Некалі ў Шклове было шмат цудоўных мясцін для адпачынку грамадзян. Асабліва вызначаўся мнагалюднасцю бульвар на ўзбярэжжы Дняпра.
Шклоўскі бульвар, які месціцца на ўзбярэжжы ракі Днепр ў самым пачатку вуліцы Луначарскага, быў вядомы яшчэ ў перадваенныя гады і, бадай што, быў цэнтральным месцам адпачынку жыхароў Шклова. Мясцовы люд тут цудоўна бавіў час: яны купаліся ў Дняпры і каталіся на лодках, што ў неабходнай колькасці меліся на лодачнай станцыі. Тут жа праводзіліся і спаборніцтвы па воднаму спорту.
З успамін жыхара Шклова Леаніда Аўчыннікава: “На бульвары збіралася такая вялікая колькасць жыхароў Шклова, што, здаецца, нават паветра звінела, смяялася, гаманіла. Які там быў чысты сыпучы пясок! Дзятва ўдосталь напляскаўшыся ў рацэ, з разгону кідалася ў яго абдымкі і песцілася пад ласкавым сонейкам. Шклаўчане больш сталага ўзросту адпачывалі ў цяністай прахалодзе разгалістых дрэў”.
Ваеннае ліхалецце нанесла гэтаму цудоўнаму кутку значны эстэтычны ўрон. У пасляваенны час шклоўскі бульвар пачаў апекавацца калектывам дзіцячага дома №2, які быў створаны ў 1945 годзе і знаходзіўся непадалёк. Супрацоўнікі і выхаванцы дзіцячага дома пастаянна падтрымлівалі належны парадак на бульвары і прылягаючай тэрыторыі. Цудоўны куток прыроды па-ранейшаму быў любімым месцам адпачынку не толькі дзяцей-сірот, але і ўсіх гараджан. Пакуль існаваў дзіцячы дом (зачынены ў 1969 годзе), бульвар меў прывабны і ўтульны выгляд.
Паступова паток адпачываючых ў шклоўскі бульвар амаль спыніўся. Днепр хутка пачаў мялець. Яго берагі і сам бульвар ўсё надзейней стаў абжываць хмызняк. Настаў момант, і ўжо былую цудоўную мясціну назваць бульварам язык не паварочваецца. Некалі маляўнічая мясціна ператвараецца ў сметнік. Дык хто мы на гэтай тленнай зямлі: гаспадары ці няўдзячныя госці?
Алесь Грудзіна. Фота аўтара