Галоўная » Сны аб Беларусі. Пасля пяці прэзідэнтаў мы маглі б выбіраць шостага

Сны аб Беларусі. Пасля пяці прэзідэнтаў мы маглі б выбіраць шостага

Сон сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі вельмі моцны. Раз на пяць гадоў ён прачынаецца і перапалохана пытаецца “А хто, калі не ён?!..”. А потым ставіць “птушачку” у бюлетэні – там, дзе яму паказалі, і зноў засынае да наступных выбараў.

 Аднак у тых людзей, хто хоць мінімальна цікавіўся навейшай гісторыяй сваёй краіны, такіх дзіўных пытанняў не ўзнікае. Прэзідэнтамі маглі – і павінны былі стаць – адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі, якія ніяк не блыталі Васіля Быкава з Францыскам Скарынам.

 

Віктар Ганчар – першы ў спісе прэзідэнтаў. Вось што пра яго распавядаюць самыя даступныя і адкрытыя інфармацыйныя крыніцы: кандыдат юрыдычных навук,  дацэнт кафедры права Інстытута народнай гаспадаркі, пазней – начальнік аддзела Дзяржэканомплана БССР. У 1995 – 1996 генеральны сакратар Эканамічнага суда СНД.

Дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ён апынуўся ў цэнтры канфлікту, калі ўвосень 1996 года А. Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, галоўнай мэтай якога была змена Канстытуцыі. В. Ганчар заявіў, што з прычыны парушэння закону выканаўчай уладай Цэнтравыбаркам не прызнае вынікі рэферэндуму. 14 лістапада Лукашэнка сваім указам зняў Ганчара з пасады – на што не меў права паводле Канстытуцыі.

Супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта фізічна выштурхнулі Ганчара з памяшкання ЦВК, нягледзячы на пратэсты Старшыні Вярхоўнага Савета і Генеральнага пракурора. Замест Віктара Ганчара кабінет старшыні ЦВК заняла Лідзія Ярмошына.

Віктар Ганчар

Ганчар не прызнаў вынікаў рэферэндуму 1996 года, сышоў у прыватную юрыдычную практыку, займаўся падрыхтоўкай сходу дэпутатаў Вярхоўнага Савета, імпічменту А. Лукашэнкі.

Віктар Ганчар знік у Мінску 16 верасня 1999 года разам з бізнесменам Анатолем Красоўскім. На меркаваным месцы знікнення (вул. Фабрычная) былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля А. Красоўскага і кроў зніклых.

Паводле сведчанняў колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны.

 

Юрый Захаранка. Былы Міністр унутраных спраў РБ (1994 – 1995). Ініцыятар стварэння грамадскай арганізацыі “Саюза афіцэраў”. Таксама як і Ганчар, спадар Захаранка бясследна знік. Дата – 7 траўня 1999 года.

Юрый Захаранка

У снежні 2019 года буйнейшаму нямецкаму інфармацыйнаму каналу “Deutsche Welle” даў інтэрв’ю Юрый Гараўскі, які прадставіўся байцом беларускага спецназа і распавёў, што ён таемна лечыцца ў Еўропе пасля замаху на яго жыццё ў выглядзе падробленай аўтакатастрофы на тэрыторыі Беларусі. Гараўскі распавёў, што менавіта ён удзельнічаў у спецаперацыі па выкраданні Захаранкі, потым суправаджэнні да месца растрэлу. Далей цела, па словах Гараўскага, ноччу было завезена ў крэматорый.

 

Генадзь Карпенка быў дырэктарам Маладэчанскага заводу парашковай мэталургіі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэхналогіі матэрыялаў. Зрабіў 50 вынаходніцтваў, укаранёных у 15 краінах. Членам-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй. Дэпутат Вярхоўнага Савету РБ. Мэр горада Маладэчна. Заснавальнік музычнага фестывалю “Маладэчна” (першы адбыўся ў 1993 годзе).

Генадзь Карпенка (на здымку ў цэнтры) быў вялікім і сапраўдным аматарам футболу. У 1993 годзе атрымаў ганаровае званне “Чалавек года” па версіі аўтарытэтных спартовых выданняў Беларусі.

 У 1996 годзе Карпенка, тагачасны намеснік старшыні Вярхоўнага савету 13 склікання, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзідэнта Лукашэнкі. У 1998 годзе ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэннем легітымнага тэрміну кіравання Лукашэнкі. Карыстаўся вялізным аўтарытэтам і сярод палітыкаў, і сярод кіраўнікоў вытворчасці Беларусі.

7 красавіка 1999 года Карпенка раптоўна памёр пры дзіўных абставінах. Праз месяц пасля яго смерці  бясследна знік адзін з яго найбліжэйшых паплечнікаў Юры Захаранка, яшчэ праз паўгода другі – Віктар Ганчар.

 

Міхаіл Марыніч. Скончыў тры вышэйшых установы. Кандыдат эканамічных навук. Дэпутат Вярхоўнага Савета РБ з 1990 года. З 1994 года працаваў у дыпламатычным корпусе, у розныя часы быў амбасадарам Чэхіі, Славакіі і Венгрыіі, пазней амбасадарам Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Удзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі 2001 года. Набраў неабходную колькасць галасоў, але не быў зарэгістраваны (трэба памятаць, хто на той момант ужо займаў месца Ганчара ў якасці старшыні ЦВК).

У 2004 годзе арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў узмоцненага рэжыму па фіктыўнай справе завалодання аргтэхнікай (перададзенай для Марыніча амбасадай ЗША, якая ніякіх прэтэнзій да гэтай тэхнікі не мела). Утрымліваўся ў турме ў найгоршых умовах, у 2005 перажыў інсульт. Каб падтрымаць каханага чалавека, 33-гадовая Таццяна Баранава доўга дабівалася ў праўладных структур магчымасці афіцыйна зарэгістраваць адносіны з Міхаілам Марынічам. Шлюб адбыўся ў Аршанскай калоніі №8 у сакавіку 2007.

