Толькі прысутнасць прадстаўнікоў БНФ і другіх апазіцыйных арганізацыяў у дзяржаўных структурах дазволіць перамагчы карупцыю.
Доказам гэтаму можа быць прыклад з майго жыццёвага досведу ў часы, калі я працаваў дырэктарам Раённага аб’яднання ЖКГ Шклоўскага райвыканкама.
У 1998-2000 гадах Раённае аб’яднанне ЖКГ было асноўным заказчыкам па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскіх «Дажынак» 1999 і 2000 гадоў у Шклове, на якія з дзяржбюджэту былі выдзелены аграмадныя сродкі. Але у параўнанні з іншымі гарадамі, дзе праводзіліся «Дажынкі» рэспубліканскага маштабу, толькі пасля шклоўскіх нікога не пасадзілі за карупцыю, і пасля свята не разваліўся ні адзін дажынкаўскі аб’ект.
Можа быць камусьці з удзельнікаў штабу па падрыхтоўцы «Дажынак» і хацелася штосьці «хапнуць», нават былі і намёкі на гэта, але мая (БНФ-ца) прысутнасць у штабе з’яўлялася нейкім стрымліваючым фактарам, з-за чаго некаторыя нярэдка коса паглядалі на мяне.
Ужо пасля прэзідэнцкай кампаніі 2001 года, з-за майго ўдзелу ў камандах Домаша і Ганчарыка, чыноўнікі ўсё ж вырашылі выжыць мяне з пасады.
Па распараджэнні Галіны Жураўковай — тагачаснай упраўляючай справамі прэзідэнта, кантралюючымі органамі два месяцы праводзілася праверка фінансавай дзейнасці аб’яднання за апошнія гады з мэтай знайсці парушэнні і аддаць мяне пад суд. Ды так ніякіх злоўжыванняў не было знойдзена. Але праз пэўны час сама Жураўкова была асуджана за карупцыю, ды ў хуткім часе памілавана Лукашэнкам.
Услед за ёй за злоўжыванні службовым становішчам з пасады быў адхілены старшыня Шклоўскага райвыканкама А.Агееў, а таксама за злоўжыванні пры размеркаванні жылля быў асуджаны на 4 гады намеснік старшыні райвыканкама Я.Семянкевіч — выканаўцы распараджэнняў Жураўковай па рэпрэсіях да мяне.
Далей, амаль праз тры гады пасля майго звальнення з ЖКГ, у 2004 г. следчы УБЭЗ Магілёўскага УУС спрабаваў сфальсіфікаваць справу супраць мяне з дапамогай падтасоўкі подпісаў на дакументах з часоў маёй працы ў ЖКГ.
З часу майго звальнення ў 2001 г. з пасады дырэктара раённага аб’яднання ЖКГ Шклоўскага райвыканкама прайшло роўна 17 год. За гэты час на пасадзе дырэктара змянілася 12 чалавек. Палова з іх былі асуджаны на розныя тэрміны.
Разам з гэтым кардынальна змянілася ў горшы бок добраўпарадкаванасць Шклова і іншых населеных пунктаў раёна. У нябыт сышлі тыя часы, калі Шклоў з’яўляўся ўзорным горадам і сюды рэгулярна ехалі дэлегацыі з розных куткоў Беларусі і з замежжа за перайманнем досведу.
Шклоўскі раён за гэты час выйшаў у лідары ва ўсёй краіне па аб’емах карупцыі. У 2016 годзе, напраклад, раённы карупцыйны складнік у грашовым аб’еме склаў 60% ад агульнага аб’ема карупцыйнага складніка па Магілёўскай вобласці.
Шклоўшчына стала сапраўднай кузьняй кадраў чыноўнікаў-карупцыянераў. Пры тым, што шмат каго да прызначэння на высокія пасады ведалі асабіста і Лукашэнка, і яго памочнік па Магілёўскай вобласці — Г.Лаўранкоў (былы старшыня Шклоўскага райвыканкама).
З большага, асуджаныя на розныя тэрміны чыноўнікі так і не адбылі свае тэрміны заключэння і былі вызвалены датэрмінова згодна іх зваротаў у дзяржаўныя органы. Некаторыя з іх з просьбай аб памілаванні звярталіся і да Лукашэнкі.
Наконт зваротаў чыноўнікаў-карупцыянераў да Лукашэнкі аб памілаванні ведаюць і шклаўчанне, як і тое, каго ён асабіста памілаваў.
Таму з вялікім сарказмам імі былі ўспрыняты яго словы, агучаныя 23 лістапада 2018 г. на рэспубліканскім семінары аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплекса Беларусі, што ён убачыў «лазейку»: «Когда коррупционеров за взятки и другие правонарушения лишают свободы, а потом, спустя некоторое время, выпускают на свободу за хорошее поведение».
«Этого больше не будет», — заявіў ён.
Будзем спадзявацца падцвярджэнню яго словаў на практыцы. Бо не за гарамі новыя карупцыйныя справы па чыноўніках, кантралючых будаўніцтва жылля ў Мінску і дапусціўшых злоўжыванні службовым становішчам пры размеркаванні і продажы кватэр.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў