Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 12 снежня 2021 года. Пра гэта сам палітык паведаміў у лісце бялыніцкаму журналісту Барысу Вырвічу.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка гэтага года. Пазней стала вядома, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
Лукашэнка абвінаваціў у датычнасці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту. Юрыста Юрыя Зянковіча і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве напярэдадні.
22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юрый Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павел Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар.
У лісце Барысу Вырвічу, які палітык даслаў 13 кастрычніка, Рыгор Кастусёў па-ранейшаму скардзіцца на праблемы са здароўем.
“Праблема – прастата, якая ўсё павялічваецца і пераходзіць у анкалогію, а мо ўжо перайшла. Бо некалькі дзён у перамешку з крывёю была мача…
…Вось такая сітуацыя. Найлепш – гэта была бы аперацыя, але з ёй не атрымалася. Па сэрцу быў збой рытма. Зараз рытм усталяваўся, але малейшая нагрузка дае непрыемныя адчуванні на сэрцы. Доктар СІЗА стараецца, кантралюе сітуацыю, але ж магчымасці ў яго тут невялікія. Робіць, што можа”, – піша Рыгор Андрэевіч.
Нагадаем, што пасля лячэння ў шпіталі летам гэтага года, Кастусёў пазней перанёс яшчэ і захворванне на кавід, наступствы якога адчувае да гэтага часу.
У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. У СІЗА ў Кастусёва ўзялі аналізы і правялі некалькі абследаванняў, але больш ніякіх дзеянняў не рабілі.
Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяцца ўжо даўно. Пад вартай лідар БНФ знаходзіцца больш за паўгода.
Рыгор Кастусёў, нягледзячы на праблемы са здароўем, рупіцца справамі на волі. У сваіх лістах аднапартыйцам і сябрам палітык выказвае меркаванні наконт адбываючыхся ў краіне падзей, цікавіцца сітуацыяй ў рэгіёнах.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу
Іван Барысаў