Таймыр – самая паўночная мацярыковая частка сушы Еўразіі з самым паўночным мысам Чалюскін.
120 года таму, у кастрычніку 1901 г., на мыс Чалюскін высадзіўся Аляксей Андрэевіч Бялыніцкі-Біруля (у складзе Першай палярнай рускай экспедыцыі на шхуне “Зара” па пошуках Зямлі Саннікава на чале з Э.Толем, 1900-1903; у экспедыцыі гідрографам працаваў А. Калчак) з мэтай зрабіць упершыню ў навуцы падрабязнае апісанне прыроды. Вучоны сабраў багатую калекцыю раслін і жывёл, адкрыў невядомыя віды марскіх жывёл.
Гістарычная даведка. А.А. Бялыніцкі-Біруля (1864, Бабіна, Аршанскі р-н-1937), зоагеограф, палярны даследчык (экспедыцыі на Салаўкі, Шпіцберген, Поўнач Еўразіі), даследчык фауны усходняй часткі Беларусі, першы даследчык экалогіі палярнай ружовай чайкі (загадкі ХIХ ст.), доктар біялагічных навук, сябра геаграфічнага таварыства, член-карэспандэнт АН СССР, стваральнік і загадчык кафедры зоагеографіі Ленінградскага ўніверсітэта.
Імём А.А. Бялыніцкага-Біруля названы заліў, гара, рака, пасёлок на Таймыры.
Акрамя таго, на Таймыры і прылеглых частках Арктыкі нямала і іншых аб’ектаў, якія носяць імёны беларусаў.
У гонар паплечніка Бялыніцкага па палярнай экспедыцыі, геолага, вязьня Петрапаўлаўскай крэпасці і Варшаўскай цытадэлі (1894-1896) Канстанціна Адамавіча Валасовіча (1869, Случчына-1919, Харкаў) названы востраў архіпелага Паўночная Зямля, мыс востава Бальшавік.
У гонар Вількіцкага Андрэя Іпалітавіча (1858, Докшыцкі р-н-1913), палярнага даследчыка, генерала корпуса гідрографаў, начальніка Галоўнага Гідраграфічнага ўпраўлення (1907-1913) і яго сына Вількіцкага Барыса (1885-1961), першаадкрывальніка Паўночнай Зямлі, адмірала названа 9 аб’ектаў Арктыкі: праліў паміж Тамырам і Паўночнай Зямлёй, заліў у Баранцавым моры, два мысы і ледавік на астравах Новая Зямля, чатыры вострава (у Енісейскім заліве, сярод астравоў Дэ-Лонга, у Заліве Тэрэзы Клавенэс, у архіпелагу Нордэншэльда). Апроч таго, ёсць бульвар Вількіцкіх на Васільеўскім востраве Санкт-Пецярбурга.
Імем акадэміка Ота Юльевіча Шміта (1891, Магілёў-1956) у разглядаемым раёне названы востраў у архіпелагу Новая Зямля, паўвостраў на Новай Зямлі (Паўночны востраў) – гэта толькі два аб’екты з 24 геаграфічных аб’ектаў у яго гонар ў свеце.
Але самае першае апісанне Таймыра зрабіў у 1736 г. выхадзец з Беларусі Васіль Васільевіч Пранчышчаў (1702 – 1736) пад час Вялікай Паўночнай экспедыцыі. На думку гісторыка В.П. Грыцкевіча, прозвішча даследчыка паходзіцць ад назвы ракі Проні.