Праблемы, якія цікавіць жыхароў Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, павінны адлюстроўваць мясцовыя інфармацыйныя рэсурсы найперш для таго, каб уладу маючыя эфектыўна кіравалі тэрыторыяй і дапамагалі развівацца тутэйшай грамадзе. Вось толькі люстэрка райвыканкама адлюстроўвае ўсе неяк аднабока і перадузята.
Цікава здалёк паглядзець, чым жыве мая родная Магілёўшчына. Напрыклад, што хвалюе і чым жывуць жыхары Кіраўскага раёна? І сайт мясцовага райвыканкама да знаёмства з ім падаваўся мне найлепшым адлюстраваннем праблем жыхароў, клопатаў мясцовай вертыкалі і мясцовага Савета.
Дастаткова добра на сайце адлюстравана палітычнае жыццё краіны і клопаты абласной вертыкалі. Але за студзень на ім было выстаўлена і 35 паведамленняў, якія тычыліся непасрэдна самаго раёна.
Тры паведамленні тычыліся Новага году і тлумачэння, дзе можна акунуцца ў святую ваду на Вадохрышча.
Больш за дзве трэці ўсіх паведамленняў – 25 з 35 распавядалі пра абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі і рэферэндум па ёй. Усе яны як пад кальку напісаны, вось толькі назвы ўстаноў і населеных пунктаў мяняюцца: Кіраўск, Жылічы, Мышкавічы, Чыгырынка, Паўлаўка, аўтапарк і г.д. Нават фотаздымкі нібыта адных і тых жа персанажаў у розным адзенні прадстаўлены. Калі напачатку падаецца, што ўсе кіраўцы моцна зацікаўлены ў новай Канстытуцыі, то на другой – трэцяй нататцы разумееш, што ўсё пісана ў кабінеце па адных лякалах, усё паўтараецца і імітуецца. Але выснова можа быць толькі адна: для вертыкалі Канстытуцыя – асноўная праблема.
Напрыклад пандэмія – гэта дробная праблема для мясцовых чыноўнікаў. Толькі двойчы за месяц мільганулі паведамленні пра “вакцынацыю супраць COVID-19”. І сапраўды, ці ж гэта праблема? Вось патлумачыць, навошта гэтая новая Канстытуцыя патрэбная – гэта важна. А ковід, да Бог з ім. Неяк закончыцца калісьці.
А яшчэ першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь наведаў Кіраўскі раён, а 29 студзеня на Кіраўшчыне адбылася спартыўна-масавае мерапрыемства “Кіраўская лыжня-2022” і аднойчы тутэйшаму люду распавялі, як бяспечна карыстацца агнём.
Толькі адно паведамленне датычылася гісторыі ў год гісторыі – згадка 27 студзеня пра Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту: “У гэты дзень увесь цывілізаваны свет схіляе галаву перад ахвярамі варварскіх акцый нацыстаў, якія сталі трагічным пралогам Халакосту…”
Сайт райвыканкама аказаўся нейкім крывым люстэркам. На галоўнай і афіцыйнай інфармацыйнай пляцоўцы Кіраўскага раёна сапраўды можна прачытаць, чым жыве чынавенства краіны і Магілёўскага рэгіёна, пра што клапоціцца мясцовая вертыкаль. Маецца 25 паведамлення пра палітычную кампанію з нагоды прыняцця новай Канстытуцыі, 3 – пра Новы год, 2 – пра COVID-19, па 1 – пра спорт і гісторыю.
Пасля прачытання застаўся моцны сумнеў, што мясцовая вертыкаль жыве са сваім народам адным жыццём. Не пра тое вы думаеце, панове, не пра тое пішаце!
Тася Лемон