Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ужо больш за месяц знаходзіцца ў рэспубліканскай турэмнай лякарні ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пытанне наконт правядзення патрэбнай палітыку аперацыі застаецца не вырашаным да гэтага часу.
У рэспубліканскую турэмную бальніцу ў СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску яго перавялі напрыканцы лістапада з СІЗА КДБ у сувязі з абвастрэннем шэрагу хваробаў. У палітыка падазрэнне на анкалогію. Цяпер Кастусёву патрабуецца аперацыя з-за праблем з прастатай.
Рыгор Андрэевіч неаднаразова падаваў хадайніцтвы аб змене меры стрымання ў сувязі са станам здароўя, аднак яны адхіляліся альбо ігнараваліся.
У лісце свайму сябру, які Кастусёў напісаў 20 снежня, палітык паведаміў, што пытанне аб правядзенні аперацыі так і не вырашылася.
“…нажаль, пакуль пытанне наконт аперацыі ўсё не вырашаецца. Тут, нажаль, адсутнічае неабходная база для лячэння.
Таму аперацыі па дамоўленнасцях праводзяцца ва ўстановах медычных Мінска.
Штосьці па мне не атрымліваецца. Таму прыходзіцца надалей усё чакаць. Пайшоў ужо 9-ы месяц майго арышту.
Здароўе, нажаль, не паляпшаецца. Ды і выпіскі абследванняў я ўсе не ведаю…
…І што будзе далей, таксама не зразумела. Вось такая нявызначанасць, вельмі цяжка ўспрымаць”…
Разам з тым Рыгор Андрэевіч адзначае, што ўмовы ўтрымання ў турэмнай бальніцы значна лепшыя, чым у СІЗА КДБ:
“Тут, канешне, нашмат спакайней, ды і ў плане адносін персанала нашмат лепей. Можна і паразмаўляць, калі ёсць неабходнасць штосьці выясніць, удакладніць. Дазволілі карыстацца тэлевізарам па маёй заяве.
Ёсць што і пачытаць, кнігі, газета “СБ” калі-нікалі”.
Кастусёў піша пра тое, што ўзніклі праблемы з ліставаннем, шмат ад каго з сяброў яму перасталі даходзіць лісты.
Родныя палітыка ў гутарцы з карэспандэнтам “МР” таксама адзначылі, што пісьмы ідуць вельмі доўга, не ўсе даходзяць да адрасата.
Праз свайго сябра Рыгор Андрэевіч перадаў віншаванні з Калядамі і Новым годам усім, хто яго падтрымлівае:
“Няхай Новы, 2022 год, прынясе нам усім паболей пазітыву, здзяйснення нашых мараў і надзеяў!
Хай новы год будзе больш мудрым для ўсіх нас, больш мудрым для нашай Радзімы – Беларусі”.
Нагадаем, што Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове яшчэ 12 красавіка гэтага года. Кастусёва абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады. З таго часу палітык знаходзіцца за кратамі.
Напачатку лістапада Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы – да 12 лютага 2022 года.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:
220030, г. Мінск, СІЗА №1, вул. Валадарскага, 2 – 38, Кастусёву Рыгору Андрэевічу
Іван Барысаў