Галоўная » САЗ: У Беларусі па-ранейшаму сур’ёзная сытуацыя з каранавірусам

САЗ: У Беларусі па-ранейшаму сур’ёзная сытуацыя з каранавірусам

Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лякальнай перадачы каранавіруснай інфэкцыі, і гэта досыць сур’ёзная сытуацыя, спасылаецца БелаПАН на заяву афіцыйнага прадстаўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у Беларусі Батыра Бердыклычава.

«Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася стомленасьць, яны перастаюць ўсьведамляць усё яшчэ існуючую небясьпеку. Гэта вельмі хвалюючая тэндэнцыя, таму што вірус нікуды не падзеўся, небясьпека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зьніжэньне колькасці новых выпадкаў», — адзначыў ён.

Батыр Бердыклычаў падкрэсьліў, што прыкметаў сэзоннасьці ў COVID-19 няма — ён распаўсюджваецца і ў краінах з гарачым кліматам. Таму спадзявацца, што летам вірус сыйдзе сам, не даводзіцца. Усе рэкамэндацыі застаюцца ранейшымі: рэсьпіраторны этыкет, гігіена рук, фізычнае дыстанцыяваньне і нашэньне масак.

Гаворачы аб прагнозах разьвіцьця сытуацыі з COVID-19, прадстаўнік САЗ адзначыў, што іх рабіць вельмі складана.

«Мы можам арыентавацца на досьвед іншых краін, у тым ліку постсавецкіх. Пасьля ўвядзеньня абмежавальных мераў колькасьць новых выпадкаў зьніжалася. Але пасьля зьняцьця карантыну зноў пачаўся ўздым. Гэта сьведчыць аб тым, што насельніцтва ўсё яшчэ успрымальнае да вірусу і неабходна камбінаваць меры стрымліваньня інфэкцыі, да якіх адносяцца тэставаньне, ізаляцыя, лячэньне і адсочваньне кантактаў».

Сусьветная арганізацыя здароўя, як і раней, рэкамэндуе краінам падтрымліваць празрыстасьць і выскокі ўзровень інфармаваньня насельніцтва аб сытуацыі з каранавірусам.

Мінздароўя Беларусі з канца красавіка ня робіць прэсавых канфэрэнцый з гэтай нагоды.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 чэрвеня колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасасягнула 52 520, памерлі 298 чалавек.