Нягледзячы на падазрэнне на анкалагічнае захворванне, Рыгор Кастусёў быў пераведзены з бальніцы ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску назад у СІЗА КДБ. Там у яго ізноў абвастрыліся праблемы са здароўем.
У лісце, датаваным 18 ліпеня, якое Рыгор Андрэевіч даслаў свайму паплечніку ў Бялыніцкім раёне, ён скардзіцца на рэзкае абвастрэнне праблемы з прастатай.
“…за ноч на гаршок прыходзіцца бегаць да 10 раз, што не дазваляе выспацца. І вось так ужо два тыдні. Ды і ў дзень не лягчэй, мабыць, ужо тры тыдні. Малейшая позва на гаршок па-малому адначасова вызывае боль і спазмы ўнізе тулава. Гэта усё проста дастае…”, – напісаў палітвязень у лісце.
Нагадаем, што з прычыны пагаршэння стану здароўя (праблемы з сэрцам, ціскам, ацёкі, дыхавіца) Рыгор Кастусёў з пачатку ліпеня быў пераведзены ў медычны корпус СІЗА МУС на Валадарскага. Па словах палітыка, там умовы дазволілі яму крыху ачуняць ад вельмі суровага рэжыму ўтрыманьня ў “Амерыканцы”, прынамсі, палітык распавядаў, што паспеў надышацца ўдосталь свежым паветрам. Аднак у сярэдзіне ліпеня дачка Рыгора Кастусёва Кацярына распавяла, што аналізы паказваюць на падазрэнне на наяўнасць у бацькі анкалагічнага захворвання.
Рыгор Кастусёў у лісце паведаміў, што ён напіша заявы на імя кіраўніка следчай групы і кіраўніцтва КДБ з просьбай аб пераводзе на хатні арышт, бо “сітуацыя ўжо дастала”.
Таксама палітык напісаў пра тое, зараз ён не атрымлівае лістоў ні ад каго, у тым ліку і ад сваіх родных. “Да гэтай пары няма і тэлевізара, таму і тут поўны ступар. Газет таксама не бачу”, – піша Кастусёў.
Між тым інтэрнэт-сайт Партыі БНФ паведамляе, што лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву следчыя тройчы адмовілі ў пераводзе пад хатні арышт. Пра гэта ён напісаў у лісце паплечнікам ад 20 ліпеня.
Пры гэтым аніякіх следчых дзеянняў з удзелам Рыгора Кастусёва пад вартай ужо даўна не робіцца. Расследванне крымінальнай справы па “змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” працягнутае да кастрычніка.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу
Іван Барысаў