Зь Беларусі зьехала старэйшая дачка палітыка — Галіна Антончык зь дзецьмі. Тым часам ейны муж Дзьмітры за мяжой ужо больш за два месяцы. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку 3 ліпеня ён напісаў: «Сям’я нарэшце аб’ядналася».
У інтэрвію «Свабодзе» Дзьмітры адзначыў, што жыць у Шклове пасьля арышту старшыні БНФ Рыгора Кастусёва і абвінавачваньняў яго ў змове дзеля дзяржаўнага перавароту ды замаху на жыцьцё Лукашэнкі стала праблематычна. Горад для ягонай сям’і «стаў вельмі складаным», бо зьмянілася стаўленьне мясцовых жыхароў. Тыя, хто раней прыязна ставіўся да сям’і, перасталі вітацца. Жонцы ў вочы выказваліся зьняважлівыя словы. Прабілі колы машыны.
«Мы баяліся, што ціск маглі пачаць на сям’ю празь дзяцей, — кажа ён. — У жонкі пабывалі ўжо супрацоўнікі міліцыі. Шукалі мяне і чамусьці іх зацікавіла, што наша сям’я шматдзетная. Мы не выключалі, што да яе зьявіцца павышаная ўвага з боку органаў апекі, зь якімі ніколі раней не было праблемаў. Сям’ю маглі зрабіць сацыяльна небясьпечнай для знаходжаньня ў ёй дзяцей».
Сам Дзьмітры зьехаў зь Беларусі неўзабаве пасьля ператрусу на сямейным лецішчы 13 красавіка — на наступны дзень пасьля арышту Рыгора Кастусёва. Апэратыўнікі забралі тады кампутар. Зяць зьняволенага палітыка кажа, што ў кампутары не было крамолы, але «з гледзішча таго, што цяпер і за бяскрыўдныя рэчы садзяць людзей, то непрыемнасьцяў трэба было перасьцерагацца». Акрамя таго, дадае ён, пасьля леташніх пратэстаў у Шклове яго папярэджвалі аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.
Паводле Дзьмітрыя, апошнім часам ад Рыгора Кастусёва лісты не прыходзілі. Раней ён пісаў, што расьсьледаваньне справы працягнутае да 12 кастрычніка 2021 году. Меру стрыманьня яму адмовіліся зьмяняць. Палітык наракаў, што ў камэры больш няма тэлевізара. Яго забраў сукамэрнік, якога перавялі ў іншае месца.
Паводле яшчэ адной дачкі Кастусёва, Кацярыны, перадаць яму тэлевізар не дазволілі. Яна кажа, што бацька ў лісьце напісаў пра абвастрэньне хранічных хваробаў.
- Старэйшай дачцэ Рыгора Касутсёва Галіне Антончык 40 гадоў. Паводле адукацыі яна настаўніца. Апошнія гады займалася гадаваньнем чатырох дзяцей.
- 37-гадовую Кацярыну Кастусёву, сярэднюю дачку, якая выкладала ў музычнай школе, звольнілі з працы яшчэ пасля выбараў 2010 году. Сёлета ў лютым у яе быў ператрус, саму яе ненадоўга затрымілівалі, але адпусьцілі.
- 33-гадовы сын Кастусёва Андрэй у Польшчы ўжо пятнаццаць гадоў, зьехаў неўзабаве па сканчэньні школы. Вучыўся ў Гданьскім унівэрсытэце на эканамічным факультэце. У студзені 2011 году за ўдзел у акцыі салідарнасьці адседзеў у жодзінскім ізалятары 15 дзён пад адміністрацыйным арыштам. Пасьля быў дапытаны ў КДБ у справе пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Апэратыўнікаў цікавілі падрабязнасьці ягонай вучобы за мяжою. Андрэю Кастусёву ня раз дасылалі позву ў ваенкамат.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядутыпаведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (туті тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗШАі Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцінзаявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.