Фраза ў загалоўку, якая пайшла ад Ільфа і Пятрова – аўтараў знакамітых раманаў “Залатое цяля”, “Дванаццаць крэслаў” і тычылася тагачасных бяздзельнікаў-бюракратаў, як ні што іншае вельмі трапна апісвае метады працы беларускага чынавенства за два дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя.
На фоне правалаў у эканоміцы краіны, паміраючых заводаў, стратнай сельскай гаспадаркі, падзення ўзроўня жыцця насельніцтва краіны, інфляцыі і жыцця на валютныя крэдыты, галоўнейшай задачай для беларускага чынавенства застаецца – задача па сваім захаванні і памнажэнні.
Пры агульным скарачэнні насельніцтва Беларусі за 20 гадоў амаль на 632 тысячы чалавек, а ў некаторых раёнах колькасць пражываючых скарацілася ў разы, апарат чынавенства толькі прырастае.
Па колькасці пражываючых сярод рэгіёнаў краіны на апошнім месцы, па выніках апошняга перапісу насельніцтва, апынулася Магілёўская вобласць – 1 024 751 чалавек, пры скарачэнні насельніцтва за два дзесяцігоддзі амаль на 200 тысяч чалавек.
У адным з матэрыялаў “Магілёўскі рэгіён” ужо ўздымаў тэму выжываемасці чынавенства розных узроўняў і стварэння чыноўнікамі бачнасці сваёй важнасці праз паператворчасць.
Не паспеў пачацца новы, 2021 год, а беларускія чыноўнікі ўжо выдалі нагара дзесяткі разнастайных пастановаў, актаў і рашэнняў, правялі шэраг семінараў для павышэння свайго інтэлектуальнага ўзроўня.
Найбольш прыткімі сярод сваіх калегаў апынуліся чыноўнікі Магілёўшчыны, якія рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 15 студзеня 2021 года №1-12 па прашэсці двух тыдняў ад пачатку года змянілі рашэнне аблвыканкама ад 31 снежня 2020 года за №7-138.
І тут узнікае адно пытанне; ці снежаньскае рашэнне 2020 года прымалася ўжо ў час святкавання надыходзячага новага года, і, па зразумелых прычынах, усе хорам накасячылі з фармуліроўкамі, або студзеньскае рашэнне прынялі ў пятніцу 15 студзеня адзначаючы новы год па-старому стылю ?
Хутчэй за ўсё – другое, адзначалі новы год па-старому стылю, бо, нават, інфармацыю аб прыняцці новага рашэння не змаглі размясціць своечасова на сайце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.
На канец дня 17 студзеня 2021 года інфармацыя на сайце адсутнічала.
Паказаць сваю працавітасць перад вышэйстаячымі імкнуліся і чыноўнікі меншага рангу, як, напрыклад, супрацоўнікі Краснапольскага райвыканкама, дзе 6 студзеня 2021 года прайшоў семінар-нарада для павышэння інтэлектуальнага ўзроўня кіруючай эліты раёна.
Семінар на тэму “Праблемы экстрэмізма і нацызма ў Рэспубліцы Беларусь” пад эгідай Магілёўскага абласнога аддзялення “Беларускага таварыства “Веды”(адноўлена і такая арганізацыя) правёў для краснапольцаў іх зямляк, госць з Мінска, як аказваецца, ужо доктар навук, прафесар і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук І.Марзалюк, – старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь.
Замест таго, каб займацца эканомікай раёна, а праблемаў у раёне больш чым дзе, кіраўніцтва Краснапольскага райвыканкама, райсавета, кіраўнікі прадпрыемстваў, установаў цэлы дзень прасядзелі на семінары, слухаючы лухту госця з Мінска. Хоць колькі там гэтых прадпрыемстваў – на тэрыторыі раёна ( 5-ці сельскіх саветаў) існуе адно сельгаспрадпрыемства – ААТ “Краснапольскі”. Эксперымент па зліцці ўсіх сельгаспрадпрыемстваў у адно ў Краснапольскім раёне, што зацягнуўся з 2008 года, правалены па ўсіх паказчыках у плане вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, і вызваў масавы ад’езд насельніцтва з тэрыторыі раёна, скараціўшагася да 9 тысяч чалавек. З раёна з’язджаюць тыя, хто ў свой час не збаяўся наступстваў аварыі на Чарнабыльскай АЭС.
Пры ўсім гэтым, Краснапольскі раён застаецца яскравейшым прыкладам для краіны па захаванні і жывучасці чынавенства, дзе цалкам захавана раней дзеючая структура кіраўніцтва раёна, як, напрыклад, раённае Упраўленне сельскай гаспадаркі з добрымі акладамі згодна штатнага раскладу, пры наяўнасці поўнага штата кіраўніцтва адзінага ў раёне сельгаспрадпрыемства.
Калі ў бліжэйшыя гады не адбудуцца станоўчыя змены ў эканоміцы і сацыяльнай сферы краіны праз скарачэнне расходаў на невытворчыя працэсы, не адбудзецца разняволенне ініцыятывы грамадзян, асабліва ў сельскіх раёнах Беларусі, нас чакае поўнае спусташэнне шматлікіх рэгіёнаў, якія з часам ператворацца ў пустэчы.
Рыгор Кастусёў