратычнай Беларусі. Гэтая візія адлюстраваная ў праграме Партыі БНФ – у афіцыйным партыйным дакуменце.
Мы выступаем за абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта выключна выкананнем прадстаўнічых функцыяў, якія не звязаныя з ўмяшальніцтвам у дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў улады. Прэзідэнт мусіць абірацца парламентам паводле ўскоснага выбарчага права тэрмінам на 4 гады ў сярэдзіне тэрміну паўнамоцтваў парламэнту. Натуральна, такая формула несумяшчальная з цяперашнім парадкам, калі паводле Канстытуцыі ў дзеючай рэдакцыі ўказы прэзідэнта маюць вышэйшую юрыдычную сілу за законы, а сам прэзідэнт стаіць па-над іншымі галінамі ўлады і можа нават даваць указанні судам датычна разгляду тых альбо іншых судовых спраў.
Ёсць у БНФ і больш дэталізаваныя галіновыя праграмы рэформ – у сферы судовай сістэмы і аховы правапарадку, у мясцовым самакіраванні, у сектары нацыянальнай бяспекі, у галіне аховы здароўя ды іншае. З імі можа азнаёміцца кожны жадаючы.
У якасці прамежкавага этапу і дзеля забеспячэння пераемнасці аднаўленне канстытуцыйнай законнасці можа быць здзейсненае праз вяртанне канстытуцыі 1994 года як апошняга легітымнага асноўнага закону нашай краіны. Так зрабілі нашыя сябры-літоўцы, калі ў 1990 годзе на кароткі час аднавілі дзеянне міжваеннай канстытуцыі, якая дзейнічала ў часы да камуністычнай акупацыі.
Зрэшты – і канстытуцыя 1994 года не ёсці ідэалам: яна давала занадта шмат паўнамоцтваў прэзідэнту, перашкаджала прыцягненню яго да адказнасці і, у рэшце рэшт, не абараніла краіну ад спаўзання да дыктатуры.
Не ўсе грамадзяне краіны падзяляюць нашае бачанне пабудовы беларускага нацыянальнага дому: цяпер у Беларусі маецца афіцыйна зарэгістраваныя 15 палітычных партый – кожная мае сваю праграму. Некаторыя іншыя партыі не могуць зарэгістравацца з-за таго што міністэрства юстыцыі з 2000 года не зарэгістравала ніводнай новай палітычнай партыі (збольшага з-за таго што ў пададзеных на рэгістрацыю дакументаў коскі былі пастаўленыя не там, дзе хацелася чыноўнікам).
Дык вось вольная канкурэнцыя паміж праграмай БНФ, праграмай Лукашэнкі, праграмамі іншых палітычных партый – гэта і ёсьць дэмакратыя. І парадак вядзення гэтай канкурэнцыі не прыдуманы лепшы чым праз змаганне за людскую падтрымку на вольных і сумленных выбарах. Сумленных – гэта калі галасы лічаць, а не малююць патрэбныя адміністрацыі лічбы па загадзе начальства ў пратаколах. Менавіта на такіх выбарах адбываецца канкурэнцыя, і адбываецца грамадскі дыялог.
А зусім не на штучна створаных “дыялогавых пляцоўках” і аперэтачных “народных сходах”. І зусім не ва ўмовах, калі кожнага з удзельнікаў гэтага дыялогу іншы бок можа ударыць дубінкай і кінуць у турму, як здарылася нядаўна з палітыкам Анатолям Лябедзькам, які пачаў распрацоўваць прапановы да зменаў у канстытуцыю. Яго адразу ж арыштавалі акурат тады, як Аляксандр Лукашэнка абвесціў пра стварэнне гэтых “дыялогавых пляцовак”.
Але ж дзякуй Лукашэнку – ён зрабіў ласку і стварыў цудоўны прыклад таго, як выглядае “дыялог пра змены ў Канстытуцыю” у разуменні рэжыму. Лепшай ілюстрацыі для разумення сутнасці гэтага дыялогу, чым нядаўні авальны стол з палітзняволенымі ў турме КДБ і ўявіць сабе немагчыма. Вось так і ўяўляе сабе дыялог пра канстытуцыйную рэформу цяперашні рэжым: дыялог за кратамі, дыялог пад ударамі дубінак і пад пагрозамі катаванняў.
