Крычаў – горад з багатай гісторыяй, старэйшы на 11 год за Маскву, але так і не стварыў уласнай візітнай карткі.
Так, у горадзе ёсць гістарычныя аб’екты досыць цікавыя, што прыцягваюць нямалую ўвагу, кшталту палаца Пацёмкіна-Галынскіх, аднак адміністрацыя музея (як і кіраўніцтва раённага аддзела культуры наогул) не ведаюць як цікава падаць і прэзентаваць архітэктурную перліну горада. Палац звязваюць з Пацёмкіным і Кацярынай ІІ, практычна забываючы пра мясцовы шляхецкі род Галынскіх, якім адведзена зусім мала ўвагі ў сценах будынка псеўдагатычнага стылю. Не актуалізуюцца і іншыя вехі гісторыі: абарона ўсходніх межаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай ад нападаў Маскоўскай дзяржавы (Крычаў – усходні фарпост), падзеі Крычаўскага паўстання і інш. Наогул зафіксуем досыць прахалоднае стаўленне ў мясцовага чынавенства да мінуўшчыны горада, а часам нават у некаторых працаўнікоў культуры і іншых сфераў. Прыкладаў шмат. Вось хаця б выпадак з руйнаваннем часткі вала старадаўняга гарадзішча “Замкавая гара” па ініцыятыве мясцовага праваслаўнага святара Андрэя Ігнатушкі (быў пакараны штрафам) ці будаўнічыя работы ў цэнтры старадаўняй часткі горада, на тэрыторыі, якая прылягае да Свята-Уваскрасенскай царквы. Па ініцыятыве айца Сергія былі зняты культурныя слаі розных эпох, пры гэтым падчас пачатку правядзення будаўнічых работ ніхто не раіўся з гісторыкамі ці музейшчыкамі. Злачыннае дзеянне, якое засталося без пакарання – знішчэнне рэшткаў старой вінакурні. Цікавы аб’ект прамысловасці, які ўзнік ў канцы XVІІІ ст. можна было адрэстаўраваць, але крычаўскае чынавенства вырашыла не забіваць сабе галаву і проста знішчыла помнік.
Яшчэ адно яскравае сведчанне абыякавасці да культуры на Крычаўшчыне – гэта адсутнасць у горадзе і раёне ўласнага цэнтру рамёстваў. Пры гэтым у суседніх гарадах яны існуюць, а вось у Крычаве вырашылі яго не ствараць. А між іншым у горадзе ёсць славуты народны майстар, які адрадзіў падняпроўскую ляльку – Якавенка Вячаслаў Мікалаевіч. Дарэчы, гэты творчы і ўнікальны чалавек з’яўляецца яшчэ і кіраўніком дзіцячай народнай студыі “Свісцёлка”, выхаванцы якой умеюць рабіць гліняныя цацкі розных формаў і памераў, што выдаюць цікавыя гук. Аднак навошта захоўваць і развіваць старыя традыцыі і рамёствы, калі можна паставіць якую-небудзь гармату ці самаходку, паказаўшы бачнасць патрыятычнага выхавання насельніцтва і “дзейнасці” ў сферы захавання памяці пра апошнюю вайну. Цікава што і памяшканняў для размяшчэння цэнтра рамёстваў дастаткова. Напрыклад, былы будынак краязнаўчага музея дагэтуль зачынены і абсалютна ніяк не выкарыстоўваецца. Для дома/ цэнтра рамёстваў будынак з гісторыяй быў бы выключным месцам, што знаходзіцца ў цэнтры горада, дзе недалёка лакалізуюцца археалагічныя і архітэктурныя помнікі. Аднак гэта толькі мары, рэчаіснасць абсалютна іншая. Таксама не надта цешыць тэндэнцыя апошняга дзесяцігоддзя, а менавіта закрыццё некалькіх сельскіх клубаў і бібліятэк. На сённяшні момант гэтыя культурныя ўстановы вельмі патрэбны ў сельскай мясцовасці, што даюць магчымасць канчаткова не знікнуць паселішчу і падтрымліваюць пэўную актыўнасць насельніцтва, ствараюць надзею на будучыню ў роднай вёсцы.
