Радкі з вясёлай дзіцячай песенкі кампазітара Шаінскага на словы Энціна пра вучня-двоечніка, які ўсё спрабаваў то з панядзелка, то з новай чвэрці, то з новага навучальнага года ўзяцца за розум, але з-за гультайства ў яго гэта так і не атрымалася, вельмі нагадваюць паводзіны чынавенства Магілёўшчыны нашых часоў.
“Магілёўскі рэгіён” ужо ўздымаў неаднаразова на сваіх старонках праблемныя пытанні развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы вобласці, распавядаў сваім чытачам аб спробах магілёўскага чынавенства схаваць свае хібы праз распрацоўку шырокага спектра разнастайных праграмных дакументаў, якія так і застаюцца не выкананымі.
Праваліўшы амаль усе планавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці за мінулую 5-годку (2016-2020 гады), кіраўніцтва вобласці, раёнаў з самага пачатку бягучага, 2021 года вырашыла, як і ў мінулыя гады, арганізаваць вучобу для сябе і для сваіх падначаленых.
У такім выпадку хацелась бы толькі пахваліць такія памкненні кіраўнікоў і спецыялістаў розных рангаў і ўзросту, а таксама іх выкладчыкаў за гатоўнасць данесці да слухачоў свае прафесійныя веды, бо навучанне на працягу ўсяго жыцця — залог поспеху не толькі асобнага грамадзяніна, а праз яго — і поспех у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Што больш ведаюць чыноўнікі ў эканоміцы, у арганізацыі вытворчасці прадукцыі прадпрыемстваў рознай скіраванасці, у сацыяльнай сферы, то і людзі, якімі яны кіруюць, будуць лепей і эфектыўней працаваць і, як вынік, лепей жыць.
Ды штосьці не тое адбываецца з вучобай магілёўскага чынавенства. Кожны год яны вучацца, вучацца, але эканоміка вобласці падае, сацыяльная сфера пагаршаецца, узровень жыцця насельніцтва не ўзрастае.
І прычыны тут могуць быць дзве; альбо вучні гультаяватыя, альбо выкладчыкі не тыя.
Хто ж і чаму навучае чыноўнікаў Магілёўскай вобласці?
Адным з такіх выкладчыкаў-шматстаночнікаў, які гатовы чытаць лекцыі на любую тэматыку, стаўся старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк. У адным горадзе, як, да прыкладу, у Краснаполлі, або іншых райцэнтрах ён вучыў працаваць кіраўніцтва раёнаў, а 16 студзеня ў Шклоўскім раённым доме культуры ўжо навучаў ідэалагічны актыў псіхалагічным аспектам ідэалагічнай працы для ўзмацнення патрыятызма сярод моладзі. І сапраўды – шматстаночнік; ведае як кароў даіць, як бульбу садзіць, з’яўляецца доктарам гістарычных навук, археолагам, ды яшчэ і псіхолаг.
З высноваў, што прычыны ўсіх недахопаў у сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці крыюцца ў наяўнасці нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга на тэрыторыі краіны з прысутнымі, з яго словаў, нацызмам і экстрэмізмам, Ігар Аляксандравіч яшчэ прэтэндуе на ступень доктара магіі і чарадзейства.
З больш шырокім маштабам стартавала 18 студзеня бягучага года на базе спартыўна-аздараўленчага цэнтра “Рудэя” навучанне для старшынь гар- райвыканкамаў Магілёўскай вобласці ў прысутнасці старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца.
У цэнтр ўвагі семінара вынесены пытанні аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў вобласці напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу, сучасныя медыятэхналогіі і іх уплыў на грамадства, развіццё сістэмы аховы здароўя і сітуацыя па COVID-19, а таксама шэраг іншых пытанняў.
Нават пытанне аб сітуацыі з COVID-19 на Магілёўшчыне вынесена ў цэнтр увагі, за што так і хочацца падзякваць усіх удзельнікаў за клопат аб народзе.
Але, стоп.
Пабачыўшы фотарэпартаж з дадзенага семінара, адразу кідаецца ўвочы разыходжанне словаў і справаў як кіраўніцтва вобласці, так і кіраўнікоў гар-, райвыканкамаў. Усе яны, за рэдкім выключэннем, з’яўляюцца парушальнікамі заканадаўства і сваіх жа рашэнняў. Бо яшчэ з 5 лістапада 2020 года рашэннямі Магілёўскага гарвыканкама і Чавускага райвыканкама на тэрыторыях гэтых адміністрацыйных адзінак уведзены абавязковы масачны рэжым.
Зноўку ўзнікае пытанне – для каго, альбо для чаго магілёўскія чыноўнікі пішуць і прымаюць усялякія рашэнні, калі самі ж іх не збіраюцца выконваць ?
А што, калі раптам сярод удзельнікаў семінара акажацца хтосьці разносчыкам каранавіруса і заразіць усіх астатніх ?
Ёсць пагроза, што праз два тыдні з-за хваробы Магілёўшчына застанецца цалкам без кіруючай абласной і рённых вертыкаляў.
А можа і не будзе горш, як не змянілася нічога ўжо больш чым на працягу года ў адсутнасць старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. З чаго бюджэту вобласці ёсць, нават, карысць – не трэба выплачваць штомесячны аклад.
Ну што ж, пажывём – пабачым.
Рыгор Кастусёў