Даўно ўжо ўлягліся страсці вакол разноса, што зладзіў А.Лукашэнка шматлікім чыноўнікам пры наведванні малочна-таварнай фермы і мехдвара аграхолдынга “Купалаўскае” Шклоўскага раёна ў сакавіку 2019 года. Тады, за неналежнае ўтрыманне кароў на ферме Сліжы і нездавальняючы стан сельскагаспадарчай тэхнікі, шмат хто з чыноўнікаў былі пазбаўлены сваіх пасадаў, або пераведзены на іншыя.
Успомніць пра тыя падзеі, амаль двухгадовай даўніны, звязаныя са Шклоўшчынай, падштурхнула малазаўважная для беларускага грамадства інфармацыя аб прыёме А.Лукашэнка з дакладам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.Худыка 1-га лютага 2021 года, дзе кіраўнік краіны заявіў, што Беларусь прадоўжыць удзяляць сур’ёзную ўвагу ахове навакольнага асяроддзя.
“Для меня природа – это абсолютный приоритет. Это приоритет приоритетов. Есть природа – есть жизнь. Нет природы – нет жизни. Чем грубее, по-хамски мы относимся к природе, тем хуже живем, – падкрэсліў ён у час нарады, адзначыўшы, што, згодна дадзеных Мінпрыроды, Беларусь у плане аховы навакольнага асяроддзя выдзяляецца ў самы лепшы бок сярод іншых краінаў свету.
Але, як насамрэч абстаіць сітуацыя з аховай прыроды, прапануецца разгледзець на прыкладзе таго ж самага Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, які А.Лукашэнка рэгулярна наведвае, нярэдка адпачываючы ў сваёй рэзідэнцыі, размешчанай ў Александрыі.
Згодна дадзеных Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па кантролі за працай ачышчальных збудаванняў вобласці ў тым жа 2019 годзе, Шклоўскі раён зноўку аказаўся ў “лідарах” па фактах выяўленых перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у сцёкавых водах на выпуску ў водныя аб’екты.
З 29-ці выяўленых па вобласці фактаў, найбольшыя аб’ёмы па выпуску сцёкавых вод у рэкі зафіксаваны ў Шклоўскім раёне.
–Мсціслаўскае УКВП «Водаканал» (у цяперашні час УВКП ВКГ «Магілёўаблвадаканал» філіял «Магілёўвадаканал”) – у 2019 годзе дапушчана 3 факты скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў г.Мсціслаў ў р.Віхра, аб’ём якіх склаў – 13,1 тыс. метраў кубічных;
–Шклоўскае УКП «Жылкамгас» (у цяперашні час УВКП ВКГ «Магілёўаблвадаканал”» філіял «Магілёўвадаканал”) – у 2019 годзе дапушчана 4 факты скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў г.Шклоў ў р.Днепр аб’ём якіх склаў – 18,4 тыс.метраў кубічных;
–УКВП «Камунальнік» г.Горкі (у цяперашні час УВКП ВКГ «Магілёўаблвадаканал”» філіял «Магілёўвадаканал”) – у 2019 годзе дапушчана 2 факты скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў г. Горкi ў р.Проня, аб’ём якіх склаў – 2,7 тыс.метраў кубічных;
–Крычаўскае УКВП «Вадаканал» (у цяперашні час УПКП ВКГ «Магілёўаблвадаканал”» філіял «Касцюковічывадаканал”) – у 2019 годзе дапушчана 3 факты скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў н.п.Свадковічы ў р.Добрасць, аб’ём якіх склаў – 1 , 1 тыс.метраў кубічных;
–МУКВП «Жылкамгас» – у 2019 годзе дапушчана 4 факты скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод ачышчальных збудаванняў ліўневых вод у р.Дзегцярка, аб’ём якіх склаў – 19 тыс.метраў кубічных;
–ААТ «Александрыйскае», Шклоўскага раёна – у 2019 годзе дапушчана 6 фактаў скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод з ачышчальных збудаванняў у р.Бярозаўка, аб’ём якіх склаў – 43,7 тыс.метраў кубічных.
Антылідарам па забруджванні водных аб’ектаў сцёкавымі водамі сярод іншых раёнаў вобласці, Шклоўскі раён заставаўся і ў 2020 годзе. Сярод парушальнікаў зноўку:
-«Магілёўаблвадаканал» філіял «Магілёўвадаканал” – ачышчальныя збудаванні г.Мсціслаў;
-«Магілёўаблвадаканал» філіял «Магілёўвадаканал” – ачышчальныя збудаванні г.Шклоў;
-МУКП «Жылкамгас» г.Магілёў;
-ААТ «Александрыйскае», Шклоўскага раёна.
Падобныя факты назіраюцца ўжо і ў бягучым 2021 годзе.
На гэтым фоне ўзнікае пытанне.
Як жа так?
У 2019 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў суверэнны крэдыт Беларусі ў памеры 26,8 млн.еўра на мадэрнізацыю і рэканструкцыю каналізацыйна-ачысных збудаванняў у гарадах Клецк, Любань, Фаніпаль, Баранавічы, Бяроза, Жлобін, Шклоў, з мэтай паляпшэння якасці вады ў краіне.
Што адбываецца на ачысных збудаваннях г.Шклова – у наступным артыкуле.
(Працяг будзе)
Рыгор Кастусёў