24 чэрвеня ў шклоўскую калёнію № 17, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, прыяжджала камісія Міністэрства юстыцыі.
Прадстаўнікі камісіі сярод іншага пагутарылі са зьняволенымі і далі ім запоўніць анкеты.
«Скаргаў ад асуджаных не паступала», — сказана ў справаздачы камісіі, апублікаванай на сайце Міністэрства юстыцыі.
Кіраўніцтву калёніі параілі ўдзяляць большую ўвагу
- працы псыхолягаў з асуджанымі,
- фармаваньню законапаслухмяных паводзінаў,
- умацаваньню сацыяльна карысных сувязяў,
- мінімізацыі ўчыненьня імі паўторных злачынстваў,
- зацікаўленасьці ў атрыманьні адукацыі.
Палітвязень Вітольд Ашурак памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой.
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам БНФ, каардынатарам руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову.
Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.
Крыніца: Радыё Свабода