Галоўная » Старшыня БАЖ: беларускія ўлады перашкадзжаюць працы журналістаў

Старшыня БАЖ: беларускія ўлады перашкадзжаюць працы журналістаў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец бачыць у прысудзе максімальнага адміністрацыйнага арышту аператару тэлеканала “Белсат” Аляксандру Сідарэўскаму працяг тэндэнцыі на перашкоду працы журналістам з боку беларускіх улад.

Дзеянні ўлад накіраваны на тое, каб інфармацыя аб тым, што адбываецца ў Беларусі, не распаўсюджвалася ні ў нашай краіне, ні за яе межамі. Гэта спроба абмежаваць распаўсюд інфармацыі, пракаментаваў “Магілёўскаму рэгіёну” прысуд Сідарэўскаму Андрэй Бастунец.

“Сітуацыю ў краіне ўжо ахарэктарызавалі як прававы дэфолт. Законы не дзейнічаюць. Закон стаў толькі словам ці прыкрыццём. Нажаль, прававых сродкаў, каб змяніць сітуацыю пакуль не хапае. І адзінае, што можа быць тут – гэта салідарнасць, гэта падтрымка адзін аднаго, гэта распаўсюд інфармацыі пра тое, што адбываецца, і, канешне, працягваць рабіць журналістскую справу”, – адзначыў старшыня БАЖ.

Паводле яго, наіўна было б лічыць, што пры ціску ўлады на грамадства, журналісты застануцца па-за межамі гэтага ціску. “Па вялікім рахунку, гэта рэакцыя ўлад на іх паразу – паразу падчас выбараў, паразу пасля выбараў. Гэта спроба закрыць вочы і закрыць рот грамадству”, – заявіў Бастунец, адзначыўшы, што “сёння права нас не абараняе, а сёння мы абараняем права”.

Нагадаем, што сёння суддзя суда Магілёўскага раёна Максім Курпачанка асудзіў на 15 сутак адміністрацыйфнага арышту журналіста-аператара Аляксандра Сідарэўскага па ч.3 арт.23.34 КаАП (неаднараззовы ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі). Аргументы апошняга, што ён прысутнічаў на акцыях у Магілёве 23 жніўня і 6 верасня 2020 года выключна як аператар з мэтай відэафіксацыі мерапрыемства, на суддзю ўражання не зрабілі.

“На журналістаў зараз ідзе максімальны ціск. Іх зачыняюць за іх прафесійную дзейнасць”, – пракаментаваў “Магілёўскаму рэгіёну” рашэнне суда Сідарэўскі.

Аляксандр Сідарэўскі

Ён адзначыў, што для яго даны вердыкт не быў нечаканым, бо ён ужо адседзіў раней трое сутак да суда ў якасці адміністрацыйна затрыманнага. Разам з тым Аляксандр Сідарэўскі намераны абскардзіць рашэнне суддзі Курпачэнкі.

Уладзімір Лапцэвіч