Галоўная » Сенсацыйная талерка

Сенсацыйная талерка

Унікальная талерка XVI – XVII стагоддзяў знойдзена ў Магілёве і перададзена ў музей гісторыі горада. Памятаеце, гэтыя нядаўнія сюжэты ў магілёўскіх СМІ? Разбіраемся, што ж гэта за артэфакт.

У першую чаргу, звярніце ўвагу на выяву жанчыны ў цэнтры кампазіцыі, а дакладней, на яе заплюшчаныя вочы. Але, усё па-парадку.

Дакладней, калі ўсё рабіць па парадку, то ў першую чаргу павінна быць зроблена прафесійная экспертыза. Адпаведныя спецыялісты мусілі б даць заключэнне па метале, з якога зроблены артэфакт, а таксама па стылістычных асаблівасцях выявы. Гэтыя стылістычныя асаблівасці з’яўляюцца і ключом для даціроўкі аб’екта. І толькі пасля гэтага можна казаць пра ўнікальнасць і тым больш пра ўзрост “талеркі”. Гэта я тут пра заяўленую і нічым не падмацаваную характарыстыку “талерка XVI – XVII стагоддзяў”. Падобная даціроўка магла б быць апраўданай толькі ў наступных выпадках: напрыклад, талерка знойдзеная ў культурным слаі XVI – XVII стагоддзяў падчас археалагічных раскопак. Альбо, напрыклад, публічна прадэманстраваныя дакладна прадаціраваныя аналагі. Ні першага, ні другога мы не назіраем.

Наадварот, вядома толькі пра даволі цьмянае паходжанне артэфакта – яго знайшоў стораж на будаўнічым аб’екце ў раёне, вельмі дакёкім ад гістарычнага цэнтра – недзе каля вуліцы Бярозаўскай, наколькі нам вядома. Лішне казаць, што ў гэтым раёне не можа быць культурнага слоя XVI – XVII  стагоддзяў. Верагодна, “талерка” сюды патрапіла ўжо ў наш час, але якім чынам – хутка паразважаем на гэтую тэму.

Адзначым, што калі знойдзены артэфакт называюць талеркай, то маецца на ўвазе не сталовы посуд, а дэкаратыўны элемент інтэр’ера. Пра выкарыстанне аб’екта прымацаваным да сцяны сведчаць парныя адтуліны справа і злева па баках талеркі. А таксама элемент мацавання на зваротным баку. Вось як выглядае гэты бок.

Чырвоным выдзелены адтуліны. У цэнтры – рэшткі стрыжня для мацавання.

А цяпер узгадайце, якія тэхнічныя цяжкасці вам прыходзілася пераадолець, каб павесіць на сцяну талерку? Напрыклад, каб яны віселі падобна талеркам на гравюры знакамітага магілёўскага мастака Фёдара Ангілейкі “Іісус у дома Марфы і Марыі”?

Вам спатрэбіцца мацаванне на самой талерцы (можа хапіць адной адтуліны) і цвік у сцяне. Няма неабходнасці прывінчваць талерку да сцяны навечна – бо ў нейкі момант вы можаце захацець яе перавесіць.

Мацаванне, якое мы бачым на артэфакце, перададзеным у Музей гісторыі Магілёва, прызначалася яўна не для ўжытку ў хатнім інтэр’еры. Гэта, а таксама некаторыя іншыя асаблівасці падказваюць нам зусім іншае прызначэнне талеркі.

Таксама варта звярнуць увагу на тры выявы – магчыма, саціра з левага краю талеркі, і яшчэ дзве анёлападобныя выявы знізу і зверху. Адсутнасць сіметрычнай выявы з правага краю падказвае, што, магчыма, была яшчэ адна такая ж талерка, якая размяшчалася справа ад знойдзенай. І на ёй, можна здагадвацца, была б падобная кампазіцыя (магчыма, з мужчынскай выявай у цэнтры).

Сацір?

Папярэдняя выснова, якую я магу зрабіць (у гэтай выснове я абапіраюся на заключэнне даследчыка Зміцера Яцкевіча) – мы маем справу не з талеркай, а з медальёнам, які ўпрыгожваў надмагілле. Магчыма, гэта было сямейнае скляпенне накшталт тых, што захаваліся на каталіцкіх могілках па вул. Лазарэнка. Падобнае прызначэнне тлумачыць шматлікія асаблівасці артэфакта – яго, верагодна, парны характар, грунтоўнасць мацавання. І, канечне, заплюшчаныя вочы маладой жанчыны, выяўленай у цэнтры. Таксама гэта тлумачыць і абставіны знаходкі. Дапускаю, што садраны чарговымі шукальнікамі каштоўных металаў на могілках, медальён прызначаўся для пункта прыёму металалома, але нейкім чынам апынуўся на будаўнічай пляцоўцы.

Ну, а вопратка, якую мы можам пабачыць на жаночай выяве, падказвае, што падобную моду мы наўрадці сустрэнем раней за ХІХ стагоддзе.

Аляксей Бацюкоў