Воданапорная вежа – гідратэхнічнае збудаванне, дзякуючы якому ствараецца запасны аб’ём вады ў перыяд найменшага яе спажывання і транспарціроўка па сетках водазабеспячэння пад неабходным ціскам, калі водаспажыванне павялічваецца.
Падобныя канструкцыі ўжываліся для падачы вады ў сеткі водаправода даўно. Воданапорныя вежы доўгі час былі важным элементам гарадской інфраструктуры. З іх дапамогай стабілізуюць ціск у вадаправоднай сеткі, яны служаць рэзервуарамі для вады, пагэтаму ў многіх краінах яны выкарыстоўваюцца дагэтуль.
Воданапорная вежа складаецца з бака (рэзервуара) для вады, звычайна цыліндрычнай формы, і апорнай канструкцыі (ствала). Рэгулюючая роля воданапорнай вежы заключаецца ў тым, што ў гадзіны памяншэння водаспажывання лішак вады, які падаецца помпавай станцыяй, назапашваецца ў воданапорнай вежы і выдаткоўваецца з яе ў гадзіны павялічанага водаспажывання.
Вышыня воданапорнай вежы (адлегласць ад паверхні зямлі да нізу бака) звычайна не перавышае 25 м, у рэдкіх выпадках – 30 м; ёмістасць бака – ад некалькіх дзясяткаў кубічных метраў (для малых водаправодаў) да некалькіх тысяч кубічных метраў (у вялікіх гарадскіх і прамысловых водаправодах). Апорныя канструкцыі выконваюцца ў асноўным з сталі, жалезабетону, часам з цэглы, бакі – пераважна з жалезабетону і сталі. Воданапорныя вежы абсталёўваюць трубамі для падачы і адводу вады, пераліўнымі прыладамі для прадухілення перапаўнення бака, а таксама сістэмай вымярэння ўзроўню вады з тэлеперадачай сігналаў у дыспетчарскі пункт.
У шэрагу краін Еўропы воданапорныя вежы сёння лічацца славутасцямі: многія гарады знакамітыя менавіта гэтымі будынкамі. Вежы гарманічна ўпісваюцца ў гарадскі ландшафт, а іх архітэктура падкрэслівае індывідуальнасць лакальных камунальных службаў.
Падобныя канструкцыя не абмінулі тэрыторыю Беларусі і Магілёўшчыну ў прыватнасці. Актыўна яны пачалі будавацца яшчэ ў XIX стагоддзі, калі пачалі пракладаць водапровад у беларускіх гарадах. Часта водаправодныя каструкцыі будавалі каля чыгуначных шляхоў, бо для іх абслугоўвання патрабавалася вялікая колькасць вады. Напрыклад, візітнай карткай горада Асіповічы з’яўляецца комплекс будынкаў чыгуначнай станцыі канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Захаваўся сам будынак вакзала, воданапорная вежа, а таксама службовыя і адміністрацыйныя корпусы. Гэта традыцыя працягвалася таксама і ў савецкі час.
Воданапорная вежа ў Крычаве, што горда ўзвышаецца за міні-рынкам ля чыгуначнага вакзалу, адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Гэта збудаванне нароўні з акуратным будынкам крычаўскага вакзала годна сустракае гасцей горада, якія выходзяць з прыбываючых цягнікоў на перон станцыі Крычаў-1. Візуальная дамінанта, урачыста пазірае сваімі вокнамі на людскі натоўп ля вакзала.
Падобная сітуацыя ў Чавусах, дзе мясцовая воданапорная вежа з’яўляецца дамінантам сярод іншай архітэктуры і пры гэтым гарманічна ўпісваецца ў палатно гарадской прасторы. На чыгуначнай станцыі Пагодзіна (г.зн. Горкі) таксама каларытна выглядае ваданапорная вежа. Прычым яна не толькі не псуе выгляду, але і гарманічна аздабляе вакольную тэрыторыю сваім прыгожым выглядам. Вядома, што будавалі ў шмат якіх гарадах воданапорныя вежы ўжо ў савецкі час. Гэта тлумачыцца тым, што менавіта ў пасляваенны час пачалі масава праводзіць па гарадах водаправод, пагэтаму і спатрэбілася будаваць воданапорныя вежы. Больш за тое, як правіла, каля чыгункі ўзнікалі новыя раёны гарадоў, якім таксама патрэбна была вада.
