Аграгарадок Дабрэйка ў апошнія гады папрыгажэў, дабавіў абслугоўваючых устаноў, 2 разы на дні ў вёску заходзіць рэйсавы аўтобус “Магілёў-Шклоў”. Але чамусьці асаблівага камфорту жыхары Дабрэйкі не адчуваюць.
У свой час мясцовыя жыхары з вялікай удзячнасцю да мясцовай улады за створаныя ўмовы для пражывання ў вёсцы. Падчас “Дажынак” адкрылі Дом народнай творчасці, бібліятэку, ФАП, комплексны прыёмны пункт, сучасны магазін. Калі раней трэба было, каб даехаць да Шклова ці Магілёва, ісці за 2 км да шашы, зараз уранку і к вечару рэйсавыя аўтобусы давозяць мясцовых пасажыраў у вёску. Але ж ёсць і хібы, якія можна было б выправіць якраз мясцовай уладзе. Напрыклад, абсталяваць аўтобусны прыпынак навесам для чакаючых, якія ў жару і непагадзь павінны туліцца каля іншых будынкаў.
Улетку мінулага года жыхары Дабрэйкі сабралі подпісы наконт добраўпарадкавання вуліц і аўтобуснага прыпынку. Мясцовыя чыноўнікі арганізавалі сход, доўга абмяркоўвалі праблемы і паабяцалі выправіць становішча. Потым даслалі пісьмо, у якім нудна распавядалі пра недахоп фінансаў у бюджэце на вырашэнні мясцовых хацелак. На сустрэчы с жыхарамі, дарэчы, прысутнічала адказная асоба с “Аблгазу”, пад патранажам якога знаходзіцца вытворчасць мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Гэта вельмі зручна: спаслацца на галечу і нічога для мясцовых жыхароў не зрабіць. Але ж прапаноўваліся і варыянты: 1. Магчымасці “Аблгазу”; 2. Магчымасці дэпутата Парламента; 3. Магчымасці вышэйстаячага бюджэту; 4. Разгледзець праект добраўпарадкавання Дабрэйкі, па якому вялося асфальтаванне вёскі і куды падзеліся грошы на будаўніцтва запланаванага прыпынку?
З той пары чыноўнікі Шклоўскага райсавету ў Дабрэйку ні нагой.
Але ж за адной праблемай ходзіць і іншая – дзесьці год назад у вёсцы рэзка пагоршылася мабільная сувязь, асабліва МТС. Некаторыя жыхары спрабавалі дабіцца праўды ў адпаведнага аператара, але ім нічога разумнага на гэты конт не патлумачылі. 15 красавіка 2020 года аўтар звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама з просьбай вырашыць праблему. Той накіраваў маю скаргу ў мясцовы вузел сувязі, што і было зафіксавана пісьмом на мой адрас.
А вось далей пачынаецца цікавае. Праз некаторы час з офіса МТС патэлефанаваў адказны работнік, які некаторы час распавядаў аб цяжкасцях у прадастаўленні паслуг сувязі наогул. На пытанне, што здарылася з сувяззю ў Дабрэйцы, нічога талковага не адказаў. На прапанову адкарэкціраваць падачу сігналу на вёску распавёў прыкладна так:
МТС: -Калі мы вам дадзім добры сігнал, то ў кагосьці ён прападзе. Такім чынам, гэта не вырашэнне пытання.
Аўтар: – Але ж раней сувязь была добрая.
МТС: – Я не вырашаю гэтага пытання.
Аўтар: – А якім чынам яго вырашыць?
МТС: – Ёсць адмысловае абсталяванне коштам прыкладна 50 рублёў, з дапамогай якога на асабістым падворку пытанне і будзе вырашана.
Пасля гэтай размовы аўтар вырашыў наладзіць асабістае даследаванне магчымай тэрытарыяльнай карэктыроўкі зоны пакрыцця ўстойлівым сігналам МТС. Справа ў тым, што зусім нядаўна ў Дабрэйцы з’явіўся новы дачны пасёлак, адным з забудоўшчыкаў якога з’яўляецца высокі аблвыканкамаўскі чыноўнік. Ня буду грашыць асабіста на яго (зразумела, што 50 рублёў для такіх людзей дробязь), але якраз устойлівая сувязь абанентаў МТС характэрна для двух дачных вуліц. Вось так “блатныя” дачнікі рэзка панізілі сацыяльны статус вяскоўцаў.
Прыкрасць жа яшчэ і ў тым, што ўстойлівая сувязь МТС заканчваецца якраз на мяжы дзіцячага сада. Пры гэтым некалькі пытанняў да мясцовай ўлады:
1. Вы, наогул, што-небудзь вырашаеце ў гэтым жыцці?
2. Вы здольны арганізаваць сучаснае абсталяванне аўтобуснага прыпынку ў Дабрэйцы, ці пра гэта ўсё выкласці ў звароце да Прэзыдэнта?
3. Хтосьці з чыноўнікаў возьме на сябе смеласць арганізавацю добрую сувязь на вёсцы;
4. Старшыні аблвыканкама, наогул, вядома, што дзе ні з’яўляюцца чыноўнікі яго апарату, жыццё шараговых грамадзян пагаршаецца?
Дарэчы, калі не выправіцца становішча ў Дабрэйцы, будзем лічыць гэта прыкметай слабасці якраз губернатара. Вось так, паважаны Леанід Канстанцінавіч Заяц, вырашайце пытанне.
З павагай, Петр Мігурскі, жыхар аграгарадка Дабрэйка