Гэта адна з малых рэк Магілёва, якая з’яўляецца яго ўпрыгажэннем і месцам адпачынку шматлікіх гараджан. Яе маляўнічы кавалачак у самым цэнтры горада каля гасцініцы «Магілёў» вельмі вабіць гасцей і турыстаў. Тут можна выпіць кубачак кавы ўлетняй кавярні, пакарміць дзікіх качак, падыхаць свежай прахалодай у спякотны летні дзень. Але магілёўскія эколагі ад грамадскасці звяртаюць увагу, што не ўсё так добра, як здаецца на першы погляд. Рэчка цяжка хварэе, і калі не заняцца яе аздараўленнем сёння, заўтра можа быць позна.
Актывісты заклікаюць магіляўчан не быць абыякавымі да прыроды.У чым праблема?
На лісце фармату А4 падрабязны дыягназ стану ракі. Магіляўчанін Леанід Платоненка звяртае ўвагу на тое, што ў выніку дзейнасці чалавека былі парушаны яе натуральны гідралагічны і гідрахімічны баланс.
Няўзброеным вокам відаць, што нават у спякотныя дні бетонныя апоры ўздоўж ракі мокнуць і пакрываюцца зелянінай, звяртаюць увагу актывісты. Гэта прамое сведчанне таго, што падчас будаўніцтва былі заблакіраваныя натуральныя крыніцы, якія падсілкоўвалі рэчку. А вось колькасць неачышчаных прамысловых стокаў, адзначаюць яны, толькі павялічваецца. Не на карысць рацэ ідзе і суседства з шматпавярховікамі, будаўніцтва якіх у непасрэднай блізкасці ад зоны адпачынку апошнім часам вельмі актывізавалася. Выказваюцца асцярогі, што тыя інжынерныя сеткі, якія будаваліся раней, не вытрымаюць дадатковай нагрузкі, і аднойчы адбудзецца экалагічная катастрофа. Гэта толькі некаторыя з сігналаў, якія выказвае аўтар у сваім лісце.
Леанід Платоненка паказвае адкрытыя небяспечныя калодзежы ў Пячэрскім лесе.У адказе на яго за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Пархамовіча ідзе спасылка на шэраг гарадскіх службаў, якія ажыццяўляюць кантроль за гэтым аб’ектам. Напрыклад, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі дае справаздачу, што парушэнняў санітарных нормаў і правілаў пры эксплуатацыі ракі Дубравенкі не выяўлена, што водны аб’ект не выкарыстоўваецца для пітных і гаспадарча-бытавых патрэб і не належыць да зон рэкрэацыі, дзе купанне не прадугледжана. Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Магілёве, у сваю чаргу, паведамляе, што скіды сцёкавых вод і дажджавых у Дубравенку ажыццяўляюць — «Гарводаканал» і «Дарожна-маставое прадпрыемства». Паведамляецца таксама, што прадпрыемствам устаноўлены нарматывы дапушчальных скідаў хімічных і іншых рэчываў у складзе сцёкавых вод. Гэты працэс адсочвае Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Фактаў перавышэння дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў на выпуску ў раку за мінулы год і тры месяцы гэтага ён не ўстанавіў. Не было іх выяўлена і падчас абследаванняў ракі ў раёне пасёлка Пашкава сёлета ў сакавіку.
