Галоўная » Шклоў: 11 ліпеня – забытае свята

Шклоў: 11 ліпеня – забытае свята

У Шклове ёсць вуліцы, назвы якіх звязаны з канкрэтнымі датамі гістарычных падзей: Першамайская, 8-га Сакавіка, 70 год Вялікай Перамогі, 11-га Ліпеня. І калі назвы першых трох вуліц зразумелыя насельніцтву горада, то патлумачыць назву 11 ліпеня для большасці сучасных жыхароў складана.  

Размаўляючы з жыхарамі Шклова з нагоды даты 11 ліпеня давялося пачуць самыя разнастайныя адказы, у тым ліку і наступныя: “У гэты дзень быў вызвалены Шклоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “У гэты дзень адчынены чыгуначны вакзал” (чыгуначны вакзал у Шклове знаходзіцца побач з вуліцай 11 ліпеня). Былі адказы юмарыстычныя: “У гэты дзень быў прададзены першы шклоўскі гурок”. Іншыя адказы заставаліся ў такім жа накірунку.

Даводзілася распавядаць суразмоўцам, што ў дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя  самым значным дзяржаўным святам у нашай  рэспубліцы быў дзень 11 ліпеня — Дзень Вызвалення. У гонар гэтага свята называлі калгасы, кінатэатры, вуліцы. Напрыклад, з 1931 па 1934 год у Мінску ўчастак цяперашняй вуліцы Кірава, ад Прывакзальнай плошчы да вуліцы Свярдлова, насіў назву «вуліца 11 ліпеня».  Да гэтай даты прыстасоўвалі розныя паказальныя падзеі — стварэнне Белдзяржуніверсітэта (1921), адкрыццё кінатэатра (1924), стадыёна (1930), бальніцы (1931), закладка фундамента тэатра оперы і балета (1933), уручэнне Беларускай ССР ордэна Леніна (1935) і  гэтак далей. Прыкладна ў гэты час, у адпаведнасці з тагачаснай дзяржаўнай палітыкай, ў Шклове таксама з’явілася вуліца 11 ліпеня.

У далейшым Другая сусветная вайна  1939-1945 гадоў сваёй трагедыяй і подзвігам перакрыла  Савецка-польскую вайну 1919-1920 гадоў.  На змену старым  знамянальным датам прышлі новыя — 3 ліпеня і  9 мая.  Свята 11 ліпеня паступова было забытае. І толькі праз 100 гадоў назва вуліцы, якая захавалася ў горадзе нагадала пра забытае свята.

Гістарычная даведка: Вясной 1919 года, скарыстаўшы занятасць Чырвонай Арміі на Усходнім фронце, польскія войскі ўзнавілі наступленне, захапілі Ліду і Баранавічы і імкліва рухаліся ў усходнім напрамку. Сур’ёзная пагроза навісла над Мінскам. У сувязі з гэтым Слуцкая, Бабруйская і Навагрудская каравульныя роты былі аб’яднаны ў Слуцкі зводны добраахвотніцкі батальён і адпраўлены на Заходні фронт. Пачалася мабілізацыя, на фронт дадаткова адправілі вялікую колькасць рабочых і сялян. У чэрвені 1920 года Заходні фронт атрымаў значнае падмацаванне: 12 стралковых дывізій і кавалерыйскую брыгаду. Пачалося наступленне Чырвонай Арміі, у выніку 11 ліпеня Мінск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў. Да 1 жніўня 1920 года Беларусь была поўнасцю вызвалена. 31 ліпеня 1920 года прынята «Дэкларацыя аб аб’яўленні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Беларусіі». 1 жніўня арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР (ВРК БССР) на чале з Аляксандрам Рыгоравічам Чарвяковым. У азнаменаванне вызвалення Мінска ад белапольскіх захопнікаў і першага дня незалежнасці БССР (дзень вызвалення Мінска лічыўся Днём вызвалення Беларусі) дата 11 ліпеня стала галоўным дзяржаўным святам на наступныя амаль 20 гадоў. 


Алесь Грудзіна