13 сакавіка 2020 года прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў, А.Лукашэнка заявіў, што без міліцыі не атрымаецца “забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве”.
Пры гэтым кіраўнік краіны адзначыў, што жадаючых падарваць нас ( па аналогіі – Мы – Аляксандр І, або Мікалай І) знутры не змяншаецца, і большасць з тых, хто выяўляе такія жаданні – гэта так называемыя нашыя грамадзяне, якіх нават цяжка грамадзянамі назваць.
А хто ж гэта тады будуць, па версіі А.Лукашэнкі, “сапраўдныя грамадзяне” нашай дзяржавы ?
Як раз, напярэдадні сустрэчы з міністрам МУС Караевым, 12 сакавіка 2020 года А.Лукашэнка прымаў з дакладам яшчэ аднаго міністра – У.Караніка – міністра аховы здароўя.
Адна з тэмаў даклада, што прагучала з вуснаў Караніка, была тэма закупа медыцынскай тэхнікі і абсталявання, зменаў у арганізацыі закупаў пасля яго прызначэння на пасаду міністра 11 чэрвеня 2019 года.
“Па шматлікіх пазіцыях кошты знізіліся больш чым у два разы”, – адзначыў міністр аховы здароўя.
Самы магутны на сённяшні дзень магнітна-рэзанансны тамограф каштуе, са словаў міністра, ужо не 3,3 млн. еўра, а толькі 1,6 млн. еўра. Кампутарны тамограф каштуе не 700-800 тысяч еўра, а ад 350 да 400 тысяч еўра.
Да прыкладу, у мінулым 2019 годзе ў Беларусь было завезена 12 кампутарных тамографаў, столькі плануецца закупіць і ў 2020 годзе.
Практычна, дадзены даклад з’яўляўся справаздачай міністра аховы здароўя перад кіраўніком краіны аб выніках сваёй дзейнасці на пасадзе міністра за 9 месяцаў пасля прызначэння.
А вынікі можна назваць унушальнымі. Бо толькі за гэты час міністэрству аховы здароўя ўдалося сэканоміць на закупах абсталявання для медычных установаў краіны дзесяткі мільёнаў еўра і долараў. А калі сюды яшчэ прыплюсаваць сэканомленыя сродкі ад скарачэння коштаў на закупы запасных частак для медыцынскага абсталявання, імпартных лякарстваў і сыравіны для выпуска лекаў у Беларусі, то складваецца вельмі ўнушальная лічба, якая ў агульным плане застаецца закрытай для СМІ.
За кошт чаго міністэрству аховы здароўя ўдалося дасягнуць такіх вынікаў?
У асноўным – за кошт выключэння неабаснаванага пасярэдніцтва і выхаду наўпрост на вытворцаў абсталявання і стымуляцыі прамых паставак, а простай мова – за кошт скарачэння адкатаў у кішэні чынавенства і пасярэдніцтва разнастайных фірмаў пры міністэрстве аховы здароўя.
Узнікае пытанне – няўжо ранейшыя міністры аховы здароўя на працягу дзесяткаў гадоў не маглі выправіць сітуацыю да лепшага ў плане скарачэння коштаў на медыцынскае абсталявання, запасныя часткі, лякарствы, сыравіну?
Мабыць таму, што ў міністэрскіх і каля міністэрскіх структурах працавалі грамадзяне, якіх Лукашэнка лічыць “сапраўднымі”, дзеля якіх і працуе беларуская міліцыя, каб забяспечыць “стабільнасць у нашай дзяржаве”.
Адзін з такіх “сапраўдных” грамадзян – экс-міністр аховы здароўя, былы віцэ-прэм’ер В.Жарко, пры якім у сферы медыцыны развіваліся шматлікія крымінальныя эпізоды “справаў урачоў” нядаўна, у сакавіку бягучага года, праявіў сапраўднае ўменне перакваліфікавацца з урача ў банкіра, уладкаваўшыся ў Бел.знеш.эканом банк.
“Сапраўдныя грамадзяне” заўсёды застаюцца сапраўднымі прафесіяналамі, куды б іх не накіравала дзяржава дзеля захавання стабільнасці.
Рыгор Кастусёў