На сённяшні час шэраг воданапорных вежаў перастаў выконваць свае функцыі, бо іх замяніў звычайны гарадскі водаправод. Пры гэтым некаторыя паспяхова функцыянююць да сённяшняга часу, аднак нямала і зносіцца. Напрыклад, воданапорная вежа з белай цэглы, з выкладзеным арнаментам зверху, знаходзілася ў цэнтры Горак. У старой вежы спачатку планавалася зрабіць кафэ-рэстаран “Седьмое небо”, аднак праект не быў рэалізаваны і да правядзення рэспубліканскіх “Дажынак-2012” яе вырашылі знесці. Ад вежы застаўся ўспамін у выглядзе некалькіх відэа знішчэння воданапорнай канструкцыі на youtube – https://www.youtube.com/watch?v=MxYGij6a9x0, дзе тысячы праглядаў… У гэтым жа годзе ўзарвалі воданапорную вежу ў Магілёве па вуліцы Крупскай. Будынак 1967 года шмат год не выкарыстоўвася і пры гэтым знаходзіўся амаль ў самым цэнтры горада. Узімку 2021 года гэтаксама адбыўся знос вежы з белай цэглы ў Слаўгарадзе. І зноўку адзіная памяць пра гэту вежу – відэа на youtube (https://www.youtube.com/watch?v=0qI_M3hLYdg), якое набрала больш за дзве тысячы праглядаў.
Наогул воданапорныя вежы былі вельмі ўдалым рашэннем і цалкам адпавядала патрэбам часу. Яны маюць масу плюсаў і дагэтуль выкарыстоўваюцца ў тых раёнах, дзе неабходна забяспечыць перадачу вады па трубах пры мінімальным ўкладанні сродкаў. Аднак зараз іх актыўна выцясняюць сучасныя помпавыя сістэмы. Тым больш, што абсталяванне для падачы вады пастаянна становіцца больш танным. Адпаведна і патрэба ў ваданапорных вежах знікае. Аднак ці варта так бяздумна зносіць такія дастаткова арыгінальныя архітэктурныя канстукцыі?
Воданапорныя вежы вельмі лёгка «прыстасоўваюцца» ва ўмоваў новага часу. Старыя будынкі праходзяць рэканструкцыю і ператвараюцца ў офісы ці крамы. А яшчэ лепш – у музеі, бо многія з такіх збудаванняў маюць багатую гісторыю. Верагодна, з часам людзі цалкам адмовяцца ад ідэі выкарыстання воданапорных канструкцый і ўстане іншая праблема: куды падзець збудаванне. Магчыма, з’явяцца экзатычныя хостелы з панарамным выглядам з апошняга паверха, новыя музейныя экспазіцыі. Ёсць і іншая тэндэнцыя: такія збудаванні выкупляюць і пераабсталююць пад жылыя дамы.
Больш за тое, старую воданапорную вежу, што згубіла сваю функцыянальнасць, можна скарыстоўваць як культурны аб’ект. Гэта можа стацца пляцоўкай для прагляду з вышыні гарадскіх краявідаў… Чаму не, балазе, ў нас іх хапае. Ці стаць нечым кшталту музея-млына з падрабязным апісаннем ўсёй функцыянальнасці дадзенага аб’екта. Хіба не цікава даведацца пра вежу, з якой часта сутыкаешся, аднак слаба ведаеш, навошта яна наогул была пабудавана. Да прыкладу, такі архітэктурны аб’ект, што знаходзіцца на тэрыторыі былога маслазавода ў Крычаве, быў б добрай пляцоўкай для агляду краявідаў р. Сож.
Наогул на Магілёўшчыне можна знайсці даволі шмат вежаў, якія не выкарыстоўваюцца ці толькі часткова выконваюць сваю функцыю. Некаторыя выглядаюць прыгожа, іншыя досыць проста і сціпла. З аднаго боку гэта “хлопотное дельце”, а з другога архітэктурнае багацце з якім варта працаваць. Магчыма некаторым вежам варта надаваць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо яны маюць антыкварны выгляд. Часта воданапорныя вежы проста знаходзяцца на балансе водаканала, ніяк не выкарыстоўваюцца і чакаюць у будучыні свой незайздросны лёс. Пры гэтым нават у Беларусі ёсць пазітыўныя прыклады выкарыстання воданапорных вежаў. У Гомелі ў 2014 годзе ў архітэктурнай канструкцыі адкрылася месца баўлення часу пад назвай «Башня». Аднак адным з лепшых прыкладаў выкарыстання воданапорнай вежы знаходзіцца ў Полацку, дзе адкрылі музей. Установа культуры была адкрыта ў 2006 годзе ў памяшканні былой воданапорнай вежы, пабудаванай у 1953 годзе. Музей з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея запаведніка.
Алесь Крыжэвіч