У адносінах Рыгора Кастусёва, які зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску, доўгі час не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў. Пра гэта палітык распавёў у лісце свайму сябру.
“Мае справы ў плане следства зараз ніякія. Ужо колькі месяцаў усё стаіць на месцы. Бо няма чаго расследаваць. Проста сяджу і чакаю, трацячы сілы, час, здароўе”, – напісаў палітык вечарам 15 лістапада ў сваім лісце аднапартыйцу.
Таксама Кастусёў адзначыў, што яго самаадчуванне апошнім часам палепшылася, аднак праблемы са станам здароўя па-ранейшаму вельмі вялікія. Патрабуецца аперацыя, але гэта пытанне так і не вырашана да гэтага часу.
“Мне зараз з сярэдзіны кастрычніка нашмат лепей. Бо няма тых прыступаў былявых і спазмаў, што мучылі каля трох месяцаў. Урач падтрымлівае такі стан зрэдку ўколамі. Сёння мне ўдалося перамовіць з ім аб неабходнасці аперацыі. Такая неабходнасць ёсць і вельмі вострая. Але не ён вырашае такое пытанне. Гэтае пытанне на больш высокім узроўні…
…Кепска яшчэ тое, што разам з мачою вельмі інтэнсіўна ідзе і кроў. Бывае сумесь вельмі насычаная, чырвоная (цемная)”, – распавёў Рыгор Кастусёў у лісце.
“Магілёўскаму рэгіёну” стала вядома, што на 22 лістапада ў КДБ у Магілёў выклікалі жонку Рыгора Кастусёва, Ларысу. Што паслужыла падставай для выкліка, Ларыса не ведае, – кажа, што вельмі расхвалявалася, і таму не ўдакладніла ў супрацоўніка КДБ падрабязнасці. Магчыма, выклік у КДБ неяк звязаны з арыштам на іх агульную з Рыгорам маёмасць, выказала меркаванне Ларыса Кастусёва.
Нагадаем, што з рашэннем аб накладанні арышту на маёмасць палітыка азнаёмілі напрыканцы кастрычніка ў СІЗА КДБ у Мінску.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка гэтага года. Пазней стала вядома, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
Лукашэнка абвінаваціў у датычнасці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту. Юрыста Юрыя Зянковіча і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве напярэдадні.
22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юрый Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павел Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар.
У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяцца ўжо даўно. За кратамі лідар БНФ знаходзіцца больш за сем месяцаў.
У кастрычніку Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 12 снежня 2021 года.
Учора яшчэ адзін фігурант справы ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам з Магілёва, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Віталь Макаранка паведаміў на сваёй старонцы ў facebook, што “адбыўся вобшук у кватэры дзе я раней жыў… Вылучылі ноўтбук стары і планшэт паламаны. Плюс купу нейкіх папераў”.
Сам Віталь пакінуў межы Рэспублікі Беларусь яшчэ вясной гэтага года і зараз знаходзіцца ў бяспецы.
Іван Барысаў