«Да бульдозера яшчэ далёка» – сцвярджаюць гарадскія ўлады Магілёва. Тут паказалі праекты ўшчыльнення, прэзентаваныя ўпраўленнем капітальнага будаўніцтва. Што прапаноўваюць чыноўнікі і чаму незадаволеныя жыхары?
Ушчыльненне па-магілёўску. На месцы стадыёну каля сярэдняй школы нумар 35 гарадскія ўлады прапаноўваюць пабудаваць 120-кватэрны шматпавярховік і паркоўку на 115 машын. Пацярпяць ад такой пабудовы не толькі школьнікі.
«Шмат займаюцца – выходзяць зранку і ўдзень выходзяць».
«Калі цёпла – кішыць стадыён дзецьмі, дарослымі».
«Дзеці, моладзь, летам збіраюцца дваравыя каманды па футболе, то бок стадыён карыстаецца попытам», – распавядаюць жыхары раёну.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што дырэктар школы падтрымлівае будаўніцтва, бо ўстанова не мае сродкаў на ўтрыманне стадыёну. Гарадскія ж улады ўпэўненыя, што мае сэнс будаваць новыя дамы каля ўжо гатовых сацыяльных аб’ектаў. Ірына Новікава, упраўленне адукацыі гарвыканкаму:
«У гэтым раёне школа на 1460 месцаў, а навучаецца тысяча дзяцей, ёсць тры дашкольныя ўстановы».
Падчас прэзентацыі праекту ў гарвыканкаме прадстаўнік забудоўніка – упраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёва – абяцаў скампенсаваць знішчэнне стадыёну. Бегавымі дарожкамі. Алег Бараболя, упраўленне капітальнага будаўніцтва:
«Замест таго, што мы прыбяром тут, – мы перанясём сюды і зробім новую дарожку ўнутры, калі нам скажуць зрабіць».
«Тое, што нам паказалі на гэты момант праект, – там няма ніякіх бегавых дарожак, там проста дом і побач дзве невялікія дзіцячыя пляцоўкі», – кажа мясцовы жыхар Валянцін Красоўскі.
Жыхарам вуліцы Крупскай, якіх таксама ўшчыльняюць, паабяцалі высадзіць дрэвы замест запланаванага пад высяканне парку… дзесьці ў горадзе. А вось побач, на месцы дагледжанай зялёнай зоны, паўстануць два шасціпавярховікі ды спартовая пляцоўка. Вераніка Нячай, мясцовая жыхарка:
«Наш горад, у якім ёсць «Кранаспан», «Омсккарбон», то бок мы і так пацярпелі. У горадзе павышаная анкалогія, у дзяцей астма, няма здаровых дзяцей у горадзе і нас пазбаўляюць дрэваў, каб пабудаваць дамы. Гэта абуральна».
Абурае магілёўцаў і тое, што аб прэзентацыі праектаў не паінфармавалі зацікаўленых. Вераніка Нячай гаворыць:
«Як яны нам патлумачылі, паводле закону яны мелі права нас увогуле не папярэджваць, мы павінныя сачыць за сайтам выканкаму і чытаць газеты».
Пасля такіх тлумачэнняў людзі вырашылі дайсці са сваёй праблемай нават да кіраўніка краіны.
«Мы сабралі подпісы, мы будзем звяртацца ў розныя інстанцыі, аж да Адміністрацыі прэзідэнта. Мы гэтага так не пакінем».
Гарадскія ж улады падкрэсліваюць, што зямлі пад праекты яшчэ не вылучылі і рашэнне прымуць толькі пасля абмеркавання.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu