Галоўная » Рыгор Кастусёў: «Для некаторых палітыкаў юбілей БНР быў проста пляцоўкай для рэалізацыі дробязных амбіцыяў»

Рыгор Кастусёў: «Для некаторых палітыкаў юбілей БНР быў проста пляцоўкай для рэалізацыі дробязных амбіцыяў»

На плечы лідара БНФ у плане падрыхтоўкі Свята незалежнасці 25 сакавіка выпала не самая простая задача: перамовы з чыноўнікамі, часам, вельмі высокага рангу. Для кагосьці гэта «здрада», для іншых — канструктыўная праца. Як праходзілі перамовы, што атрымалася, а што не?

Рыгор Кастусёў на з’ездзе БНФ

Ці ўсё з задуманага і дамоўленага па адзначэнні 25 сакавіка атрымала ход? Ці ёсць беларускае чынавецтва адзіным маналітам альбо гэта людзі розных поглядаў, як неакамуністычных, так і нацыянальных? Распавядае лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Ад Савету Міністраў да “Звязды”
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР пачаў працу яшчэ на мяжы 2016-2017 гадоў. У лістападзе ад імя аргкамітэту я пачаў абыход уладных кабінетаў з прапановамі па 100-годдзі БНР: ад МЗС і Савета міністраў да Мінгарвыканкаму і газеты «Звязда». Стаўленне было рознае, але ў цэлым на тым баку многія асэнсавалі, што без нацыянальнага фундаменту краіна не можа трывала стаяць. Гэта адкрывала акно магчымасцяў, якія нельга было ўпусціць.
Наш праект святкавання даты змясціўся на сямі аркушах. Першым саюзнікам стала стала Акадэмія навук. Менавіта яе пазітыўнае заключэнне дало зялёнае святло разнастайным ініцыятывам і стала сігналам для іншых дзяржаўных установаў.
Пра рознае чынавецтва
Некаторыя дзеянні дзяржаўных службоўцаў па адзначэнні юбілею могуць выклікаць усмешку — сістэму ўлады ў Беларусі юбілей БНР памяняць не мог. Напрыклад, у Карэлічах лекцыю па гісторыі БНР чытала тамтэйшая актывістка кампартыі. Але больш важна, што яна была вымушаная гэтую лекцыю чытаць паводле рэкамендацыі аблвыканкама, разасланай па ўсіх ўстановах культуры Гарадзеншчыны.
Чыноўнікі розныя: хтосьці мае прагматычнае разуменне, што без незалежнасці горш будзе ўсім, дзесьці ёсць шчыры патрыятызм, дзесьці будуць выконваць усё тое, што спушчана зверху. Каля траціны нашых прапановаў атрымала ход і падтрымку. Чынавенства — гэта не маналіт, там можна знайсці цалкам розных людзей, з якімі можна і варта працаваць.

Падчас круглага сталу ў газеце «Звязда»

 

Пра Якубовіча і Сярэдзіча
Прапанаваны ўладам план мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР мы дасылалі і ў «Савецкую Беларусь» і ў «Народную Волю». Праігнаравала зварот толькі апошняя! У выніку для чытача гэтай газеты дзеянні ўладаў напярэдадні 25 сакавіка выглядалі нейкай раптоўнай і хітрамудрай камбінацыяй, хоць насамрэч яны проста ішлі насустрач нашым прапановам.
Пра АртСядзібу і блогераў
Пасля нашых зваротаў у адміністрацыю прайшлі перамовы з Мінгарвыканкамам. Былі атрыманыя неафіцыйныя, але прагматычныя прапановы пра магчымы фармат святкавання 25 сакавіка ў Мінску. Падкрэслю, што для нас акцыя ў сталіцы была толькі часткай планаў па адзначэнні 100-годдзя БНР. Атрыманыя прапановы я агучыў на паседжанні аргкаміэту, што стаў вядомы дзякуючы відэастрыму, і пасля якога мы аб’ядналі высілкі з АртСядзібай і супольнасцю блогераў. Гэтыя людзі мелі распрацаваны план свята незалежнасці, але ўлады не давалі ім дазволу. У нас жа атрымалася дамагчыся пазітыўнага рашэння на палітычным узроўні. Пасля гэтага і тэхнічныя пытанні вырашаліся прасцей.

