Галоўная » Слаўгарад: Знішчэнне старадаўняга будынка замест вяртання аўтэнтычнай назвы

Слаўгарад: Знішчэнне старадаўняга будынка замест вяртання аўтэнтычнай назвы

Сёлета невялікаму гораду Слаўгараду спаўняецца 885 год. Між іншым паселішча на сем гадоў старэйшае за Маскву, якое адзначае ў гэтым годзе юбілейную дату. Натуральна, што старадаўняя назва горада не Слаўгарад, а Прапойск. Менавіта пад такім найменнем гарадское паселішча ўпершыню фігуруе ў 1136 годзе ў гістарычных крыніцах. У гэты юбілейны год варта было б нарэшце вярнуцца да аўтэнтычнай гістарычнай назвы гарадскога паселішча і з гонарам прэзентаваць унікальнае найменне.

Тапонім «Прапойск» мае тыповы рачны суфікс -ск і паходзіць ад ракі Проня, у вусці якой і ўзнікла паселішча. У гістарычных крыніцах горад таксама згадваецца пад назвамі Прупой і Пропошеск. Назву Прапойск можна расшыфраваць як “горад пры ўпадзенні р. Проня (у гістарычных крыніцах Пропасць, Пропань) у р. Сож. Пагэтаму відавочна, што найменне горада адлюстроўвае геаграфічныя асаблівасці. Больш за тое, вусце ракі Проні пры ўпадзенні ў Сож стварае моцны вір, які ў мясцовым дыялекце называўся прапой. З гэтага вынікае, што назва горада пайшла ад наймення рэчкі Проня і ніякага іншага прачытання наймення не можа быць.

Пасля сканчэння т.зв. Вялікай Айчыннай вайны, у 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню (324-й дывізіі), якое вызначылася ў баях за Прапойск. Савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат, бо яна нагадвае рускае слова «пропойца» (дарэчы, такога слова ў беларускай мове няма). З гэтай прычыны горад перайменавалі ў Слаўгарад. Такая назва не з’яўляецца нечым унікальным і не адлюстроўвае гісторыка-геаграфічных асаблівасцей старадаўняга гораду.

Напачатку 2021 года памёр Фелікс Шкірманкоў — беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, які з’яўляецца для горада ўнікальнай асобай. Ён быў ветэранам Другой сусветнай вайны, чатыры разы паранены. Яго жыццёвы шлях надзвычай цікавы, пакручасны, поўны розных падзей. Спадар Шкірманкоў з’яўляўся кавалерам ордэна Чырвонага Сцяга, а таксама ўзнагароджаны медалём 100-годдзя БНР. Натуральна, што памяць пра такога чалавека мусіць жыць і перадавацца новым пакаленням не толькі ў Прапойску, але і ва ўсёй Беларусі. У Прапойску аўтара больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў можна ўшанаваць па-рознаму: надаць яго імя нейкай вуліцы, змяніўшы такім чынам які-небудзь савецкі урбонім, што не звязаны з горадам. Імя Шкірманкова можна таксама надаць бібліятэцы, бо Фелікс Уладзіміравіч быў вельмі творчым чалавекам, пісаў вершы, апавяданні, аповесці. Больш за тое, Фелікс Уладзіміравіч з’яўляецца аўтарам словаў гімну Слаўгарадскага раёна.

Аднак юбілейны год пачынаецца з непрыемных падзей, якіх не мусіць адбываецца ў старым горадзе Прапойску. Пару тыдняў таму ў Слаўгарадзе ў старадаўнім парку знеслі дом пачатку XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу. Хоць мясцовыя жыхары добра ведалі, што ён вельмі стары. Пра яго згадваў аўтар кнігі «Садова-паркавае мастацтва Беларусі» 1989 года выдання Анатоль Федарук, які пісаў: «тут, з супрацьлеглага боку палаца, быў пабудаваны яшчэ адзін сядзібны дом. Пабудовы злучаў падвесны мост, перакінуты цераз роў (па яго дне цяпер праходзіць дарога да прычала на рацэ Сож)». Двухпавярховікам карыстаўся князь Аляксандр Галіцын, які атрымаў гэтае мястэчка ў падарунак ад Кацярыны Вялікай за свае ратныя подзвігі.

У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час тут знаходзіліся кабінеты райспажыўкааперацыі. Ужо даўно ў будынку нічога не знаходзілася, выглядаў ён закінутым. Тым не менш для Прапойска гэта быў унікальны аб’ект, уключаны ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ—XІX стагоддзяў каля паштовых дарог». Тым больш будынак быў неад’емнай часткай садова паркавага комплексу канца XVІІІ стагоддзя. У музейных супрацоўнікаў і працаўнікоў культуры гораду была ідэя зрабіць з яго так званы Дом муз і перамясціць сюды раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў. Аднак цяпер яна ніколі не будзе рэалізавана….

Вельмі шкада, што не ўсе жыхары старадаўняга Прапошаску шануюць сваю гістарычную спадчыну і ўнікальныя асаблівасці горада. Хацелася б верыць, што далейшыя крокі мясцовых кіраўнікоў у юбілейны год будуць больш пазітыўныя Вельмі б хацелася каб старадаўні Прапойск вярнуў сваю аўтэнтычную назву, а жыхары Прапойшчыны больш пільна сачылі за захаваннем гістарычных аб’ектаў свайго краю.

Фота з сайта zviazda.by

Хведар Прылёпаўскі