“Магілёўскі рэгіён” працягвае адсочваць сітуацыю з захаваннем прыродаахоўнага заканадаўства на тэрыторыі вобласці. Раней на старонках партала ўжо размяшчалася інфармацыя аб фактах перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у сцёкавых водах на выпуску ў водныя аб’екты ў 2019 і 2020 гадах. Антылідарам па аб’ёмах забруджаных сцёкавых вод выпушчаных у водныя аб’екты быў названы Шклоўскі раён.
Львіная доля антылідарскага рэйтынга Шклоўшчыны па выпуску нечыстотаў ў водныя аб’екты прыпадае на ААТ “Александрыйскае”.
Ці змянілася што ў гэтым пытанні, як адрэагавалі прыродаахоўныя службы вобласці на дадзеныя негатыўныя факты? – запытваюць чытачы “Магілёўскага рэгіёну”.
Бо, менавіта, вясенняя пара праз актыўнае таянне снегу спрыяе сцёку нечыстотаў ў водныя абекты.
Нават на міжнародным узроўні, менавіта, дата – 22 сакавіка 48-й Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1994 годзе абвешчана Сусветным днём вады.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у краіне распрацаваны і зацверджаны праекты вадаахоўных зонаў і прыбярэжных палос водных аб’ектаў для ўсіх гарадоў і раёнаў вобласці.
А жыхарам Магілёўшчыны ёсць за што хвалявацца. На тэрыторыі вобласці размешчана 496 вадаёмаў, з іх 120 – гэта азёры, 18 – вадасховішчы, 358 – сажалкі. Па тэрыторыі працякае 407 рэк, 65 каналаў, 67 ручаёў, размешчана 256 крыніц з жыватворнай вадой.
Разам з усімі землякамі за чысціню прыроднага асяроддзя хвалююцца і жыхары населеных пунктаў размешчаных на тэрыторыі ААТ “Александрыйскае”, асабліва за лёс невялікай рачулкі Бярозаўка, разам са шматлікімі рукатворнымі сажалкамі, воды якой на тэрыторыі гаспадаркі зліваюцца з Дняпром.
А хвалявацца ёсць за што. Бо з кожным годам, сажалкі, якія разам з прыбярэжнымі ўчасткамі шмат гадоў з’яўляліся зонамі адпачынку для вяскоўцаў са Стараселля, Троіцы, Уланава, іншых вёсак, з-за безгаспадарчасці паступова ператвараюцца ў балоты са смярдзючай вадой.
Як паказвае сітуацыя бягучага 2021 года, перспектывы Шклоўскага раёна па захаванні антылідэрства ў забруджванні прыроднага асяроддзя выглядаюць яшчэ больш рэальнымі, чым у мінулыя гады.
Дастаткова хаця бы пабачыць стан сажалкі каля аг. Стараселле, на вызваленых ад лёду невялікіх водных участках якой можна ўжо пабачыць значную колькасць забруджвальных рэчываў арганічнага паходжання.
І толькі злачынствам, а не інакш, неабходна назваць работы ААТ “Александрыйскае” па ўнясенні гноевай жыжы на палях у гарыстай мясцовасці каля в.Уланава, адкуль гэтая арганіка разам з прыроднымі асадкамі сцякае ў мясцовыя ручаіны, і далей ў раку Бярозаўка. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, нават, не хвалюе, што побач, ў сотні метраў ад гэтай мясцовасці размешчаны дзіцячы лагер адпачынку “Космас”.
Падобныя злачынствы да прыроды адбываюцца пад фанфарныя справаздачы Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яго Шклоўскага раённага падраздзялення, грамадскай экалагічнай рады пры Магілёўскім абласным камітэце аб “поспехах” у працы на карысць прыроды і грамадзян.
31 сакавіка 2021 года адбудзецца чарговая нарада грамадскай каардынацыйнай рады пры Магілёўскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адным з пунктаў парадку дня нарады – урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу, фінансуемага за кошт сродкаў Еўрапейскага Саюза пры падтрымцы ААН, па паляпшэнні ўпраўлення аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні.
Самым анекдатычным будзе тое, калі ўзнагароды за кошт еўрапейскага гранта атрымаюць прадстаўнікі “экалагічнай грамадскасці” са Шклоўскага раёна.
А жыхарам населеных пунктаў на тэрыторыі “Александрыйскага” застаецца толькі спадзявацца, што пры зацвярджэнні плана дзейнасці грамадскай экалагічнай рады на 2021 год, будуць узняты і праблемныя пытанні невялікай рачулкі Бярозаўкі, нясучай свае воды да Дняпра.
Можа быць магілёўскія эколагі нарэшце пачуюць сяльчан?
Рыгор Кастусёў