Контрразведка Украіны затрымала грамадзяніна Беларусі, які праводзіў «разведвальную дзейнасць на шкоду дзяржаўнай бяспекі краіны». Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
Як вынікае з паведамлення, грамадзянін Беларусі быў затрыманы на тэрыторыі Валынскай вобласці.
— Устаноўлена, што ён быў завербаваны КДБ РБ і мэтанакіравана быў накіраваны на тэрыторыю нашай дзяржавы для выканання разведвальных задач і арганізацыі іншай супрацьпраўнай дзейнасці, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак СБУ, затрыманы павінен быў збіраць актуальную інфармацыі аб сітуацыі ў памежжы Украіны, стане абароненасці яе мяжы, парадак аховы, тэхнічнае абсталяванне і колькасць асабовага складу, а таксама збіраць кампрамат на памежнікаў і мытнікаў. З гэтай мэтай беларус спрабаваў вербаваць украінскіх вайскоўцаў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі.
Ад агента таксама патрабавалася арганізаваць каналы перапраўкі праз мяжу ў Беларусь зброі і тавараў падвойнага прызначэння, сцвярджаюць у СБУ.
– Атрыманыя контрзаведкай СБУ звесткі сведчаць аб тым, што гэтая дзейнасць сярод іншага мела на мэце арганізацыю правакацый і стварэння інфармармацыйных падстаў для абвінавачванняў Украіны ў нібыта пастаўках зброі для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Грамадзяніну Беларусі абвешчана аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1. арт. 114 (шпіянаж) Крымінальнага кодэкса Украіны.
Працягваюцца следча-аператыўныя дзеянні.
На апублікаваным СБУ відэа, мужчына з размытым тварам і змененым голасам распавядае, як пазнаёміўся з прадстаўніком беларускіх спецслужбаў і якія просьбы атрымліваў ад яго.
Крыніца: nn.by