Копысь — гарадскі пасёлак у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, прыстань на левым беразе Дняпра. За 35 км ад Оршы, 2 км ад чыгуначнай станцыі Копысь на лініі Орша—Магілёў, аўтадарогамі злучаны з Оршай, і з аўтадарогай Орша—Магілёў. Насельніцтва 847 чал.
Упершыню згадваецца пад 1059 г. у Ніканаўскім летапісе, калі на шляху ў Ноўгарад там памёр епіскап Лука Жыдзята. З 2-й паловы 14 ст. у Віцебскім ваяводстве ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. Належаў князям Астрожскім, Радзівілам. Меў магдэбургскае права. З 1772 г. у складзе Расійскай імперыі, горад, цэнтр павета. У 1781 годзе Копысі дараваны герб. З 1861 г. — пазаштатны горад Горацкага павета. Падчас вайны 1812 года заняты французскімі войскамі. 12.11.1812 г. тут праз Дняпро перапраўлялася расійская армія пад камандаваннем М. І. Кутузава. У 17—19 ст. вядомы вытворчасцю кафлі. На мяжы 18—19 ст. быў цэнтрам хасідызму. У 1924—1930 гг. цэнтр раёна. З 1930 г. у Аршанскім раёне, з 1938 г. гарадскі пасёлак.
Фота: Алесь Грудзіна