Натуральна, гэта не мае нічога агульнага з сапраўдным дыялогам. Гэта такі сабе дыялог паміж ахоўнікамі і вязнямі ў канцлагеры, падчас якога абмяркоўваецца колер уніформы для карнікаў.
А потым, паводле планаў рэжыму, вынік мусіць быць вынесены на … неканстытуцыйны “усебеларускі народны сход”, які для Лукашэнкі з’яўляецца аналагам партыйных з’ездаў КПСС. Менавіта пра гэты орган гаворыцца як пра той орган, які будзе разглядаць папраўкі ў Канстытуцыю.
Ці ёсьць альтэрнатыва такой імітацыі дыялогу? Ці ёсць іншыя варыянты дыялогу, апроч цяперашняга, калі у аднаго боку ў руцэ дубінка, а на шыі іншага зацягнутая пятля і скаваныя рукі?
Альтэрнатыва ёсць. Партыя БНФ рашэннем Сойму прапанавала “дарожную мапу” у складзе 10 крокаў, пры рэалізацыі якіх дыялог можа зрабіцца магчымым:
- Вызваленне ўсіх, каго беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
- Спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў, у тым ліку супраць сябраў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, чыя дзейнасць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднанняў.
- Спыненне масавых затрыманняў і судоў супраць удзельнікаў мірных акцыяў.
- Фармуляванне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам Беларусі ясных і недвухсэнсоўных гарантыяў бясьпекі для тых, хто быў выштурхнуты з Беларусі альбо вымушаны хавацца ў замежжы з прычыны апасення за сваё жыццё і здароўе».
- Спыненне ўсіх формаў пераследу і незаконных абмежаванняў прафэсійнай дзейнасці журналістаў і СМІ (уключна з неадкладным аднаўленнем акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ і адмовай ад блакавання вэб-сайтаў), спыненне антынацыянальнай прапаганды і дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сімволікі ў дзяржаўных СМІ, выдаленне з іх раней запрошаных расейскіх прапагандыстаў.
- Аднаўленне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях усіх, каго звольнілі ў сувязі з іх палітычнымі перакананнямі ці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
- Стварэнне супольнай парламэнцка-грамадскай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацый, якая вывучыць абставіны прымянення гвалту падчас падзеяў жніўня-верасьня 2020 году і перадасць сабраныя матэрыялы ў пракуратуру і следчыя органы, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у катаваннях і забойствах.
- Забесьпячэнне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу ўмоваў утрымання ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Рады па правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэння і дакумэнтавання падзеяў жніўня-верасьня 2020 году.
- Правядзенне з удзелам Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў і палітычных партыяў нарады, на якой выпрацуюць фармат, графік правядзення, парадак дня агульнанацыянальнага дыялёгу, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў.
- Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапановаў місіяў назірання АБСЭ на выбарах 2015–2019 гадоў і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі «Права выбару» з наступным правядзеннем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.
Гэтыя крокі дазволяць пераадолець найбольш значныя нэгатыўныя наступствы крызісу, спыняць раскол грамадзтва і прыпыняць спаўзанне краіны ў бездань. Усім палітычным сілам і дзяржаўным органам трэба праявіць грамадзянскую спеласць і неадкладна распачаць рэалізацыю пазначанай паслядоўнасці крокаў дзеля найхутчэйшай стабілізацыі абстаноўкі.
Толькі сапраўдны агульнанцыянальны дыялёг ў атмасфэры, вольнай ад гвалту і прымусу, можа стаць пляцоўкай для абмеркавання зместу і фармату будучай канстытуцыйнай рэформы, правядзенне якой можа быць распачатае толькі пасля рэформы выбарчага заканадаўства.
Толькі беларускі народ мае права вырашальнага голаса ў гэтым пытанні – а зусім не карыкатурныя органы накшталт “усебеларускага народнага сходу”, на чыіх плячах ляжыць частка віны за жахлівыя для Беларусі наступствы канстытуцыйна рэформы 1996 года, якая растаптала канстытуцыйную законнасць у краіне і адкрыла шлях да дыктатуры.
Ад таго, ці здольныя будуць беларускія ўлады пайсьці на сапраўдны дыялог замест звыклага сцэнару імітацыі “шырокага грамадскага абмеркавання” у стылі абмеркавання “брэжнеўскай канстытуцыі” 1977 года – залежыць лёс краіны.
У адваротным выпадку ёсць вялікая небяспека, што гэты “дыялог” можа стаць эпілогам да беларускай дзяржавы.
Рыгор Кастусёў