Уручэнне 85 медалёў “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку” супрацоўнікам органаў унутраных спраў Магілёўшчыны, сведчыць аб небывалым росце злачыннасці ў вобласці, бо ўзнагарода традыцыйна ўручаецца за асабістую мужнасць і самаахвярнасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў.
Як паведамілі ва УУС аблвыканкама, цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод супрацоўнікам органаў унутраных спраў прайшла 17 снежня каля Помніка байцам батальёна міліцыі К. Уладзімірава ля Магілёва. Удзел у ёй прынялі намеснік Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, начальнік УУС аблвыканкама, начальнік Магілёўскага інстытута МУС, намеснікі начальніка УУС і Магілёўскага інстытута МУС.
Аналіз адкрытых крыніц паказвае, што гэта самае буйное аднамомантнае ўзнагароджанне ў гісторыі вобласці. Цырымонія засведчыла, што ніколі раней супрацоўнікам міліцыі не прыходзілася лавіць столькі асабліва небяспечных злачынцаў з рызыкай для жыцця.
Справа ў тым, што медаль “За адзнаку ў ахове грамадскага парадку” традыцыйна ўручаецца за асабістую мужнасць і самаахвярнасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў, ахове жыцця і здароўя людзей. У мінулую пятніцу ёй былі ўдастоены 85 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Магілёўшчыны, абласнога Дэпартамента аховы, унутраных войскаў МУС і Магілёўскага інстытута МУС.
Узнагароджанне амаль сотні міліцыянераў сведчыць, у якіх неверагодна цяжкіх умовах ім прыходзіцца працаваць. Прычым трэба ўлічваць, што да 2020 года ў краіне назіралася стабільнае змяншэнне злачыннасці, асабліва моцна змяншаліся цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Гэта сусветная тэндэнцыя. Адкуль жа ў Беларусі ў 2020 – 2021 годзе ўзялося столькі небяспечных злачынцаў?
Прычын такога цунамі злачыннасці можа быць некалькі.
Як падаецца верагодным, змагаючыся з мірнымі ўдзельнікамі пратэстаў 2020 года, міліцыянеры перасталі звяртаць увагу на сапраўдную небяспечную злачыннасць, і цяпер ім прыходзіцца змагацца з крымінальнікамі: зладзеямі, згоншчыкамі, рэцыдывістамі, бандзюганамі і іншымі небяспечнымі злачынцамі…
Але ж праблема ў тым, што афіцыйная статыстыка Магілёўскага УУС пра гэта не сведчыць. За два апошнія гады органы не зафіксавалі ў рэгіёне масавых беспарадкаў. Назіраецца толькі рост палітычных затрыманняў.
Калі ж росту крадзяжоў, нападаў, разбояў не адбылося, то застаецца меркаваць, што міліцыя настолькі стала нерашучай і баязлівай, што затрыманне палітычных – інтэлігентных юнакоў, жанчын і пенсіянераў, якія выходзілі на пратэсты, успрымаецца “мяккім” і “пяшчотным” міліцэйскім начальствам, як подзвіг.
На вялікі жаль, менавіта апошняя версія выглядае найбольш праўдападобнай. Але, калі падстава для ўзнагароджвання менавіта такая, то такім медалём немагчыма будзе ганарыцца.
Праблема яшчэ і ў тым, што сярод узнагароджаных вертухаеў, кабінетных служак, чые подзвігі заключаюцца толькі ў тым, каб палазіць па сацыяльных сетках так званых “злачынцаў”, а потым дзеля прэміі і кар’еры скласці ліпавыя пратаколы, ёсць і сапраўдныя выдатныя следакі, добрыя ўчастковыя, якія атрымалі ўзнагароды цалкам па справе. Але іх цяпер усіх прыраўнялі.
Як нам цяпер адрозніваць сапраўднага героя ад злачынца ў міліцэйскай форме?
Наш кар.