Сёння адзначаецца Дзень Волі. 102 гады таму, раніцай 25 сакавіка ў 1918 годзе, ва ўмовах нямецкай акупацыі ў Менску была сімвалічна абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Калі б не было БНР, не было б і БССР. І магло не быць незалежнай Беларусі.
У Беларусі на афіцыйным узроўні Дзень Волі не адзначаецца. Затое незалежная грамадскасць традыцыйна ладзіла свае святкаванні. Але сёлета ці не ўпершыню за 30 гадоў, а на эміграцыі за 70 мерапрыемствы адмененыя. З-за пагрозы каранавіруса.
Таму мяркуецца іх праводзіць у анлайн-фармаце.
А 18-й гадзіне прапануецца далучыцца да анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з дапамогай тэлефонаў, камп’ютараў і тэлевізараў. Трансляцыя пачнецца а 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацыяльных сетках праекта.
Як самастойна адсвяткаваць Дзень Волі? Ёсць парачка ідэй ад арганізатараў:
- размясціць нацыянальныя сімвалы Беларусі на сваім балконе, у аўто, акне кватэры ці двары дома,
- павіншаваць з Днём Волі сяброў, родных і знаёмых у сацыяльных сетках, на працы ці ў навучальнай установе,
- увечары 25 сакавіка а 21:00 запусціць святочны феерверк
- арганізаваць самастойнае адзначэнне Дня Волі ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі (а анлайн-трансляцыя дадасць вашаму святкаванню адчуванне сувязі з усімі беларусамі, якія падтрымаюць гэты план, абяцаюць арганізатары).
А 20-й гадзіне Лявон Вольскі дасць анлайн-канцэрт
Крыніца: “Наша ніва”