Паседжанне аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР

Пра канцэрт і пратэст
Аргкамітэтам 100-годдзя БНР быў абраны фармат: Свята Незалежнасці. Але асобныя сябры аргкаму ўсё адно бачылі 25 сакавіка толькі як чарговую нагоду да пратэсту. Зразумела, мы адхілілі гэта: для Беларусі важней далучыць дзясяткі тысячаў новых людзей праз канцэрт, чым проста дзясяткі вывесці на пратэст, якіх было і будзе яшчэ шмат. Шкада, што для некаторых палітыкаў вялікі юбілей быў проста пляцоўкай для рэалізацыі сваіх амбіцыяў, прычым вельмі дробязных.
Пра дзве скасаваныя заяўкі на шэсце
Намі былі пададзеныя заяўкі на мітынг-канцэрт і шэсце ад скверу Купалы да Опернага, каб людзі паспелі на пачатак свята. Усё ішло да таго, што Мінгарвыканкам дазволіць і шэсце, і канцэрт, прынамсі, так вынікала з перамоваў. Але раптам мы дазнаемся, што сябры БНК падалі заяўку на сваё шэсце ад плошчы Якуба Коласа да Оперы, заявіўшы, што будуць арганізоўваць шэсце нават у несанкцыянаваным фармаце. Пасля гэтага ўлады скасавалі абедзве заяўкі на шэсце, а шмат якія ініцыятывы, пра якія ўжо існавала дамоўленасць, былі замарожаныя.

Ігар Марзалюк і Рыгор Кастусёў на адкрыцці выставы, прысвечанай БНР, у Нацыянальным музеі

 

Пра дзве тактыкі вырашэння пытання
Мой падыход такі: ёсць два варыянты вырашэння пытання, дзве тактыкі. Першая – гэта стаць у позу, паўтарыць сто разоў ужо гаворанае пра «крывавы рэжым», зрабіць усё як заўсёды, ды сесці на суткі ці атрымаць штраф. А плён які? Другі варыянт – гэта разабрацца, якія магчымасці адкрытыя менавіта цяпер, якія ёсць шансы, і не ўпусціць іх. Калі патрэбны вынік, дык трэба працаваць, а не займацца самарэкламай.
Пра тое, што не атрымалася
Агулам да 100-годдзя незалежнасці была рэалізаваная прыкладна траціна ад нашых прапановаў. Што не атрымалася? Мы б хацелі, каб вуліца Валадарскага займела імя братоў Луцкевічаў. Хацелі, каб МЗС правяло прыёмы, прысвечаныя 25-му сакавіка ў сваіх амбасадах за мяжой, а таксама ўшанавала памяць БНР у тых месцаў, дзе ў 1918-20-м працавалі беларускія дыпламатычныя місіі… Але, мабыць, не ўсё адразу.
Пра карцінку ў замежных СМІ
Агульны вынік неблагі, асабліва ў параўнанні з той роспаччу і паняверкай, якая апанавала незалежніцкія колы пасля 25 сакавіка 2017 году. Нашая задача была — не дапусіць, каб пра стагоддзе беларускай незалежнасці свет даведаўся з навінаў пра чарговае задушэнне пратэстаў на вуліцах Мінска. Свята адбылося, і адбылося годна. Але, нажаль, у замежных СМІ карцінка з Мінску была звычайная — хапун, арышты, збіццё… Гэта тое, што не атрымалася: унутры Беларусі Свята Незалежнасці сталася самай маштабнай акцыяй патрыётаў, але навонкі пайшоў зусім іншы мэсыдж.

Мемарыяльная шыльда, якая гадамі стаяла на офісе партыі БНФ

Пра памятную шыльду БНР на Валадарскага
З шыльдай сітуацыя наступная: 23 сакавіка яна мелася быць усталяваная. Але ўрачыстае адкрыццё шыльды – гэта масавае мерапрыемства, гэты момант мы не паспелі ўзгадніць. У СМІ раней часу пайшла інфармацыя пра дату адкрыцця, і гэта стала фармальнай нагодай для таго каб улады затармазілі працэс. Уключыліся і апаненты: ад прарасійскіх шавіністычных колаў у выканкам пайшлі звароты супраць усталявання… У выніку дамагчыся ад выканкама рэалізацыі раней дасягнутых палітычных дамоўленасцяў было ўжо цяжка. Станам на сёння бюракратычны бок пытання вырашаны. Мінгарвыканкам, з іхных словаў, зацікаўлены ў станоўчым вырашэнні сітуацыі. Спадзяюся, слова стрымаюць.
Пра галоўны прарыў
Галоўнае дасягненне і прарыў, на мой погляд, гэта тое, што атрымалася вывесці такі важны момант нашай гісторыі з ценю, заангажаваць у гэты працэс і грамадства, і дзяржаўныя структуры. Ужо ёсць разуменне, што БНР — гэта ўласнабеларускі праект, лёсавызначальны, і важны для нашай будучыні. Гэта было сапраўды народнае свята, яго рабілі палітыкі, грамадскія актывісты, блогеры, арганізатары выставаў, бровары, што варылі адмысловае піва да юбілею. І прынцыпова важна — улады перасталі дэклараваць варожае стаўленне да гэтай даты.

Алесь Кіркевіч

Крыніца: “Новы час”