Трэба канешне не забываць і пра станоўчыя моманты. Напрыклад 14 калектываў ў раёне маюць статус “народны” ці “абразцовы”, аднак ад іх усіх народныя песні (а тым больш народнае выкананне) пачуць можна вельмі рэдка. І разам з тым звычайныя калектывы з Сельскіх дамоў культуры Касцюшкавіч ці Бацьвінаўкі наадварот спяваюць старыя народныя песні з адпаведным стылем выканання. Аднак, на вялікі жаль, месца народнай беларускай песні далека не першае, а хутчэй другаснае. Канешне не можа не радаваць, што ледзь у кожным СДК ці сельскім клубе ёсць музейны куток ці нават цэлая паўнавартасная экспазіцыя, у якіх экспануюцца нямала цікавых прадметаў: элементы народнага касцюма, народная вышыўка і ткацтва (рушнікі, посцілкі і г.д.), вырабы розных рамёстваў. Натуральна, што гэтыя прадметы побыту і традыцыйнай культуры займаюць важнае месца і маюць пэўную каштоўнасць для цяперашніх і будучых пакаленняў жыхароў Крычаўскага раёна. Разам з тым гучных мерапрыестваў, якія б паказвалі асаблівасці пасожскага рэгіёна, яго духоўныя багацці і культурныя каштоўнасці за многія гады практычна не праводзіліся, хаця патэнцыял гораду (яго багатая гісторыя) і людскі рэсурс (маюцца аўтэнтычныя спевакі, добрыя музыкі, вартыя рамеснікі) досыць багаты. Аднак гэта ўсё чакае лепшых часоў, бо ўвесь патэнцыял таленавітых і творчых людзей Крычаўшчыны не быў выкарыстаны нават на 50%.
Яшчэ адно важнае пытанне, якое знаходзіцца на мяжы культуры, гісторыі горада і рэлігійнай сферы – гэта праблема з тутэйшымі жыдоўскімі могілкамі. У Крычаве ёсць унікальныя жыдоўскія могілкі – адны з багацейшых у Беларусі, судзячы па пахаваннях, якія захаваліся. Іх недзе тры сотні, прычым на кожным прысутнічае надмагільны помнік. На могілках ёсць усе тры тыпа пахаванняў: дарэвалюцыйныя, даваенныя і пасляваенныя. Надмагільныя пліты (мацэвы), аздобленыя мудрагелістай вяззю старажытнаяўрэскага алфавіта і традыцыйнай сімволікай, шмат могуць расказаць гісторыкам, этнографам і нават філолагам. Гэта даставерная крыніца практычна зніклага народа – апошняе сведчанне прысутнасці жыдоў у Крычаве. Аднак жыдоўныя могілкі пакрысе знішчаюцца, на іх з’яўляюцца могілкі мясцовага праваслаўнага насельніцтва. Доктар гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце Леанід Смілавіцкі пабыўшы ў 2017 годзе на жыдоўскіх могілках у Крычаве, напісаў крытычны матэрыял і засведчыў абыякавае стаўленне мясцовых органаў улады да ўнікальнага гістарычнага помніка і знішчэнне некропаля крычаўскіх жыдоў. Нават робкія пратэсты нешматлікага жыдоўскага насельніцтва горада ў 2009 і 2013 г. не прывяло да вырашэння праблемы. Звычайна чынавенства робіць адпіскі і адгаворкі, што, маўляў, няма грошай для ўпарадкавання. Магчыма, але яшчэ больш няма жадання нешта рабіць і разумення што ўнікальны некропаль вельмі важны для будучыні горада, яго гісторыі і маладых пакаленняў. Высновы можна зрабіць з гэтай карціны досыць сумныя. Наогул у крычаўскіх чыноўнікаў варта браць мастар-клас па абыякавасці да свайго: яны не толькі не працуюць з гістарычнай спадчынай горада і раёна, але і пакрысе яе знішчаюць.
Алесь Крыжэвіч