24 мая – Еўрапейскі дзень паркаў
Цікавасць да гарадскога парка ў Шклове не знікала ніколі. І гэта не выпадкова, знаходзячыся ў цэнтры горада, ён заўсёды прываблівае жыхароў і гасцей горада.
Неаднойчы даводзілася праводзіць як школьнікам, так і дарослым турыстам экскурсіі па гэтаму цудоўнаму кутку Шклова. І заўсёды, асабліва ад жыхароў з іншых гарадоў, гучалі словы зайздрасці, з нагоды існавання ў нашым горадзе цудаўнага кутка садова-паркавага мастацтва.
Трэба адзначыць, што парк у Шклове, у асноўным, добра захаваўся. Мясцовы Жылкамгас даглядае гэты гарадскі аб’ект: прыбіраецца смецце, фарбуюцца паркавыя збудаванні і агароджа, перыядычна робіцца пасадка новых дрэў, ёсць клумбы з кветкамі. Асабліва вялікая праца па добраўпарадкаванню парка была праведзена пры падрыхтоўцы горада да правядзення фестываля-ярмаркі працаўнікоў сяла “Дажынкі” і свята “Дзень беларускага пісьменства”. Менавіта тады і была зроблена каля ўвахода невялічкая таблічка з інфармацыйным паведамленнем з гісторыі парка.
Аднак з тых часоў прайшло ўжо больш за паўтара дзесятка гадоў. Інфармацыйная таблічка даўно замаляваная. Да таго ж яна невялікіх памераў. Даўно надышоў час зрабіць у шклоўскім парку новы сучасны інфармацыйна-памятны знак, які павінен прывабліваць і грунтоўна распавядаць асноўную інфармацыю пра гэты каштоўны помнік садова-паркавага мастацтва.
Інфамацыйная даведка:
Закладка парка пачалася ў 1902-1903 гадах. Ён займае амаль роўную тэрыторыю, у плане мае форму прамавугольніка. Цэнтрам кампазіцыі раней быў прысядзібны дом.
Перад заходнім яго фасадам быў размешчаны вялікі парадны партэр. Ён быў акружаны нізкім бардзюрам і дэкарыраваны штамбавымі ружамі. Цэнтральную частку займала клумба, аформленая экзатычнымі раслінамі – драцэнай і эхеверыяй. Да параднай часткі парка з супрацьлеглых бакоў вялі дзве ўязныя алеі. Паўночная, кляновая, перасякала парк у папярочным напрамку і звязвала яго з прычалам на Дняпры. Тут жа былі два дрэвы таполі белай, якія фіксавалі прыпынак карэт. Зараз захавалася толькі адно дрэва.
Паўднёвая ўязная (ліпавая) алея кароткая. Яна падводзіць да ўсходняга боку партэра, адкуль праменямі разыходзяцца паркавыя алеі, злучаныя бакавымі, што ўтварае структурную аснову гэтай часткі парку. Алея таполяў выводзіць на бакавыя алеі, прамалінейна размешчаныя ўздоўж паўночнай і паўднёвай мяжы. З паўднёвага боку парк быў абсаджаны фармаманнай загараддзю з караганы і абнесены агароджай. Уздоўж яе ідзе алея з таполяў.
З супрацьлеглага боку парку алея не захавалася. Вялікая колькасць алей, якія вызначаюць кампазіцыйную пабудову парку, складае яго асаблівасць. Насаджэнні парку складаюць у асноўным мясцовыя віды.
Парк стварыў мясцовы садоўнік С.У.Маліноўскі.
Шклоўскі парк з’яўляецца каштовым помнікам садова-паркавага мастацтва.
Алесь Грудзіна. Фота аўтара