Галоўная » Сага пра дрэвы – або лес у цэнтры Магілёва

Сага пра дрэвы – або лес у цэнтры Магілёва

Лес у цэнтры Магілёва сумелі стварыць сябры фотаклуба “Радуга”, якія адкрылі ў музеі этнаграфіі выставу пад паэтычнай і загадкавай назвай “Сага пра дрэвы”. Дапытлівыя магілёўцы цяпер маюць мажлівасць атрымаць асалоду ад разгляду самых разнастайных, часам неверагодных дрэваў, якія абдымаюць, сумуюць, задаюць пытанні і адказваюць на іх.

Фотамастакі народнага клуба “Радуга” прыемна здзівілі і ў чымсці ўразілі. Гэтым разам яны сабралі свае фотаздымкі з выявамі дрэваў і выставілі на агляд неабыякавай да мастацтва публікі. Падставай для прэзентацыі сваіх твораў стаў легендарны фотаздымак Паўла Цішкоўскага “Абдымкі” і ягоны сюжэтны паўтор 2021 года Аляксандра Рожына.

Класік магілёўскага мастацкага фатаграфавання Павел Цішкоўскі нарадзіўся ў вёсцы Калясішча Магілёўскага раёна. Яшчэ ў 1960-я гады ён захапіўся фатаграфаваннем, стаў у 1972-м годдзе адным з заснавальнікаў фотаклуба “Радуга”, быў узнагароджаны шэрагам медалёў на прэстыжных конкурсах фатаграфій. Адной з творчых удач майстра AFIAP стаў фотаздымак двух дрэў, якія нібыта абдымаюць адзін аднаго. На думку арганізатараў выставы да гэтага фотаздымку нельга нічога дадаць і нельга нічога прыбраць, Павел рэальна стварыў бездакорны фотаздымак

Сябры клуба вырашылі пашукаць па сваіх схованках і амаль кожны парадаваў фотаздымкамі самых разнастайных дрэў. У выніку ў памяць пра сябра і настаўніка атрымалася вельмі разнастайная і нясумная сага пра ДРЭВЫ. Па выставе можна хадзіць, як па чароўнаму лесу, і паверце, аднаго разу будзе мала, захочацца абысці яшчэ не раз, каб праверыць свае пачуцці і думкі, адкрыць для сябе шматлікія зашыфраваныя ў здымках сэнсы. Яшчэ лепей прыходзіць у гэты лес з сябрамі ці сваёй сям’ёй, бо тады, пабачыўшы сваё, кожны дапаможа спадарожніку адкрыць свет кадраў шырэй ці глыбей, прымусіць быць больш пільным.

Тут ёсць дрэвы – зверы, лапа дракона і вока хамелеона, абвітыя калючым дротам зраненыя дрэвы і ахвяры бязлітаснага магілёўскага каронавання.

Але большасць дрэў нібыта жывыя істоты, ці людзі, якія пераўтварыліся ў дрэвы: адны дзеці, іншыя старыя, а вось і прагная да мужчыны спакусніца прытулілася да грудзей волата…

Трэба прызнаць, што любое апісанне не можа перадаць свет усіх фотаздымкаў. Гэта варта паглядзець. Але заклапочаныя сваімі справамі магілёўцы традыцыйна не вельмі ахвотна наведваюць мастацкія выставы. Няма ў нашым горадзе сваёй мастацкай акадэміі, няма і традыцыі наведвання выстаў, якія на вялікім жаль не становяцца падзеямі ў горадзе. Таму цікава было паслухаць аргументы супрацоўніц музея для наведвання ці ігнаравання гэтай выставы.

Пяць прычын для наведвання выставы “Сага пра дрэвы”.  

1 аргумент. Прыродная прыгажосць заўжды станоўча ўплывае на чалавека, але трэба вучыцца бачыць гэтую прыгажосць. Дзе, як не на выставе атрымаць адзін з урокаў бачання прыроды вакол нас.

2 аргумент. У вас восеньская дэпрэсія ці кепскі настрой? Варта прыйсці на выставу, каб супакоіцца, пераключыцца, паглядзець на мастацкія творы, падумаць пра вечнае, забыць ці з іншага ракурсу пабачыць свае праблемы.

3 аргумент. Гледзячы на прафесійныя фотаздымкі лягчэй самаму навучыцца фатаграфаваць.

4 аргумент. Выстава вучыць бачыць лепш і ў жыцці.

5 аргумент. Развіць сваю фантазію, а яшчэ лепш дапамагчы сваім дзеткам развіць фантазію.

Тры прычыны не наведваць выставу.

1 аргумент. Вы можаце з’эканоміць 1 руб 50 капеек!!!

2 аргумент. Калі ў вас закрыта чакра ўспрымання мастацкай прыгажосці, то лепш наведаць гандлёвы цэнтр і выдаткаваць там у дзясяткі разоў большую суму грошаў.

3 аргумент. Кавід прымушае нас менш выходзіць на людзі. Гэта разумная стратэгія.

Перабраўшы ўсе аргументы лёгка прыйсці да высновы, што прычын ігнараваць “Сагу пра дрэвы” па сутнасці няма. Гэта прыемнае, карыснае, эканомнае выдаткаванне свайго жыццёвага часу. Кавід? Але менавіта ў музее лёгка трымацца сацыяльна бяспечнай дыстанцыі.

Выстава працуе да 25 кастрычніка.

Прыемнага прагляду.

І прыходце з сябрамі.

Алесь Верасень