Галоўная » Шэсце Дзедаў Марозаў у Крычаве

Шэсце Дзедаў Марозаў у Крычаве

25 снежняў Крычаве а 15-й гадзіне ў раёне “Мікра” адбылося шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурачак па вуліцы Камсамольскай, якое было арганізавана супрацоўнікамі раённага Цэнтра культуры.

Для гэтага на пэўны час па вуліцы быў перакрыты рух транспарту супрацоўнікамі ДАІ. Адметна, што шэсце на адлегласці некалькіх сотняў метраў ахоўвалася міліцыянтамі, якіх было, па прыблізнай ацэнцы, не менш за дзясятак супрацоўнікаў.

Шэсце прыцягнула ўвагу вялікай колькасці гараджанаў і завяршылася канцэртнай праграмай на танцавальнай пляцоўцы ў Парку Перамогі. Удзельнікамі святочнага мерапрыемства былі пераважна працаўнікі сфераў культуры і адукацыі (большая частка – настаўнікі гарадскіх і раённых школ), а таксама супрацоўнікі мясцовага ААТ “Беларусбанк” і ААТ “Крычаўцэментнашыфер”.

Канцэртная праграма, якая цягнулася больш за дзве з паловай гадзіны стала добрым і вясёлым мерапрыемствам для дзетак, якіх разам з бацькамі прысутнічала шмат. Удзельнікі мерапрыемства добра падрыхтаваліся і стварылі вясёлы, святочны настрой не толькі ўсім дзеткам, але і дарослым, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.

Пры гэтым кожнае выступленне ацэньваліся прадстаўнікамі аддзела культуры і ідэалогіі, якія пільна сачылі за святочнай праграмай і фіксавалі выступы працоўных калектываў. Узначальвала групоўку “смотрящих» старшыня Крычаўскага раёнага Савета дэпутатаў Пруднікава Ірына Віктараўна.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара