У кастрычніку кіраўніца тэатра Палаца культуры вобласці Ала Кускова і сам народны тэатр адзначаюць свае юбілейныя даты. З гэтай нагоды 31 кастрычніка народны тэатр прадставіць паэтычны спектакль “Сярод светаў, у мігаценні свяцілаў”.
Рэдакцыя канала віншуе калектыў тэатра, рэжысёра і яго кіраўніка Алу Кускову з юбілейнымі датамі.
Народны тэатр Палаца культуры вобласці быў створаны ў 1996 годзе і ў бягучым годзе святкуе сваё 25-годдзе з дня заснавання. У 2002 годзе тэатру было прысвоена найменне “народны аматарскі калектыў”. Рэпертуар тэатра – сучасныя творы, а таксама руская і беларуская класіка. У калектыве з энтузіязмам займаюцца ўдзельнікі ва ўзросце ад 10 да 56 гадоў.
Да свайго юбілею тэатральны калектыў падрыхтаваў новую пастаноўку “Сярод светаў, у мігаценні свяцілаў”. Спектакль прысвечаны сярэбранаму веку – часу на працягу якога актыўна развівалася руская паэзія, а таксама паэтам, якія сталі сімваламі сярэбранага веку. Акцёры тэатра “сыграюць” вершы вядомых і забытых паэтаў пачатку ХХ стагоддзя.
Народны тэатр палаца культуры вобласці вядомы сваімі адметнымі пастаноўкамі. Калектыў – лаўрэат і дыпламант рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх фестываляў і конкурсаў: творчы конкурс фестываль “Жар-Цвет” (г. Магілёў), V Міжнародны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечары” (г/п Краснаполле), абласны конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” (г. Магілёў).
Летась, калектыў заваяваў гран-пры на міжнародным online-конкурсе #Дзеці Света BeVictory. Гран-пры фестывалю ў намінацыі “Тэатр” калектыву ўручылі за спектакль-гульню для дзяцей па п’есе расійскага драматурга Рагіма Мусаева “Мяў, гаў і чык-чырык”.
Спектакль “Сярод светаў, у мігаценні свяцілаў” будзе прадстаўлены 31 кастрычніка ў малой зале ДК вобласці. Пачатак а 16-й гадзіне.
Алесь Верасень