Аб неабходнасці рэфармавання розных галін эканомікі нашай краіны не разважае ўжо толькі лянівы. І асаблівую вастрыню падобныя разважанні набываюць – калі гаворка заходзіць аб сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, аб пастаянна ўзрастаючых коштах на жыллёва-камунальныя паслугі, аб якасці гэтых паслугаў. А калі да гаворкі далучаюцца яшчэ і прафесіяналы – працаўнікі сферы ЖКГ, то тэма размоваў пашыраецца і пытаннямі аб стане аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аб прафесіяналізме кіраўніцтва і аб шмат чым іншым.
Так склалася, што пасля навагодніх і калядных святаў я на доўгі час, у адрозненні ад мінулага 2019 года, затрымаўся ў Шклове. Хоць і з’яўляюся жыхаром гэтага горада, але жыццёвыя справы і абавязкі вымушаюць на доўгі час з’язджаць з яго і толькі зрэдку даюць магчымасць пабыць дома.
Неабходнасць на пэўны час затрымацца ў Шклове пасля святаў была вызвана яшчэ і цікаўнасцю прадстаўнікоў сілавых структураў раёна да маёй асобы за мой удзел у мерапрыемствах у абарону Незалежнасці Беларусі, што прайшлі ў Мінску ў снежні 2019 года.
Разам з гэтым, дзякуючы больш доўгаму часу прабывання ў Шклове, мне ўдалося пабачыцца са шматлікімі людзьмі; суседзямі, сябрамі, гараджанамі, якіх я не бачыў, не сустракаўся з імі вельмі задаўна. Але асаблівыя ўражанні адбыліся ад сустрэчаў з людзьмі, з кім я шмат год адпрацаваў разам у сферы ЖКГ, у час майго дырэктарства ў Шклоўскім раённым аб’яднанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (зараз – Жылкамгас).
Уражанні, у асноўным – негатыўныя, былі вызваны расповядамі маіх былых супрацоўнікаў аб цяперашніх кепскіх умовах працы на прадпрыемстве, аб нізкіх заробках, аб адносінах начальства да рабацяг, і самае галоўнае – аб тэхнічным стане аб’ектаў ЖКГ Шклоўскага Жылкамгаса.
Многія аб’екты Шклоўскага Жылкамгаса; кацельні, ачысныя збудаванні, аб’екты водазабяспячэння, нават палігон для захавання цвёрдых бытавых адыходаў, па словах супрацоўнікаў, знаходзяцца ў аварыйным стане. І толькі цёплая сёлетняя зіма ратуе шклоўскіх камунальнікаў ад сур’ёзных аварый на гэтых аб’ектах, што могуць прывесці да катастрафічных наступстваў.
Сітуацыя, склаўшаяся на прадпрыемстве, аварыйны стан аб’ектаў, кепскія ўмовы працы вызваны ў першую чаргу чахардой у падборы кіраўніцтва і галоўных спецыялістаў установы на працягу апошніх 18 год, непрафесійным умяшальніцтвам у працу аб’ектаў ЖКГ Шклоўскага раёна з боку чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкама і Магілёўскага абласнога ўпраўлення ЖКГ.
За гэтыя гады па розных прычынах, у асноўным – па ініцыятыве кіраўніцтва райвыканкама, змянілася ажно 15 дырэктароў прадпрыемства, дзесяткі галоўных спецыялістаў.
Шасцёра былых дырэктароў Шклоўскага Жылкамгаса былі асуджаны на пэўныя тэрміны за злоўжыванні службовым становішчам. І на сённяшні дзень пасада дырэктара на прадпрыемстве застаецца вакантнай. Вакантныя і пасады галоўнага энэргетыка, намесніка дырэктара, іншых спецыялістаў.