Што датычыцца будаўніцтва жылых дамоў вакол Дубравенкі, то, як паведамляецца ў афіцыйным лісце, гэтае пытанне было разгледжана яшчэ на этапе праектавання горадабудаўнічых праектаў агульнага і дэталёвага планавання. «Забудова тэрыторыі ўздоўж ракі Дубравенка прадугледжана рашэннямі горадабудаўнічага праекта агульнага планавання «Генеральны план Магілёва (карэкціроўка)», зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 красавіка 2017 года № 128 і горадабудаўнічым праектам «Дэталёвы план цэнтральнай часткі Магілёва з праектам рэгенерацыі гістарычнай зоны. Карэкціроўка» ад 17 студзеня 2017 года, які зацвердзіў сваім рашэннем № 3-5 Магілёўскі гарвыканкам. Адзначаецца таксама, што дэталёвы план прадугледжвае будаўніцтва ў раёне ракі Дубравенкі трох шматкватэрных дамоў, адзін з якіх будзе з падземнай аўтастаянкай, а другі з убудаваным гаражом-стаянкай. Са спасылкай на «Гарводаканал» гаворыцца, што падключэнне вышэйазначаных аб’ектаў будзе ажыццяўляцца ў калектар дыяметрам, які ўжо існуе, 500 мм. Удакладняецца таксама, што на калектарах дыяметрам 350 і 500 мм, размешчаных у раёне дома № 32 па вуліцы Левая Дубравенка, за апошнія дзесяць гадоў аварый не было.
Зона адпачынку на Дубравенцы — любімае месца магіляўчан і турыстаў.Падарожжа ўздоўж ракі
Заяўнікі лічаць адказ, мякка кажучы, адпіскай, нежаданнем прыслухоўвацца да голасу народа. Каб разабрацца ў праблеме, рушым глядзець праблемныя месцы разам з Леанідам Платоненкам і Уладзімірам Рамашковым, які раней працаваў праекціроўшчыкам «Магілёўграмадзянпраекце», а з’яўляецца спецыялістам па водазабеспячэнні і каналізацыі аднаго з прыватных магілёўскіх прадпрыемстваў. Экскурсія пачынаецца зусім не ў цэнтры, дзе мы бачым глянцавы стан ракі, а з аднаго з яе прытокаў — Прысненскага ручая ў Казіміраўцы. Гэта той самы раён, дзе некалькі разоў за апошнія гады ў сезон вялікай вады і дажджоў вельмі моцна падтоплівала жылыя дамы, а ў падвалах, як кажуць месцічы, вада стаіць амаль круглы год. Мае гіды запэўніваюць, што гэта адбываецца ад ігнаравання ручая. Ён амаль цалкам цячэ пад зямлёй, але яго вельмі насычаюць тутэйшыя каналізацыйныя сцёкі, якія цякуць па паверхні ў межах яго рэчышча гэтага ручая. Пахі тут, мякка кажучы, моташлівыя… А зусім побач прыватныя жылыя дамы. Ёсць надзея, што хутка ўсё зменіцца, бо паблізу будуецца каналізацыйна-помпавая станцыя. Смярдзючы ручай знікае ў каналізацыйнай трубе пад дарогай. За дарогай таксама вядзецца будаўніцтва. Мэта — зрабіць адвод сцёкавых вод за межы Мінскай шашы. А гэта той самы напрамак, дзе знаходзіцца Пячэрскае вадасховішча, у складзе якога цячэ і рака Дубравенка. Мае суразмоўцы звяртаюць увагу на тое, што гэтыя работы павінны праводзіцца пад наглядам грамадскасці. Бо на шляху будаўніцтва знаходзяцца Пячэрскі лес і Пячэрскае вадасховішча.
Леанід Платоненка: падземным крыніцам, у адрозненне ад сцёкаў, цяжка трапіць у Дубравенку.— Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь мог бы тут нам вельмі дапамагчы, — кажа Уладзімір Рамашкоў. — Ёсць такое паняцце — рэкрэацыйная зона адпачынку. У кодэксе агаворваецца, што сцёкавых вод бліжэй чым за кіламетр там быць не павінна. Але чамусьці ў нас рэкрэацыйнай зонай адпачынку з’яўляецца не ўсё Пячэрскае возера, а толькі пляж. І гэта няправільна. Бо пляж — гэта толькі частка возера, прычым вельмі папулярнага ў магіляўчан. Тое ж самае і з Пячэрскім лесапаркам. Чамусьці ў паркавую зону трапляе толькі кавалак гэтага цудоўнага лесу. Між тым за некалькі гадоў непадалёк ад яго ўзнік густанаселены жылы мікрараён «Спадарожнік». Чаму б побач з лесам, на месцы былога гадавальніка «Магілёўзелянбуда» не стварыць парк?
