Заява пададзена на імя начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Віктара Нікіфарава. У ёй падрабязна выкладзена, што ж адбылося 23 сакавіка каля 17 гадзіны.
Старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) каля месяца таму быў абраны бабруйчанін Юрась Грынявецкі. У статусе кіраўніка арганізацыі ён звярнуў увагу міліцэйскага начальства на тое, што 23 сакавіка быў узламаны офіс, які адначасова з’яўляецца юрыдычным адрасам магілёўскай гарадской арганізацыі БСДП, а таксама Ленінскай і Кастрычніцкай раённых арганізацыяў.
Пра ўзлом па адрэсе Ленінская, 29-2, офіс 4 стала вядома ад арэндадаўца Анатоля Аношкіна. Замок уваходных дзвярэй быў выразаны, з офісу вынесены невядома куды партыйныя сцяжкі і сцягі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку (партыйны сцяг мае дзяржаўную рэгістрацыю афіцыйнага геральдычнага сімвала, пасведчанне Мінюста №В-607). Па сведчанні арэндадаўцы, пры ўзломе прысутнічалі міліцыянты, але выразалі замок супрацоўнікі МНС.
Пры ўзломе офіса ніхто з сябраў БСДП не прысутнічаў, аб неабходнасці адчыніць офіс нікога не ўведамлялі. У выніку маёмасці Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП (Грамады) нанесеная шкода. Таму кіраўнік абласной партарганізацыі патрабуе правесці праверку па факце ўзлому, прыцягнуць вінаватых да пакрыцця шкоды і вяртання партыйнай маёмасці, а таксама да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Фота: bsdp.org
Аляксандр Весялоўскі