Яшчэ ў час маёй працы ў якасці дырэктара Шклоўскай ЖКГ, з мэтай больш эфектыўнай арганізацыі працы, павышэння якасці жыллёва-камунальных паслугаў і паніжэння іх сабекошту, па маёй ініцыятыве, на базе вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Шклоўскага аб’яднання ЖКГ у 1999-м годзе было створана новае прадпрыемства Шклоўскі “Вадаканал”. І, як паказаў вынік, рашэнне было правільным, прадпрыемства працавала паспяхова.
Але, пасля майго звальнення з пасады дырэктара па палітычных матывах, кіраўніцтвам Шклоўскага раёна было прынята рашэнне аб “немэтазгоднасці” існавання “Вадаканала”, і ў 2002 годзе ён быў аб’яднаны з “Жылкамгасам”.
А самае абсурднае, што на працягу наступных 15 год яшчэ двойчы Шклоўскі “Вадаканал” ствараўся як самастойнае прадпрыемства і двойчы ліквідоўваўся праз далучэнне яго да Шклоўскага “Жылкамгаса”.
І кожны раз у СМІ, на сустрэчах з жыхарамі раёна, з працаўнікамі прадпрыемства, кіраўніцтва Шклоўскага райвыканкама прыводзіла “грунтоўныя” доказы эканамічнай неабходнасці, як стварэння новага прадпрыемства, так і яго ліквідацыі, не задумваючыся аб лёсе людзей, што працавалі там, аб тэхнічным стане аб’ектаў.
Пасля апошняга – трэцяга аб’яднання Шклоўскага “Вадаканала” з “Жылкамгасам” прайшло ўжо каля 5 год.
І вось ужо эстафету па “рэарганізацыі” прадпрыемтсваў ЖКГ ад Шклоўскага райвыканкама пераняў Магілёўскі аблвыканкам.
Згодна рашэння Магілёўскага аблвыканкама №27-60 ад 20 снежня 2019 года Унітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі “Магілёўаблвадаканал” (УВКП ВКГ “Магілёўаблвадаканал”) рэарганізаваны праз далучэнне аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Шклоўскага УКП “Жылкамгас”, а таксама аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і “Вадаканалаў” іншых раёнаў Магілёўскай вобласці.
Але і гэта яшчэ не ўсё. 04 студзеня 2020 года на базе УВКП ВКГ “Магілёўаблвадаканал” створаны філіялы ў Магілёве, Бабруйску, Касцюковічах.
Эксплуатацыю аб’ектаў вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі на тэрыторыі г.Шклова і Шклоўскага раёна з 04.01.2020 года забяспечвае філіял “Магілёўскі вадаканал”.
З чым звязаны чарговыя “бздыкі” кіраўніцтва Магілёўшчыны ў такім рэфармаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці, абгрунтаваць складана, але ўжо сёння можна смела канстатаваць, што гэты эксперымент па рэфармаванні ЖКГ будзе правалены. Падобнае тэрытарыяльнае ўзбуйненне прадпрыемства вядзе да значнага паніжэння эфектыўнасці кіравання і арганізацыі працы аб’ектаў і прадпрыемтсва ў цэлым, што прывядзе да паніжэння якасці паслугаў для насельніцтва і іншых спажыўцоў, а таксама да павышэння іх сабекошту.
Рыхтуючы падобныя рэформы ЖКГ, магілёўскія чыноўнікі, мабыць даўно заглядалі ў раснастайныя Дзяржаўныя праграмныя дакументы па рэфармаванні і развіцці ЖКГ краіны. А гэта і Канцэпцыі развіцця ЖКГ ад 2003 да 2015 і да 2025 гадоў. Гэта Праграмы развіцця ЖКГ на кожную пяцігодку: 2005 -2010, 2011 -2015, 2016-2020 гады.
Падобнае рэфармаванне ЖКГ яшчэ больш узмацніць манапалізм дзяржаўнага прадпрыемства па аказанні жыллёва-камунальных паслугаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, што зноўку будзе спрыяць павышэнню сабекошту гэтых паслугаў
Рыгор Кастусёў