У гэтым выпадку і падыходы да карыстання тэрыторыяй былі б іншыя.
Сцёкі, якімі сілкуецца Пячэрскае вадасховішча.— Мы жадаем, каб будаўніцтва інжынерных сетак па Прысненскім ручаі, які праходзіць праз Пячэрскі лес і ўпадае ў Дубравенку, праходзіла разам з добраўпарадкаваннем гэтай тэрыторыі. Калі гэта не зрабіць зараз, на добраўпарадкаванне тэрыторыі можна будзе забыцца. Тут павінны быць веласцяжынкі, пешаходная зона, а не стыхійнае развіццё на мяжы акультурвання і банальнага беспарадку, якія мы бачым, — звяртае ўвагу Леанід Платоненка.
— Каб абараніць Дубравенку ад забруджвання, яшчэ з часоў Савецкага Саюза быў зроблены каскад з трох азёр у раёне Пашкава, — адзначае Уладзімір Рамашкоў. — Нешта падобнае магчыма зрабіць і з боку Прысненскага ручая. Тут жа ўсё ўзаемазвязана. Наогул Дубравенку трэба пачаць ратаваць на ўчастку ад Пашкаўскіх азёр да Казіміраўскага лесу, пры гэтым не высякаць лес, а, наадварот, развіваць зялёны пояс вакол Магілёва.
Мы ідзём па Пячэрскім лесе ўздоўж Прысненскага ручая, які ўжо не здаецца ручаём, а нагадвае невялічкую рэчку. А вунь і Пячэрскае вадасховішча, з якога ў раёне пляжа выцякае Дубравенка. Потым пятляем па жылой забудове мікрараёна Мір-2 і зноў выходзім на нейкі забалочаны ручай у раёне Карабанаўкі. Гэта зноў шматпакутная Дубравенка. Якая ж яна тут чыстая, як сляза! Яшчэ адзін марш-кідок праз чыгунку — і мы амаль у цэнтры горада. Збоку засталася паля старога моста — таго самага, які разбурыла падчас патопу вясной 1942 года раз’юшаная Дубравенка. На сваім шляху яна змыла ўсё, што было пабудавана, разам з людзьмі. Ахвяры былі страшэнныя. Зараз Дубравенка падобная на бездапаможнае дзіця, уся такая лагодная і ўразлівая. Але ад таго, як да яе паставяцца, залежыць будучыня не толькі гэтай воднай артэрыі, але і самога горада. Застанецца яна яго ўпрыгажэннем або знікне пад зямлёй, ужо залежыць ад нас.
Прысненскі ручай сілкуецца сцёкамі.Падстава для роздуму
Падчас працы над матэрыялам у інтэрнэце на вочы трапіў цікавы дакумент Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя — ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) рэспубліканскага прадпрыемства «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» за мінулы год. Там гаворыцца, што аналіз інжынерных сетак і збудаванняў жылога раёна Казіміраўка паказаў, што сістэма дажджавой каналізацыі аказвае істотны ўплыў на экалагічны стан ракі Дубровенка і яе прытока — ручая Прысненскі ў межах горада Магілёва. Адзначаецца значны знос сетак, нізкая прапускная здольнасць, недастатковая развітасць сістэмы дажджавой каналізацыі. Таксама дакумент сцвярджае, што, у адрозненне ад іншых абласных цэнтраў Рэспублікі Беларусь, для Магілёва характэрна значная колькасць выпускаў калектараў дажджавой каналізацыі ў малыя вадасцёкі без ачысткі, а таксама наяўнасць значнай колькасці прыватнай жылой забудовы ў басейнах малых вадасцёкаў, у тым ліку ў басейне ракі Дубравенка.
* * *
Праблема невялікай магілёўскай ракі для гараджан настолькі актуальная, што з ёй яны звярнуліся да кіраўніка краіны падчас правядзення акцыі «Задай пытанне Прэзідэнту». Ці будуць прынятыя меры па «лячэнні» Дубравенкі? «Звязда» будзе сачыць за развіццём падзей.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Фота аўтара, zviazda.by