На сённяшні момант насельніцтва Магілёўскай вобласці складае 1 млн. 52 тысячы чалавек. Па колькасці насельніцтва вобласць займае перадапошняе месца ў рэспубліцы, нязначна апяраджаючы Гродзенскую вобласць.
Магілёўская вобласць з’яўляецца найбольш урбанізаванай у Беларусі: доля гарадскога насельніцтва складае 80,4%. Тым не менш ужо даўно ў многіх гарадах Магілёўшчыны ідзе скарачэнне насельніцтва, а менавіта адток працаздольных людзей, пераважна маладога ўзросту. Прычыны ўнутранай міграцыі відавочны: 1) моцны недахоп працоўных месцаў у гарадах; 2) нізкія зарплаты ў рэгіёнах і адсутнасць перспектыў; 3) адсутнасць месцаў правядзення вольнага часу; 4) абыякавае/насцярожанае стаўленне мясцовых уладаў да ініцыятыў мясцовай грамадзянскай супольнасці. Вылучыць можна яшчэ шэраг прычынаў, аднак галоўнымі з’яўляюцца адсутнасць працоўных месцаў і нізкія зарплаты ў рэгіёнах. Невыпадкова абласны цэнтр Магілёў нават у час эканамічнага спаду, які назіраўся апошнія гады, станавіўся з кожным годам большым па колькасці насельніцтва. Натуральна, нямала людзей у пошуках лепшай долі з’ехалі ў сталічны Мінск. Частка людзей наогул з’ехала з Беларусі ў Расію ці Польшчу, а некаторыя нават у ЗША ці Канаду, каб мець магчымасць знайсці годную працу і атрымоўваць добры заробак.
Скарачэнне насельніцтва ў гарадах і мястэчках адбываецца па-рознаму: недзе яно памяншаецца нязначна, а ў некаторых паселішчах дастаткова істотна і пагрозліва. Тэндэнцыя змяншэння насельніцтва ахапіла большую частку раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у мястэчку Краснаполле ў 1995 годзе насельніцтва складала 6,1 тысяч чалавек, а ў 2006 годзе падрасло яшчэ на 100 чалавек. Аднак на 2017 год насельніцтва складала 5,7 тысяч чалавек, а цяжкае энакамічнае становішча раёна з кожным годам спрыяе далейшаму скарачэнню жыхароў у гэтым паўднёва-ўсходнім раёне Магілёўскай вобласці. Нельга забываць, што Краснапольскі раён быў моцна забруджаны падчас Чарнобыльскай катастрофы і траціна сельскіх паселішчаў была выселена ў розныя мясцовасці Беларусі.
У старадаўнім горадзе Мсціславе ў 1990-х гг. было больш за 12 тысяч гарадскога насельніцтва, а вось на сённяшні дзень гараджанаў толькі 10,3 тысяч чалавек. І гэта нягледзячы на тое, што апошнія гады старадаўняя спадчына горада пакрысе аднаўлялася, а Мсціслаў прэзентаваўся як горад з агромністым турыстычным патэнцыялам на ўсходзе Беларусі. Прычым менавіта Мсціслаў быў абраны пілотным горадам сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы “Урбаністычныя стратэгіі гістарычных гарадоў, арыентаваныя на супольнасці” (COMUS) для распрацоўкі і рэалізацыі інтэграцыйнай гарадской палітыкі і праектаў па рэабілітацыі спадчыны. І ўсё гэта натуральным чынам грунтавалася на прыярытэтных прынцыпах праграмы “Усходняе партнёрства”, у якую была ўключана Рэспубліка Беларусь. Аднак усё гэта мала дапамагло ў развіцці горада і раёна, бо створаных на дзяржаўным узроўні ўмоваў для актыўнага турызма не створана. Пагэтаму аб’ектыўна Мсціслаў на сённяшні дзень невялічкі горад, які з’яўляецца правінцыяй, дзе патыхае застоем з цьмянай перспектывай на будучыню.
Імклівей скараецца насельніцтва ў Быхаве і Асіповічах. Цяжка паверыць, што ў 1989 годзе насельніцтва Быхава было 20 тысяч чалавек, бо сёння крыху болей за 17 тысяч. Відавочна, што галоўнай прычынай памяншэння жыхароў Быхава з’яўляюцца сумнеўныя перспектывы развіцця горада. У буйным чыгуначным вузле горадзе Асіповічы сітуацыя вельмі падобная. У 1991 годзе насельніцтва горада складала 34,6 тыс. чалавек, што не сказаш пра цяперашні час, бо сёння колькасць жыхароў горада крыху менш за 30 тысяч. І гэта нягледзячы на тое, што ў горадзе ёсць нямала розных прадпрыемстваў і нават Асіповіцкая ГЭС.
Асабліва значныя змены ў колькасці гарадскога насельніцтва адбываюцца ў Крычаве. У 1991 годзе насельніцтва горада складала 32,6 тысяч чалавек. У 2017 годзе колькасць гараджанаў скарацілася на 6 тысяч і было крыху болей за 26 тысяч, а ў 2020 годзе насельніцтва Крычава складала 24, 5 тысяч чалавек. Калі параўноўваць колькасць жыхароў горада ў розны час, то нават у 1972 годзе насельніцтва Крычава было большым – 26,5 тыс. чал. Улічваючы песімістычныя прагнозы ў развіцці мясцовай прамысловасці, актыўным скарачэнні працоўных месцаў і сумны сарказм саміх крычаўлянаў, то насельніцтва горада будзе працягваць памяншацца. Прычым паказчык колькасці жыхароў горада трэба будзе ўжо параўноўваць з 1959 годам, калі ў Крычаве жыло 19 тысяч чалавек.
Такім чынам, скарачэнне насельніцтва раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці заканамерная тэндэнцыя правальнай палітыкі развіцця рэгіёнаў Магілёўшчыны на раённым і абласным узроўні. Пры захаванні існуючых тэндэнцый колькасць насельніцтва некаторых гарадоў скароціцца ў паўтары ці нават два разы, што натуральным чынам адаб’ецца на агульным сацыяльным, эканамічным і культурным узроўні Рэспублікі Беларусь.
Алесь Крыжэвіч