Міхаіл Марыніч пасля турмы з жанчынай, якую ён здолеў зрабіць шчаслівай

 Ад першага шлюбу Міхаіл Марыніч меў двое сыноў і трое ўнукаў. У другім шлюбе нарадзіўся сын.

У 2010 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Марыніча ахвярай палітычных рэпрэсіяў. Міхаіл Марыніч памёр у 2014 годзе.

 

Аляксандр Казулін. Да ўдзелу у перадвыбарнай  кампаніі ў 2006 годзе быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэту. Акадэмік, ганаровы прафесар  Маскоўскага дзяржаўнага універсітэту і віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, старшыня таварыства “Беларусь – Аўстрыя”.

Аляксандр Казулін

Падчас перадвыбарнай кампаніі свае подпісы на карысць Казуліна перадалі кандыдаты Сяргей Скрабец (101 618 подпісаў) і генерал Фралоў (100 тысяч подпісаў). Скрабец выказаўся пра Казуліна: “Найбольш годная кандыдатура на пост прэзідэнта, сапраўдны альтэрнатыўны кандыдат…, добры кіраўнік і навуковец, які сябе паказаў з найлепшага боку…”

Кіраўніком выбарчага штаба ў Казуліна быў Мечыслаў Грыб (Старшыня Вярхоўнага Савета РБ у 1994 – 1996 годах, генерал-лейтэнант міліцыі, заслужаны юрыст РБ, да ліпеня 1994 года ў адпаведнасці з Канстытуцыяй з’яўляўся кіраўніком дзяржавы).

Аляксандр Казулін быў збіты спецслужбамі, а пасля кампаніі атрымаў пяць з паловай гадоў турмы нібыта за арганізацыю беспарадкаў. У час знаходжання Казуліна за кратамі памёрла яго жонка Ірына. Засталіся дзве дачкі.

У 2015 годзе Віктару Казуліну прапанавалі зноў балатавацца ў кандыдаты, але ён адмовіўся і прызваў усіх кандыдатаў байкатаваць “выбары, якіх няма”.

 

Андрэй Саннікаў. Унук рэжысёра Канстанціна Саннікава, народнага артыста БССР, лаўрэата двух дзяржаўных прэмій СССР.

Андрэй Саннікаў мае пажыццёвае званне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла РБ, што з’яўляецца найвышэйшым дыпламатычным рангам дзяржавы.

У 1989 годзе скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве. Акрамя роднай беларускай, свабодна валодае рускай, англійскай і французскай мовай. У 1982 – 1987 гадах працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН. У 1992 – 1995 годзе ўзначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні з правам подпісу ад імя краіны. У 1993 – 1995 гадах працаваў саветнікам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. У 1995 –1996 гадах намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

Быў кандыдатам у прэзідэнты ў кампаніі 2010 года. Незаконна рэпрэсаваны адразу пасля выбараў. У 2018 камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаны яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выражэння меркаванняў і на мірныя зборы.

Жанаты, мае двух сыноў. Жонка – вядомая беларуская журналістка, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, таксама незаконна асуджаная за ўдзел у падзеях 2010 года.

Андрэй Саннікаў

У кароткім артыкуле няма магчымасці напісаць пра дзясяткі іншых выбітных людзей. Не падлягае сумнёву і не абмяркоўваецца, што былі і ёсць аўтарытэтныя, сумленныя, адукаваныя беларусы, якія маглі б ажыццяўляць годнае кіраванне дзяржавай і прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні.

А вяртаючыся да нашага “шорт-ліста” з шасці прэзідэнтаў,  уявіце сабе, – якія цудоўныя ўспаміны мог бы напісаць кожны з гэтых людзей – кандыдатаў і дактароў навук, вынаходнікаў і дыпламатаў, выкладчыкаў самага вышэйшага гатунку. Кожны з гэтых людзей не стаў бы вучыць сваіх дзяцей, як хлусіць свайму народу.

Зразумела, хтосьці з іхных апанентаў мог бы таксама напісаць папяровыя тамы. Але, магчыма  толькі – крымінальных справаў. Дзе падзяліўся б досьведам, як на пасадзе кіраўніка сельскагаспадарчай установы збіваць калгаснікаў, ды пазбегнуць турмы законт набыцця статуса дэпутата Вярхоўнага Савета. Як у перадвыбарнай кампаніі арганізаваць дрэннае “кіно” з фіктыўным абстрэлам кандыдацкага аўтамабіля на віцебшчыне (дарэчы, генерал-лейтэнант Мечыслаў Грыб, які ўзгадваўся ў нашым артыкуле, пасля балістычнай экспертызы аўтарытэтна абгрунтаваў, што гэта была фальсіфікацыя). Як зрабіць так, каб кандыдаты ў прэзідэнты знікалі, былі атручаныя, забітыя, скалечаныя. І як пасля гэтага бессаромна выходзіць на трыбуну перад сваёй прыкормленай світай.

І пакуль што – замест шасці высокаадукаваных прэзідэнтаў, якія з павагай ганарова перадавалі б ўладу і кіраўніцтва краінай з рук у рукі на працягу больш чым чвэрці стагоддзя, мы маем нейкага “кандыдата”, які гатовы перастраляць усю “сваю любімую беларусь” за тое, што яна столькі часу не з ім.

Шчыра сказаць, усё падобна на нейкі дурны сон.

С. Вецер