Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Інстытутам гісторыі ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гг. “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” падрыхтаваны і выдадзены чарговы зборнік навуковых артыкулаў “Шклоў і Шклоўскі раён”.
Зборнік навуковых артыкулаў уключае матэрыялы, прысвечаныя праблемам палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і культурнай гісторыі Шклова і Шклоўскага раёна. Артыкулы прайшлі апрабацыю на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Шклове 20-21 сакавіка 2018 года.
У прадмове выдання дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.В. Даніловіч піша: “Шклоўшчына багата шматлікімі і разнастайнымі археалагічнымі і гістарычнымі помнікамі: Стары Шклоў, Шклоў пачатку Новага часу, Александрыя, Шклоўская ратуша, Шклоўскі кадэцкі корпус і т.д., вось далёка не поўны пералік аб’ектаў дадзенай спадчыны. Захоўваць і папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну неабходна перш за ўсё на рэгіянальным узроўні, праз мясцовыя помнікі і матэрыялы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі і культуры краіны”.
У выданні ўтрымліваюцца артыкулы навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Расіі пра археалагічнае вывучэнне Шклоўшчыны і асобных аб’ектаў на тэрыторыі рэгіёна, пра гістарычнае мінулае Шклова і раёна ў Новы і Навейшы час. Змест зборніка накіраваны на больш глыбокае вывучэнне гісторыі Беларусі на прыкладзе Шклоўскага краю. Адрасуецца даследчыкам, студэнтам, краяведам, усім тым, хто цікавіцца рэгіянальнай гісторыяй Беларусі.
Таксама на канферэнцыі Інстытутам гісторыі НАН Беларусі былі адзначаны падзякамі мясцовыя даследчыкі Шклоўшчыны.
Алесь Грудзіна