Актывіст руха “За свабоду”, жыхар Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі, які на перадвыбарчым пікеце збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатам на выбары прэзідэнта Юрася Губарэвіча, прадстаў перад судом за нібыта правядзенне незаконнага масавага мерапрыемства (ч.1 арт.23.34 КаАП). Незаконным масавым мерапрыемствам міліцыя і раённая выбарчая камісія палічыла пікет па зборы подпісаў.
Суд над Мігурскім пачаўся ў Шклоўскім райсудзе даволі нервова. Суддзя, палічыўшы, што адна з прысутных спрабуе зняць нешта на тэлефон, адразу вынес ёй папарэджанне, затым увогуле выдаліў яе з залі, заявіўшы, што яна ўсё ж такі імкнецца нешта зняць, гледзячы ў свой мабільны тэлефон. Папярэджанне было вынесена і аўтару гэтых радкоў за пачуты суддзёй гук уключэння дыктафона. У далейшым падчас пасяджэння суддзя заяўляў падсуднаму, што не трэба казаць словы “добра” і “дзякуй”.
Напачатку пасяджэння Пётр Мігурскі заявіў адвод суддзі, абгрунтаваўшы гэта, у прыватнасці тым, што той праявіў некампетэнтнасць, прыняўшы да разгляду неправільна аформлены міліцэйскі пратакол, без апытання арганізатараў пікета і з-за таго, што ў матэрыялах справы адсутнічае інфармацыя пра увесь пікет, а не толькі адзін бок выкарастана на ім стэнда. Суддзя адхіліў адвод. Таксама ён не задаволіў хадайніцтва аб вядзенні гука- ці відэазапісу судовага працэсу, заявіўшы, што гэта немэтазгодна.
У той жа час ён задаволіў хадайніцтва Мігурскага аб выкліку названых ім сведак, сярод якіх супрацоўнікі міліцыі, кіраўніцтва райвыбаркама, а таксама лідэр руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Апошні будзе апрошаны шклоўскім суддзёй па відэасувязі, калі будзе знаходзіцца ў адным з мінскіх судоў. Апытанне гэтых сведак павінна адбыцца на наступным пасяджэнні 29 ліпеня.
Падзеі, якія сталі прадметам разгляду суда, мелі месца ў Шклове 16 чэрвеня, дзе Мігурскі, як сябр ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Юрася Губарэвіча, разам з ім і тэхнічнай супрацоўніцай якраз і займаўся перадвыбарчай дзейнасцю. Пры гэтым за апазіцыянерамі пільна сачылі, незаўважна здымаючы на камеру іх перасоўванні. Потым гэтыя кадры сталі відэадоказам пры абвінавачванні Мігурскага.
Так, на пярэднім баку стэнда, які паставілі актывісты паведамлялася пра збор подпісаў за Губарэвіча, а на адваротным месціўся надпіс “Падпішы петыцыю за перанос выбараў пасля эпідэміі і без Лукашэнкі”. І менавіта адваротны бок быў зняты таемным аператарам. Заклік, які па мяркаванні кіраўніцтва райвыбаркама і міліцыі не тычыўся перадвыбарчай тэматыкі, і стаў прычынай абвінавачвання Мігурскага ў правядзенні незаконнага пікета пад выглядам збору подпісаў.
Таму старшыня райвыбаркама Дзядкоў і сакратар Браўн склалі акт аб парушэнні. Праўда, гэта адбылося пасля таго, як пікет быў скончаны, а падчас яго ні Дзядкоў, ні Браўн, якія знаходзіліся на месцы збора подпісаў за Губарэвіча, не выказвалі ніякіх прэтэнзій і не патрабавалі спыніць “незаконныя дзеянні”, якія адбываліся перад іх носам. Менавіта на гэта сярод іншага і ўказваў падчас пасяджэння Мігурскі. Ён таксама адзначаў, што Губарэвічу ніхто не даваў падпісваць складзены акт аб парушэнні, на падставе якога потым быў напісаны міліцэйскі пратакол.
У каментары “Магілёўскаму рэгіёну”, з якім актыўна супрацоўнічае Пётр Мігурскі, ён адзначыў, што гэта справа палітычна матываваная. “Гэта пераслед мяне як журналіста, які ініцыявалі сябры раённай выбарчай камісіі”, – сказаў актывіст, паведаміўшы, што ў міліцыі шмат да яго прэтэнзій за рэпартажы, відэаздымкі, абвінавачванні ў бок праваахоўнікаў у неправамерных дзеяннях. Ён адзначыў, што не здзівіцца, калі будзе асуджаны да штрафу ці адміністрацыйнага арышту.
Уладзімір Лапцэвіч