Галоўная » Спектакль, як жыццё, і жыццё, як паляванне

Спектакль, як жыццё, і жыццё, як паляванне

17 чэрвеня, пасля «карантынных» вакацый Магілёўскі тэатр драмы адкрыў новы сезон чарговай прэм’ерай. Гэтым разам падобная ганаровая магчымасць паказаць нешта новае была даверана новаму і маладому, але ўжо вядомаму ў Магілёве рэжысёру – Камілі Хусаінавай.
Пастаноўка пад назвай «Ахвота жыць» («Охота жить» у рускамоўным варыянце) атрымалася досыць незвычайная – рэжысёр абраў не асобную п’есу ці твор для ўвасаблення, а зрабіў кампіляцыю з некалькіх невялікіх апавяданняў. У выніку атрымаўся вялікі адна актавы спектакль (“сказы ў адной дзее”), усе падзеі ў якім аб’яднаныя вельмі агульнай і актуальнай ва ўсе часы тэмай – тэмай жыцця. За аснову пастаноўкі Каміля ўзяла творы знакавага і, у нейкім сэнсе, вельмі глыбокага і складанага аўтара – Васіля Шукшына.

Нашае жыццё – спектакль, і кожны нясе свой крыж…
Жыццё – як бясконцая бяседа…
Жыццё можна разглядаць і як паляванне – нехта палюе на іншых, а хтосьці – на сябе…

Героі Шукшына, якіх мы бачым на сцэне – простыя і няхітрыя вясковыя людзі, трохі наіўныя, але з адкрытымі сэрцамі. Усе яны шукаюць нейкую адвечную мудрасць, імкнуцца разгадаць невымоўную таямніцу быцця. І кожны з іх самотны ў гэтай бязмежжы Сусвету, і кожны – гэта цэлы сусвет. Пастаноўка доўжыцца, як і само чалавечае жыццё – без антракту і, на першы погляд, занадта доўга. Але, як і само жыццё, спектакль зацягвае, паглынае гледача неспазнанай праўдзівасцю і шчырасцю, калі ў любым з актораў кожны можа пазнаць сябе, усвядоміць, што ўсе мы такія ж акторы ў бясконцай пастаноўцы нейкага вышэйшага творцы, і, як і любы спектакль, гэтая пастаноўка можа скончыцца вельмі нечакана…

У жыцці ўсяму ёсць месца – і танцам
… і спрэчкам,
… і расстанням

Варта дадаць, што спектакль атрымаўся вельмі гарманічным ва ўсіх сэнсах – і спалучэннем розных тэмаў і характараў, узятых з асобных апавяданняў, і вельмі прадуманымі дэкарацыямі, і нават троху незвычайнай, але вельмі дарэчнай канцоўкай. Нават у самой назве спектаклю можна пабачыць філасофскую, у нечым, дылему жыцця – спалучэнне словаў “охота жить” гучыць і як сцвярджэнне, што “жыць ахвота”, і, у той жа час, узнікаюць думкі пра “паляванне” на жыццё, ці ў жыцці… І калі напачатку пастаноўка камусьці можа падасца зацягнутай – яна доўжыцца амаль дзве гадзіны, але ж нейкім чынам час пралятае вельмі хутка і “паляванне” урэшце сканчаецца, але жыццё працягваецца, нават за заслонай.

Але калі на сцэне з’яўляецца стрэльба (а мы ж памятаем пра паляванне)…
… яна рана ці позна стрэліць, хоць і не заўсёды туды, куды мы цэлім
Але жыццё працягваецца – маладыя панясуць свае крыжы далей…
Спектакль скончаны, але заўтра будзе новы спектакль, жыццё не завяршаецца нават за заслонай…

У пастаноўцы выкарыстаныя апавяданні Васіля Шукшына: “Сельскія жыхары”, “Космас, нервовая сістэма і Шмат сала”, “Адны”, “Думы”, “У профіль і анфас”, “Гора”, “Сураз”, “Веру”.
У спектаклі занятыя: народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец, акторы Вадзім Арціменя, Яўгенія Белацаркоўская, Ірына Дунчанка, Павел Зароўскі, Кацярына Кондалева, Андрэй Корзан, Анжаліка Барчан, Алена Крыванос, Юлія Ладзік, Галіна Лабанок, Уладзімір Пятровіч, Аляксандр Палішчук, Мікалай Раманоўскі, Даніла Самкнулаў, Галіна Угначова, Аляксей Цыбін, Ягор Шабетнік.

Каміля Хусаінава

Яшчэ колькі словаў узгадаем пра рэжысёрку Камілю Хусаінаву. Яна толькі ў лістападзе 2019 года залічана ў трупу тэатру як рэжысёр-пастаноўшчык, але яшчэ да гэтага паставіла тут некалькі спектакляў. У рамках Майстэрні маладой рэжысуры форуму «М.@rt.кантакт» разам з магілёўскімі акцёрамі Каміля падрыхтавала эскіз спектакля «Жоўты пясочак» па матывах апавядання Васіля Быкава, які вырас у спектакль і быў прадстаўлены ў праграме гэтага Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму і Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа »(г. Брэст, Беларусь). У 2019 годзе Каміля Хусаінава разам з Генадзем Трасцянецкім паставіла спектакль «Тры прыгажуні». У ліпені таго ж года яна паставіла на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра драму «Любоўныя лісты» па п’есе Альберта Гурнея, з удзелам артыстаў Галіны Угначовай і Васіля Галеца. У студзені 2020 г. на малой сцэне тэатра Каміля прадставіла прэм’еру спектакля «Лілічка» паводле твораў Уладзіміра Маякоўскага і Лілі Брык, з удзелам артыстаў Наталлі Калакуставай, Андрэя Корзана і Вадзіма Арцімені.
У наступным сезоне Каміля будзе працаваць над пастаноўкай спектакля «Гамлет, прынц дацкі» па п’есе Уільяма Шэкспіра.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара