16 мая споўнілася 100 год з часу нараджэння Мельнікава Міхаіла Фёдаравіча – заснавальніка і першага дырэктара Крычаўскага краязнаўчага музея, аднаго з самых вядомых людзей на Магілёўшчыне, глыбокага знаўцу і нястомнага прапагандыста гісторыі краю.
Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў зрабіў шмат для роднага горада і сваіх землякоў, прысвяціўшы значную частку жыццё карпатлівай рабоце па даследванню гісторыі своёй малой радзімы. Ідэя стварэння краязнаўчага музея ў Крычаве належыць менавіта Міхаілу Мельнікаву, які пражыў нялёгкае, але цікавае жыццё. Гэта быў чалавек незвычайнага лёсу. На яго жыццёвым шляху сустракалася шмат цяжкіх сітуацый, аднак дзякуючы трываласці, цягавітасці, непамернай сілы волі, энергіі, рашучасці і самаарвярнасці ён змог вытрымаць, перамагчы шмат цяжкасцяў і дасягнуць мэты – стварыць у родным горадзе музей.
Нарадзіўся Міхаіл Мельнікаў 16 мая 1921 г. у Крычаве. Яго бацька працаваў будаўніком, шмат ездзіў па раёне і часта браў сына з сабою. Маці амаль усё жыццё працавала ў калгасе. З маленства Мельнікаў цікавіўся легендамі і гісторыяй і марыў пра стварэнне краязнаўчага музея ў родным горадзе.
Скончыўшы ў 1939 г. 9 класаў, Міхаіл з’ехаў у Абхазію, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе г. Гудаута. У верасні 1940 г. быў прызваны ў армію – у горнакавалерыйскі полк Закаўказскай ваеннай акругі. Як чалавека з закончанай сярэдняй адукацыяй М. Мельнікава прызначылі сакратаром камісара, і ён пачаў друкавацца ў акруговай газеце “Баец РККА”. Маладому чырвонаармейцу прапанавалі інфармаваць аб справах і размовах, што вядуцца ў кабінеце камісара, аднак ён катэгарычна адмовіўся. У выніку гэтага канфлікту ў верасні 1940 г. ваенны трыбунал прыгаварыў М. Мельнікава за непадпарадкаванне камандзіру да пяці гадоў зняволення ў лагер Варкуты.
У час вайны Мельнікаў неаднойчы прасіўся на фронт, аднак ўвесь час яму адмаўлялі, не бралі нават у штрафны батальён. Летам 1942 г. Мельнікаў вырашыў здзейсніць пабег. Дайшоў да межаў прыпалярнага Урала, але ж яго дагнала лагерная ахова. За пабег Мельнікаў атрымоўвае яшчэ 8 год і пераходзіць у катэгорыю “палітычных”. Сябрамі і настаўнікамі ў лагеры ў Міхаіла Фёдаравіча сталі: прафесар МДУ імя Ламаносава А. П. Някрасаў, які чытаў яму лекцыі па гісторыі мастацтва, а прафесар І. М. Гронскі – па гісторыі і літаратуры. З беларускай літаратурай у пашыраным аб’ёме Мельнікава знаёміў мінскі педагог Мікалай Іода. Тэорыю вершаскладання і практыку літаратурнага рэдагавання яму выкладаў славуты кінадраматург Аляксей Каплер. Калі Мельнікаў на шахте пашкодзіў пазваночнік і атрымаў інваліднасць, то менавіта Аляксей Каплер дапамог часова уладкаваць яго ў культурна-выхаваўчую. Частку. Там малады зняволены пачаў пісаць сцэнары і складаць вершы.
Увосень 1950 г. М. Мельнікаў вяртаецца ў Крычаў, прабыўшы больш за 10 год у турмах і лагерах Варткуты. Дзякуючы ўпартай і карпатлівай працы Міхаіла Фёдаравіча, мы ведаем шмат фактаў па гісторыі Крычаўшчыны: аб подзвігу Мікалая Сірацініна, аб удзельніках падпольнай групы на тэрыторыі Крычаўскага лагера ваеннапалонных, вязьню лагера Штудгоф Валянціне Свадковаўскай і іншыя факты. Архівы і бібліятэкі сталі для яго працоўным месцам на доўгія гады. Крок за крокам, працуючы ў архівах Масквы, Ленінграда, Мінска, Магілёва, Пермі, Пяцігорска і ў іншых месцах, ён збіраў па кроплях гісторыю края. Для яго была вялікая радасць знайсці цікавы матэрыял. Увесь свой вольны час ён прысвячаў збіранню матэрыялаў па гісторыі Крычаўшчыны і яе выдатных ураджэнцах для Крычаўскага краязнаўчага музея, стваральнікам і дырэктарам якога ён быў у 1961–1982 гг. (з 1982 г. – навуковы супрацоўнік). Міхаіл Федаравіч вельмі сур’ёзна адносіўся да краязнаўчых пошукаў. Дзясяткі соцен лістоў, які былі пасланыя ў розныя куточкі Савецкага Саюза і за мяжу. Горы прачытаных кніг, часопісаў і газет – такі быў шлях краязнаўцы да новых адкрыццяў.
З вялікімі цяжкасцямі страваўся і сам музей. Аднак Мельнікаў змог арганізаваць вакол сябе актыў пошукавікоў. Сярод актывістаў з’явіліся людзі, якія літаральна “гарэлі” ідэяй стварыць музей. Восенню Актыўная праца Міхаіла Мельнікава ўрэшце рэшт прывяла да лагічнага выніку – стварэнне краязнаўчага музея ў Крычаве. Рашэннем № 1078 Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта дэпутатаў працоўных музей заснаваны 30 снежня 1959 года на базе матэрыялаў, якія былі сабраны краязнаўцам М. Ф. Мельнікавым. Са зборам матэрыяла для будучаго музея Мельнікаву дапамагалі не только родныя, аднак і суседзі, жыхары вакольных дамоў і вуліц, вёсак. Часам нават з іншых гарадоў ці абласцей перадавалі каштоўныя матэрыялы. Да прыкладу, аднойчы трапіўся Мельнікаву вялічэзны звон, які быў адліты на Крычаўскім медна-ліцейным заводзе ў 1748 годзе для царквы Параскевы Пятніцы. У гады, калі змагаліся з рэлігіяй, царкву закрылі, а звон звезлі ў Чэрыкаў. Пасля вайны ён вісеў на тамтэйшай пажарнай каланчы, пасля яго скінулі, хацелі здаць на метал, аднак нехта з мясцовых даведаўшыся аб дзіваку, які за свае грошы набывае ўсялякую старадаўнюю старызну, патэлефанаваў Мельнікаву. Міхаіл Фёдаравіч нядоўга думаў, аддаўшы апошнія зберажэнні, каб наняць машыну, выкупіць звон і прывезці яго ў Крычаў. У далейшым Міхаіл Фёдаравіч згуртаваў вялікі алектыў пастаяннных актывістаў не толькі ў сваім раёне, аднак і ў шэрагу абласцей і рэспублік былога СССР.
Шмат гадоў Мельнікаў збіраў матэрыялы пра розныя гістарычныя падзеі краю. Гэта падзеі станаўлення савецкай улады на Крычаўшчыне, падзеях т.зв. Вялікай Айчыннай вайны, падзеі Крычаўскага паўстання, развіццё прамысловасці (не толькі сучаснасці, але і XVIII- пачатку XX стст.). Увесь гэты час Міхаіл Федаравіч ашчадна захоўваў дакументы, экспанаты і вёў бесперапынную пошукавую працу. Але на жыццё патрэбны былі грошы, пагэтаму Мельнікаў пісаў шмат артыкулаў у газеты і часопісы. У 1960 годзе яго прынялі ў члены Саюза журналістаў СССР. Акрамя таго Мельнікаў працаваў вясковым бібліятэкарам, дырэктарам раённага Дома культуры, літработнікам у рэдакцыі райгазеты “Праўда”.
Міхаіл Фёдаравіч вельмі шмат пісаў, ім былі апублікаваны больш за 1500 артыкулаў у розных газетах і часопісах. Ён аўтар кніг “З сям’і сакалінай” (1973), “Атакуючае юнацтва” (1980), “Ішоў край над шляхам стагоддзяў” (1987), адзін з аўтараў “Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі” (1968). Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Барацьба і творчасць” (1967) і “Песню вялі на расстрэл” (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, беларускіх герояў Вялікай айчыннай вайны ў зборніках “У рэдакцыю не вярнуўся…” (1964), “Мы не забылі вас, хлопцы” (1968), “Пабрацімы Матросава” (1984). За плённую працу ў 1979 г. М. Ф. Мельнікаву было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік культуры БССР”.
У горадзе Крычаве каля 30 вуліц носіць імёны герояў, якіх ён адшукаў, ёсць такія вуліцы і ў Магілёве, Мінску, Арле, Пярмі, Керчы, на Разаншчыне, у Чэрыкаве, Клімавічах. Адна з вуліц Крычава носіць імя М. Ф. Мельнікава, а на былым будынку Крычаўскага краязнаўчага музея калісьці размяшчалася мемарыяльная дошка ў яго гонар. Цяпер яе няма, а музейныя калекцыі пераехалі ў помнік архітэктуры XVIII ст. – палац Пацёмкіна-Галынскіх. На вялікі жаль, сёлета ўшанавання юбілейнай даты нараджэння вядомага краязнаўцы так і не адбылося на раённым узроўні. Гэтаксама не праводзілася ніякіх мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя выбітнай асобы Крычаўшчыны. Адзіным матэрыялам, які нагадваў пра Міхаіла Фёдаравіча стаўся артыкул у мясцовай раёнцы “Кричевская жизнь» яго дачкі Марозавай Наталлі Міхайлаўны за 15 мая. У новай Беларусі гэта імя не будзе забыта, а бюст Міхаіла Мельнікава мусіць стаяць на адной з цэнтральных вуліц Крычава.
Алесь Крыжэвіч