“Магілёўскі рэгіён” на сваіх старонках ужо распавядаў аб фактах перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у сцёкавых водах на выпуску ў водныя аб’екты з ачыстных збудаванняў вобласці, выяўленых Магілёўскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
З 29-ці выяўленых па вобласці фактаў у 2019 годзе, найбольшыя аб’ёмы па выпуску сцёкавых вод у рэкі зафіксаваны ў Шклоўскім раёне. Не палепшылася сітуацыя з забруджваннем рэк на Шклоўшчыне і ў мінулым 2020 годзе.
Што ж чакаць шклаўчанам, ды і не толькі, у 2021 годзе? Бо сцёкавыя воды з аб’ектаў Шклоўскага раёна ў выніку пападаюць у раку Днепр, якая перасякае з поўначы на поўдзень не толькі Беларусь, а яшчэ і Украіну, упадаючы ў Чорнае мора.
Аб неабходнасці рэканструкцыі сістэм каналізацыі ў Шклоўскім раёне гаворка вядзецца ўжо больш 10-ці гадоў. Яшчэ ў 2010 годзе, пры наведванні Магілёўскай вобласці, тагачасны мірністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя У.Цалко завастраў увагу на фактах выпуску сцёкавых водаў з ачысных збудаванняў “Вадаканала” у г.Шклове і в.Александрыя ў 2009 годзе. І, як запэўніў тады міністр, для вырашэння праблемы ў тым жа, 2009 годзе, распачата рэканструкцыя ачысных збудаванняў горада.
Прайшло 5 гадоў, і ўжо з праблемамі ачысткі сцёкавых вод на Шклоўшчыне разбіраўся тэлеканал АНТ разам са спецыялістамі Магілёўскага абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2015 годзе камунальнікі паведамілі,што ачысныя збудаванні ў Шклове будуць уключаны ў праграму “Чыстая вада” на бліжэйшую пяцігодку, г. зн. – на 2016-2020 гады.
Прайшло яшчэ пяць гадоў, Савет міністраў Беларусі, магілёўскія і шклоўскія чыноўнікі адсправаздачыліся аб паспяховай рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” і, канешне, аб асваенні фінансавых сродкаў на яе рэалізацыю.
А на т. зв. Усебеларускім народным сходзе, што адбыўся 11-12 лютага 2021 года, нават, падвялі вынікі паспяховага выканання Праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, і Магілёўскай вобласці ў тым ліку, за 2016 – 2020 гады.
А што ж на ачысных збудаваннях? На ачысных збудаваннях Шклова адбыліся значныя перамены. Калі раней супрацоўнікі аховы прыроды фіксавалі адзінкавыя факты выпуску сцёкавых водаў у водныя аб’екты, то зараз нечыстоты поўным патокам ільюцца ў невялікую рачулку Капуснік, што далей упадае ў Днепр. Перадаць рэальны стан рэчаў з рачулкай праз фотаздымкі немагчыма, яго можна адчуць толькі знаходзячыся там і адчуваючы смурод, што разносіцца па ваколіцы.
Якая перспектыва па будаўніцтву або рэканструкцыі ачысных збудаванняў у Шклове?
Нягледзечы на неспрыяльны стан многіх аб’ектаў ЖКГ краіны, аб чым сведчаць шматлікія аварыі ў зімовы перыяд 2020-21 гадоў у шэрагу гарадоў, Савет міністраў, парламент краіны зацвердзілі бюджэт Беларусі на 2021 год са значным зніжэннем расходаў на сферу ЖКГ. Скарачэнне расходаў на ЖКГ на 2021 год складзе 114 млн. рублёў, або 23% у параўнанні з мінулым годам.
У 2019 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Лондане, выдзеліў фінансавыя сродкі для правядзення мадэрнізацыі і рэканструкцыі каналізацыйна-ачысных збудаванняў у шэрагу гарадоў Беларусі, у тым ліку ў Шклове, з мэтай паляпшэння якасці вады на тэрыторыі Беларусі.
Побач са старымі шклоўскімі ачыснымі збудаваннямі летась былі распачаты работы па будаўніцтву новых аб’ектаў для ачысткі сцёкаў. Але, як пачалі, так і закончылі. Напрыканцы 2020 года па невядомых пакуль прычынах будоўля была замарожана.
Так што перспектывы з вырашэннем праблемаў ачысных збудаванняў на Шклоўшчыне пакуль цьмяныя.
“Магілёўскі рэгіён” і надалей будзе адсочваць развіццё падзей вакол гэтых праблемаў.
(Працяг будзе)
Рыгор Кастусёў